Вандроўка па старым Гродне. Частка VII. Плошча Тызенгаўза
Што з гэтага выйшла, мы ўсе добра ведаем, аднак плошча так і засталася,а праз дзвесце гадоў па праве атрымала імя свайго заснавальніка.
Мы паварочваем на плошчу з боку сучаснай вуліцы Ажэшкі і… не пазнаем амаль нічога. Злева ад нас роў з Гараднічанкай, якая бяжыць далей да Нёмана. Дарога ідзе праз губернатарскі мост з прыгожай металічнай аркай-брамай, на якой вісіць газавы ліхтар.
Швейцарская даліна з гэтага боку адгароджана кратамі, за імі драўляны кіёск – можа прадавалі гарадзенцам марожанае або абаранкі. За мостам ужо ўзвышаецца агромністая Аляксандра-Неўская царква. Бачым таксама, што гарадзенцы жылі багатым культурным жыццём – на драўляным шчыце маса аб’яваў пра канцэрты, музычныя імпрэзы.
Мы падыходзім да плошчы Тызенгаўза ўсё бліжэй і цяпер знаходзімся на мосце акурат над Гараднічанкай. Асабліва прыгожы віты чыгунны ліхтар – безумоўна яшчэ газавы – адчынены на дзень для чысткі і праветрывання.
Вось і падыходзім мы да Аляксандра-Неўскай царквы. Гэты храм, пабудаваны ў памяць выратвання цара Аляксандра ІІ падчас замах на яго ў 1866 годзе, прастаяў у Гродне сем дзесяцігоддзяў. На яго будаўніцтва нават была выкарыстана бляха са старажытнага кляштара картэзіянцаў у Бярозе, ліквідаванага царскімі ўладамі.
Від храма з боку гістарычнага архіва. Так ён выглядаў да перабудовы ў 1906-1907 гг. Яшчэ няма багатага дэкора ў псеўдарускім стылі.
Пасля перабудовы храм папрыгажэў. З’явіліся дадатковыя шатровыя вежачкі, прытвор царквы стаў у два разы даўжэйшым.
Вяртаемся на пару гадоў назад. Вось так з боку плошчы Тызенгаўза Аляксандра-Неўская царква закрывала палац губернатара (Тызенгаўза), бакавыя крылы якога добра бачныя. Цікава, што над уваходам у царкву можна заўважыць ці то фрэску, ці то мазайку, напэўна з выявай Аляксандра Неўскага. Пасля перабудовы 1907 года выява назаўсёды знікла.
Сама царква праіснавала яшчэ трыццаць гадоў і была разабрана польскімі ўладамі ў 1938. Матывацыя – перашкаджала руху транспарта па плошчы. Адчуваеце – як актуальна гучыць сёння. Царкву збіраліся адбудаваць у раёне вуліцы Шчорса і нават заклалі падмурак. Але пачалася вайна…
Цудоўны палац Тызенгаўза, які толькі і звяртаў на сябе ўвагу фатографаў расійскага часу як палац губернатара. Менавіта тут была падпісана адмова ад каралеўскай кароны Станіславам Аўгустам Панятоўскім. На палацы раней узвышалася фігура антычнай багіні Цэрэры з факелам у руках, такая самая, як цяпер стаіць на былой электрастанцыі ў Вільні.
Адзінае фота яшчэ цэлага палаца ў набліжэнні. Перад уваходам стаіць жандар. І нездарма… бо восенню 1895 года невядомы “злодзей” вынес з прыёмнай гарадзенскага губернатара футра і паліто ды бясследна знік. Пасля гэтага перад будынкам з’явіўся жандар.
Палац згарэў летам 1915 года ў часе баёў за Гродна. Цяпер у яго падвалах пахаваныя савецкія жаўнеры, а зверху гарыць “вечны агонь”. Па іроніі лёсу, на франтончыку палаца аж да 1915 года знаходзілася каралеўская карона той дзяржавы, якая перастала існаваць у гэтым будынку – Рэчы Паспалітай абодвух Народаў.
Здымкі Яна Лялевіча