“Гарадзенская бібліятэка” першая выдала творчую спадчыну Зоські Верас

|

Гэта першае і пакуль адзінае выданне творчай спадчыны Зоські Верас.

 

У кнізе друкуюцца ўспаміны Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай; 1892-1991), яе прыватная карэспандэнцыя, фотаздымкі.

Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967-1989 гг.

Яны – красамоўная і пранізлівая гісторыя Беларусі і Гародні, перажытая выбітнай жанчынай, пісьменніцай, мемуарысткай, публіцысткай, лексікографам, перакладчыцай, асветніцай, грамадскай дзеячкай.

Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.

 

 

 

Адмысловымі гасцямі прэзентацыі будуць: укладальнік кнігі Міхась Скобла, літаратар і крытык Анатоль Сідарэвіч, паэтка Данута Бічэль, краязнаўца Алесь Госцеў, прафесар Аляксей Пяткевіч, кіраўнік “Паходні” Мікола Таранда.

 

“Зоська Верас. Я помню ўсё” – гэта 21-я кніга кніжнай серыі “ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА”.

 

Кніжная серыя заснаваная ў 2006 годзе з мэтай дакументацыі і прасоўвання культурнага і гістарычнага даробку гарадзенцаў, а таксама папулярызацыі ведаў пра сярэднявечную, навачасную, міжваенную і паваенную гісторыю Гародні як істотнага элемента еўрапейскай спадчыны.

 

Аўтары “ГАРАДЗЕНСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ” – выбітныя  асобы, таленавітыя навукоўцы, руплівыя даследчыкі, адданыя гарадзенскай зямлі людзі.