Як гарадзенцы перажылі “Хаўер”?
Шмат хто з гарадзенцаў апынуўся на заснежанай дарозе. Увечары пятніцы трасу М6, як і ўсе астатнія дарогі, што вялі ў Мінск, закрылі. Каля Валожына атрымаўся вялікі корак. Стаялі тут ўсе – і фуры, і легкавікі, і аўтобусы.
Вось што распавядае “Твайму стылю” Вольга, якая на сваёй машыне ехала ў Мінск на фестываль сярэднявечнай культур “Белы замак”, які, нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор’я, праводзіцца пад Мінскам.
– Мы выехалі з Гродна ў 19 гадзін вечара. Думалі, даедзем гадзін за пяць. Дарога спачатку была нармальнай, потым, недзе каля Ліды ўжо пачаліся заносы. Каля Валожына сталі. Так і стаялі да 5 гадзін раніцы.
Спачатку вогуле нікога не было вакол, ні міліцыі, ні ДАІ. Што рабіць, чаму стаім, снегам замятае. Ніхто нічога не ведае. Потым ужо, праз некалькі гадзін, мы знайшлі ДАІшнікаў.
Прапанавалі ехаць у Валожын, але месцаў у гатэлях ды санаторыях ужо не было. У нас у машыне – дзіцё. Але дапамагчы нам ніхто не змог.
– А ці прапанавалі гарбату, каву?
– Не, ніхто не прапанаваў. Проста стаялі ўсю ноч на дарозе. У пяць гадзін раніцы паехалі паціху. Добра, што паліва хапіла.
Марына, што таксама апынулася ў гэтым жа корку, дадае:
– У нейкі момант зразумела, што паліва не хопіць на тое, каб і сагравацца, і потым даехаць да Мінска, пачала адключаць печку. Праз нейкі час разумею – замярзаю. Добра, людзі дапамаглі – падзяліліся бензінам. У нейкі момант падумала, што вось занясе снегам і дакапаюць мяне толькі недзе праз суткі, замёрзлую. Сапраўды спужалася ў нейкі час.
Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадзенскай арганізацыі партыя БНФ, таксама апынуўся ў ноч з пятніцы на суботу недзе каля Валожына. Ехаў на маршрутцы:
– Столькі пабітых машын яшчэ ніколі не бачыў. Шлях ад Гродна да Мінска зацягнуўся: 12 гадзін ехалі!
Сайт МНС паведамляе, што ў Валожыне ў гасцініцы быў арганізаваны начлег для 52 чалавек, а ў інтэрнаце мясцовага каледжа – для 25. А таксама была арганізавана буксіроўка транспартных сродкаў, дастаўка гарачай гарбаты ды харчавання.
Вось як гарадзенцы пісалі пра “Хаўера” ў Твітары
На Гродзенскім форуме карыстальнікі таксама дзеляцца сваімі ўражаннямі ад дарогі:
“Мой брат у дзве гадзіны дня выехаў з Мінска, вось толькі-толькі зараз прыехаў дахаты (у 22 гадзіны – рэд). Трасы ўвогуле няма.”
“Ехалі з Мінска амаль 10 гадзін. Трэсла так, як ніколі ў жыцці. Замест трасы – белае поле”
“Дарогі на Воранава амаль няма – усё занесла.”
Пра тое, што адбывалася на дарогах можна ўявіць, прачытаўшы таксама форумы tut.by ды onliner.by:
“Стаіць мама ў корку Мінск – Гродна, не даязджаючы Ракава, з 17:00, зламалася печка яшчэ. Гасцініцы запоўненыя, кафэ таксама, супрацоўнікі МНС давялі да АЗС, хоць трохі пагрэцца”
Замярзалі гарадзенцы і на іншых трасах. Зміцер, што ехаў з камандзіроўкі па трасе М1 распавядае:
– Проста ў нейкі момант рух стаў. І нікуды – не наперад, ні назад. Машыны ДАІ міма праязджаюць, гойсаюць туды-сюды, у гучнагаварыцель кажуць, што траса закрытая. Калі адкрыецца – невядома. Так і стаялі ўсю ноч.
Гарачая гарбата? Можа недзе далей і раздавалі. Да мяне не дайшло. Вельмі ўразіла ўзаемадапамога людзей. Дзялілся ежай, гарачай кавай адзін з адным. Праходзілі перыядычна грукаючы ў вакны ці не замярзае кіроўца.