Анджэю Пачобуту забаранілі ўдзельнічаць у акцыі, пра якую ён не ведае
Сам Анджэй Пачобут пра несанкцыянаваную акцыю ў гэты дзень нічога не ведае, афіцэр міліцыі, які ўручаў папярэджанне, таксама не змог патлумачыць, пра якое мерапрыемства вядзецца гаворка.
У Гродзенскай інспекцыі па выкананні пакаранняў Пачобута папярэдзілі, што ў выпадку парушэння забароны яму, як асобе, што адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання, пагражае турма.
Падобнае папярэджанне журналіст атрымліваў напярэдадні гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, а напярэдадні акцыі непрызнанага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі 1 чэрвеня 2012 года, Пачобута прэвентыўна затрымалі.
“Твой стыль” таксама не здолеў высветліць, да якой падзеі магла б быць прымеркаваная акцыя 11 сакавіка.
У гэты дзень у праваслаўных вернікаў пачынаецца Масленіца, у Літве святкуюць Дзень аднаўлення незалежнасці, у Расіі – дзень працаўніка органаў наркакантролю.
11 сакавіка 1811 года ў Натынгеме пачалося паўстанне лудытаў, у 1861 годзе – прынятая канстытуцыя Канфедэрацыі паўднёвых штатаў Амерыкі, у 1917 годзе расейскія войскі пачалі пераход на бок рэвалюцыі, у 1931 годзе ў СССР забаранілі ўвоз і распаўсюд Бібліі.
Здымак http://www.nv-online.info