Вершы, якія застаюцца пасля нас
Сёння, у Міжнародны дзень паэзіі, гаворка, вядома, пойдзе пра вершы. Мне хочацца расказаць пра тое, як ужо ў сталым узросце Аляксандр Раманаў зусім выпадкова ўсур’ёз захапіўся паэзіяй, і што з гэтага выйшла. Сам Аляксандр у сваім дзённіку абазначыў гэты момант так:
“Мае адносіны да беларускай мовы з юнацтва былі скептычныя. Мне здавалася, што яна не можа перадаць усе адценні думкі. У лепшым выпадку – толькі саму думку.
Я старанна вывучаў нямецкую, англійскую, французскую, польскую мовы, нават латынь і кітайскія іерогліфы, але беларускія словы, мова маёй маці, заставаліся дзесьці збоку, як нешта фальклорнае і несур’ёзнае.
І калі адзін з маіх сяброў прапанаваў мне напісаць верш па-беларуску, я згадзіўся, хаця вельмі сумняваўся, што атрымаецца нешта каштоўнае. Сказаў – і зрабіў.
Я напісаў верш “Археолаг”, прысвечаны Міхасю Ткачову. Калі на паседжанні клуба “Паходня” мой сябра прачытаў мае радкі ў прысутнасці самога Ткачова, чалавека даволі стрыманага і не схільнага да сантыментаў, той быў узрушаны. Ён прапанаваў пісаць і далей”.
Верш “Археолаг” вялікі, я працытую з яго некалькі радкоў:
Ён адчуваў сябе, як дома,
За ім я ледзьве паспяваў,
І бераг Нёмана знаёмы
Я сёння раптам не пазнаў.
Там узнікалі з тоўшчы глебы,
Як з векавога забыцця,
Ушчэнт зламаны чорны цэбар,
Ядро чугуннага ліцця…
Здавалася б, звычайны пачатак паэтычнага шляху. Аднак быў тут адзін нюанс. У запісах Аляксандра Раманава чытаем:
“На жаль, так здарылася, што мой дэбют адбыўся пад другім прозвішчам, па ласцы майго сябра. Ткачоў прапусціў словы дэкламатара, што верш не належыць таму, хто яго прачытаў”.
Сябрам пачынаючага паэта быў Юры Кісялеўскі, які на той момант ужо, здаецца, пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медінстытута стала працаваў у гэтай навучальнай установе на кафедры біяхіміі. Ад сябе дадам, што выступаць пад чужым прозвішчам Раманава падштурхнула яшчэ і ўся яго папярэдняя дысідэнцкая біяграфія.
Ён не без падстаў лічыў, што наўрад ці савецкая ўлада дазволіць з’явіцца на літаратурным небасхіле паэту-антысаветчыку. Вось так і пачалася “паэтычная кар’ера” маладога гарадзенскага біяхіміка.
Першы верш Раманава, падпісаны прозвішчам Кісялеўскага, з’явіўся ў “Гродзенскай праўдзе” у 1987 г. Далей, што называецца, пайшло-паехала. Аляксандр Раманаў піша пра гэта так:
“Я заўсёды быў схільны да “хохмы” і містыфікацыі і таму з лёгкасцю пагадзіўся з такім станам рэчаў. Хай мой сябра будзе “агучваць” мае вершы, а я буду іх пісаць! І пачалося! За два гады – амаль 50 публікацый, нават у такіх сур’ёзных выданнях, як “Літаратура і мастацтва” і часопіс “Маладосць”.
Ганарарныя грошы мы дзялілі па-сяброўску: “фіфты-фіфты”, не шкадуючы іх для рэстаранаў і спагадлівых дзяўчат”.
Аляксандр Раманаў хутка прыходзіць да вельмі важнай высновы:
“Я пачаў адчуваць, што беларуская мова быццам самім Тварцом прызначана для паэзіі! Тое, што па-руску гучыць смешна або наіўна, атрымлівае на матчынай мове статус узнёслай оды. І наадварот.
