Беластоцкі ўніверсітэт разлічвае на беларускіх студэнтаў

Пра стратэгію “адкрытасці на Усход” рэктар беластоцкага ўніверсітэта праф. Леанард Этель казаў яшчэ ў верасні 2012 года, калі быў абраны кіраваць ВНУ. Між іншым, ён казаў пра магчымасць стварэння філіяла ў Гродне.

 

У нашым горадзе праф. Эталь пабываў на мінулым тыдні. З дэлегацыяй беластоцкага ўніверсітэта ён прыняў удзел у навуковай канферэнцыі, а таксама сустрэўся з уладамі ГрДУ імя Янкі Купалы.

 

Што тычыцца усходняга накірунку, то пакуль што пачала працу рускамоўная версія сайта ўніверсітэта ды плануецца адкрыццё двух спецыяльнасцяў на ангельскай і рускай мовах. Гэта магістратура па еўрапейскіх даследваннях і бакалаўрыят ды магістратура па міжнародных эканамічных адносінах.

 

У далейшай перспектыве магчымае адкрыццё англа- ці рускамоўныў спецыяльнасцяў: інфарматыка, медычная фізіка, ахова асяроддзя і педагогіка.

 

Ангельска- і рускамоўныя накірункі, як лічаць у Беластоку, павінны прыцягнуць новых студэнтаў. Ужо зараз ва ўніверсітэце навучаецца 466 грамадзян Літвы, 151 чалавек з Беларусі і 10 з Украіны.

 

Агулам у Польшчы ў 2011/2012 навучальным годзе атрымлівала адукацыю 2604 беларусы. Нашыя маладзёны стабільна займаюць другое месца сярод самых вялікіх груп замежных студэнтаў у Польшчы. Больш толькі украінцаў – каля 6 тысяч.

 

Польскі стэнд на выставе ў Мінску. Здымак: expoforum.by

 

Беластоцкі ўніверсітэт быў адзінай вучэльняй паўночна-усходняй Польшчы, прадстаўленай на выставе ў Мінску. Акрамя гэтага, у беларускай сталіцы прэзентаваліся іншыя ВНУ, аб’яднаныя ў стэндзе “Study in Poland”. Цікавасць да выставы была вельмі вялікай – цягам трох дзён яе наведала каля 9,5 тысяч чалавек.

 

На першым здымку: рэктар Беластоцкага Універсітэта на адкрыцці 2012/2013 навучальнага года.

Здымак uwb.edu.pl