“Мы маглі б раздаваць грошы, але мы спрабуем змяняць жыццё”

Сабралася больш за трыццаць валанцёраў, пераважна дзяўчаты і жанчыны, некалькі хлопцаў ды святары.

Марка Павэра (італьянец, на здымку) і Ігар Бялей (малдаванін) па-італьянска-руску распавялі аб працы малдоўскай дабрачыннай арганізацыі “Д’яконія”. Гэты валанцёрскі рух паспяхова развіваецца ва ўсёй Малдове пры праваслаўных прыходах. Большасць валанцёраў у ім – падлеткі і моладзь. Дарослых цяжэй заахвоціць і перавыхаваць да добрага, мяркуе спадар Ігар.

 

 “Д’яконія” дае адказ на патрэбы адзінокіх, сталых людзей, малалетніх маці, дзяцей з інтэрнатаў, залежных ад алкагалізму і гульняў, пацярпелых у катастрофах, бедных, тых, хто патрабуе дапамогі. На думку гасцей-валанцёраў, бессэнсоўна проста займацца сацыяльнай актыўнасцю – трэба вырашаць канкрэтныя праблемы канкрэтных людзей.

Спадар Ігар упэўнены, што матэрыяльная дапамога – другасная справа, ёсць больш важныя рэчы. “Чалавек не ведае, як зарабляць грошы і як траціць, – гаворыць ён. – Мы не раздаем грошы, хаця маглі б. Мы спрабуем змяняць жыццё”.

 

Лепш дапамагчы чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі пачуць сябе роўным з іншымі – напрыклад, навучыць яго працаваць на кампутары, пасля чаго ён знойдзе добрую працу – чым з-за спачування ўладкаваць яго і пакутваць ад неякасных вынікаў.

 

“Што Вам патрэбна?” – пытае валанцёр у бабулі. – “Мне ўжо даўно ніхто не адчыняў дзверы”. На прыкладзе спадар Бялей пацвярджае думку, што галоўныя праблемы – нематэрыяльнага паходжання. Сярод іх і сорам цяжарнай школьніцы перад усёй вёскай, і недавер сталых людзей валанцёрам, і хворая постсавецкая ментальнасць, што грошы размяркуюць несправядліва. Шэраг спецыялістаў і валанцёраў спрабуе дапамагаць у вырашэнні гэтых сур’ёзных пытанняў.

Піяр арганізацыі з мэтай уцягнуць больш ахвотных уключае акцыі па зборы прадуктаў харчавання для патрабуючых, летнікі для дзяцей з праблемных сем’яў, выраб цацак на продаж. У планах – збор мэблі ды іншых рэчаў для бедных, адкрыццё сацыяльнай сталоўкі ўлетку, спецыялізаваная дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

 

Валанцёры розных народаў дапаўняюць і вучаць адно аднаго. Напрыклад, малдоўскі валантарыят успадкоўвае больш развітую італьянскую сістэму дапамогі. У той жа час італьянскія валанцёры зараджаюцца малдоўскім энтузіязмам працаваць у спартанскіх умовах – калоць дровы, піць ваду з калодзежа, жыць падчас летніку ў школе. Марка пажадаў вывучыць рускую мову, каб пераймаць і беларускі досвед.

 

Каб дапамагаць і атрымліваць дапамогу не абавязкова быць праваслаўным. Шанс рабіць дабро прадстаўляецца ўсім жадаючым.

 

Некалькі прысутных актыўна цікавіліся дзейнасцю “калег”, удакладнялі, дзяліліся сваімі спробамі служэння. Прадстаўнікі “Д’яконіі” парадзілі рабіць танныя праекты, якія прыцягнуць больш людзей і будуць больш эфектыўнымі. “Лепш, калі хтосьці ахвяруе 1 доллар штодня, чым раз у жыцці – 1000 долараў, – патлумачыў спадар Ігар. – Дзяржава павінна за нас ўсё рабіць? Не! Калі мой сусед у патрэбе, то я магу яму дапамагчы”.


Айцец Рыгор Бяляцкі (на здымку) зазначыў, што інтарэс і свядомасць з’явяцца тады, калі мы будзем на рэчаіснасць даваць свой адказ, сваю рэакцыю.

 

Здымкі Яна Лялевіча