Я не бяруся рабіць нейкія філалагічныя вывады, але як практык-паліглот магу ўрачыста абвясціць: беларуская мова існуе! Сёння яна квітнее, на ёй пішуць сапраўды неўміручыя творы”.
Гэта было напісана ў другой палове васьмідзесятых мінулага стагоддзя. З-пад пяра Аляксандра Раманава ў той перыяд выходзяць творы, на мой погляд, адзін лепш другога. Вобразная, запамінальная, часам філасафічная, а часам, іранічная паэзія. Мне, напрыклад, вельмі падабаецца верш “Адзінае, што немагчыма”, які я прапаную вашай увазе:
Паспрабуй затрымаць вецер
І пасадзіць яго ў кватэру на пяты паверх.
Што, не цяжка?
Тады паспрабуй у пазаўчарашняй газеце
Надрукаваць свой заўтрашні верш!
… І гэта, кажаш, не страшна?
Тады паспрабуй затрымаць зямны шар,
Каб заўсёды палымнеў золак.
Паспрабуй пераадолець адвечны цяжар
І сарваць з нябёс тры жмені зорак!
… І гэта, кажаш, магчыма?
Тады паспрабуй зразумець малітву ліста,
Якога бура імкне на чужыну.
… І гэта ты здольны зрабіць?
Ну, што ж, калі так –
Тады зразумей жанчыну.
У прадмове да вялікай паэтычнай падборкі ў газеце “Літаратура і мастацтва” (№ 30 за 24. 07. 1987) Данута Бічэль адзначала:
“Юрый Кісялеўскі нарадзіўся і вырас у Гродне. Яму тут добра, яму не хочацца ўцякаць ад стомы ў лес, ды ён яшчэ не стаміўся. Ён выкладае біяхімію ў Гродзенскім медінстытуце, які сам скончыў два гады таму назад, займаецца навуковымі даследваннямі.
Пакуль што 26-гадовы малады паэт вядомы толькі чытачам “Гродненской правды” і наваполацкага “Химика”. З ахвотай благаслаўляю Юрыя Кісялеўскага на адчайны крок у штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”.
У пачатку 1988 г. у Мінску выйшаў першы нумар біблятэкі часопіса “Маладосць” – паэтычны зборнік “…І надзея,і лёс, і ўспамін”. Сярод сямі аўтараў кніжкі – Юры Кісялеўскі (чытай: Аляксандр Раманаў). Дарэчы, назву зборніку даў радок з раманаўскага верша “Гародня”:
Палюбіў гэты горад увесь, да апошняе рыскі.
І калі застаюся з Гародняй адзін на адзін –
Аж трымціць маё сэрца ад сустрэчы з нязнаным і блізкім,
З тым, што ўсё для мяне – і надзея, і лёс, і ўспамін.
Пасля калектыўнага зборніка (так званай “брацкай магілы”) павінна была выйсці асобная кніжка таленавітага гарадзенскага аўтара, але ж акурат у гэты момант “паэтычны дуэт” распаўся. Я не ведаю дакладных прычын, чаму гэта адбылося, і фантазіраваць не буду.
Вершы Аляксандр Раманаў працягваў пісаць і далей. Гэта захапленне аказалася трывалым – да канца жыцця. Апошні – як заўсёды ў моцнага паэта, прарочы верш – з’явіўся незадоўга да Сашынай смерці:
Што застанецца
Пасля нас?
Манбланы
Выцвілых паперак,
Таемны росчарк
На шпалерах,
Няясны змест бясконцых фраз.
Што застаецца
Пасля нас?
Жаданне падначаліць
Мары,
Вятры,
Лугі,
Надзеі,
Хмары,
І нават зорак
Стылы бляск.
Што застанецца
Пасля нас?
Паток
Надзьмутых дэкларацый,
Бясконцы шквал
Пустых навацый,
Бязглузна
Выкінуты час.
Што застанецца
Пасля нас?
Адны
Няздзейсныя намеры,
Без чыстай годнасці
І веры –
Вось што
Пачуецца ў адказ.
Хочацца толькі дадаць, што пасля сапраўднага паэта застаюцца ўсё ж такі яго цудоўныя вершы.