Калі Сталін памёр, мой бацька ўздыхнуў з палёгкай
Ад зямлянкі, дзе ён жыў (таму што вёска была спалена нямецкімі акупантамі), да зборнага пункту ісці прыйшлося пешшу амаль 20 кіламетраў. Абутак – лапці. Воінскі эшалон прывёз прызыўнікоў у Гродна.
Бацька трапіў у падраздзяленне (яно мясцілася ў будынку, дзе цяпер вайсковая камендатура, у самым цэнтры горада), дзе рыхтавалі артылерыстаў. Ён стаў другім нумарам разліку супрацьтанкавага ружжа. На розных вучэннях гэта досыць цяжкае ружжо прыходзілася цягаць на ўласных плячах удвох.
У траўні 1945 года падрыхтаваных байцоў пагрузілі ў эшалоны – і раптам каманда: “Адбой!”
align=”left” alt=”Камягін” >
Вайна скончылася. Здавалася б, пашанцавала, але бацькаў год прызыву – 1927 – затрымалі, калі ў арміі пачалося масавае звальненне. Ну, раз трэба служыць далей, значыць, трэба.
Камандзіры заўважылі бацькаву дысціплінаванасць, цягу да ваенных навук, вырашылі паспрыяць яму ў ваеннай кар’еры і параілі ўступіць у партыю. Бацька напісаў адпаведную заяву, і тут ледзь не наступіла катастрофа. Пільныя “асабісты” зрабілі праверку і аказалася, што бацька, мала таго, што жыў на акупаванай тэрыторыі, але і яго бацька (мой дзядуля) ў пачатку трыццатых быў рэпрэсаваны органамі АДПУ.
На здымку: Мой бацька са сваімі сваячкамі
Мой дзядуля быў добрым гаспадаром на вёсцы і, калі пачалася калектывізацыя, зразумеў, што да чаго. Не вагаючыся, ён уступіў у калгас. Раптам яму прапанавалі стаць старшынёй гаспадаркі. Ад гэтага ён адмовіўся катэгарычна.
Дзядулю выклікалі ў райцэнтр, чэкіст традыцыйна пагражаў наганам. Не дапамагло, і тады страпціўца на тры гады накіравалі на будаўніцтва аднаго са сталінскіх каналаў. Дзядуля вярнуўся дамоў у 1935 годзе. Тэрор 1937 года не абмінуў бы яго, але годам раней дзядулю забіла маланка, калі ён працаваў летам у полі. Можна сказаць, пашанцавала.
У. Цеслер, С. Войчанка, А. Шалюта, К. Дуцкі, Нержавеющий Сталин, 1988
Вось гэтую гісторыю і раскапалі таварышы з асобага аддзела. Некалькі тыдняў бацька жыў у чаканні арышту, бо, вядома ж, сын рэпрэсаванага спрабаваў пралезці ў партыю і разваліць савецкае войска знутры.
Сябры дапамаглі яму. Бацька звольніўся з арміі і ўладкаваўся ў Юрацішкоўскі райваенкамат. Там на працягу амаль двух гадоў была вакантнай пасада звычайнага супрацоўніка, якую ніхто не хацеў займаць.
Дарэчы, ужо ў нашыя дні я адшукаў у архіве цікавы дакумент, у якім расказвалася пра адно здарэнне, што адбылося 12 лістапада 1945 года. У той дзень у Юрацішкоўскім клубе праходзіла мерапрыемства: спачатку лекцыя аб міжнародным становішчы, а потым – звычайныя танцы.
Прысутнічала шмат ваенных, у тым ліку і супрацоўнікаў усюдыіснага НКДБ. У нейкі момант у клубе з’явіўся старэйшы лейтэнант на моцным падпітку. Хутка паміж ім і адным з чэкістаў успыхнуў канфлікт.
Нядоўга думаючы, вайсковец выхапіў пісталет і адкрыў агонь. Але на яго ўжо наваліліся з усіх бакоў і забралі зброю. Такім чынам старэйшы лейтэнант і вызваліў месца ў ваенкамаце. Зноў у бацькавым лёсе пэўную ролю адыгралі чэкісты.
Д. Сурскі, Т. Гардашнікава Кадры решают все, 1989
Здаецца, небяспека мінула, аднак да 5 сакавіка 1953 года бацька не адчуваў спакою. І толькі пачуўшы паведамленне аб смерці Сталіна, уздыхнуў з палёгкай. Верыў, зараз штосьці зменіцца ў лепшы бок.
Іншыя жыхары Юрацішак асабліва не сумавалі па правадыру. У пасёлку час ад часу ўзнікала рэальная паніка, людзі змяталі тавары з паліц магазінаў. Многім здавалася, што вось-вось пачнецца трэцяя сусветная. У сакавіку 1953 прыйшло адчуванне: вайны не будзе.
Здымак прадстаўлены аўтарам, ілюстрацыі з калекцыі Беларускага Саюза Дызайнераў