2013 год у “Тваім стылі”: частка ІІ

|

Першую частку – ад студзеня да чэрвеня – можна прачытаць тут.

 

ЛІПЕНЬ

 

Спартовы аглядальнік “Твайго стылю” Руслан Кулевіч распачаў серыю матэрыялаў па гісторыі гарадзенскага футбола пад лозунгам “Ведай сваіх”. З іх нашыя чытачы могуць даведацца пра клубы, якія баранілі гонар Гродна на стадыёнах у міжваенны час.

 

У Гродне прайшоў міжнародны мастацкі пленэр з удзелам мастакоў з Польшчы і Нямеччыны. Выніковая выстава адбылася ў галерэі “Крыга”. “Ніколі не бачыла, каб людзі з такой цікаўнасцю ўглядаліся ў наш горад. Вось, што значыць – мастакі!” – падзялілася ўражаннямі гаспадыня галерэі Марыя Мацко.

 

У сярэдзіне месяца ў Гродне рабочыя спрабавалі знесці дом, у якім былі людзі. Адбылося гэта ў межах рэканструкцыі вуліцы Будзёнага.

 

У 2013 годзе ў Гродне ўзмацнілі свае пазіцыі такія буйныя рытэйлеры як “Еўраопт”, “Белмаркет” і “Родная сторона”. Пра тое, што сеткі выкупляюць крамы крокавай дасяжнасці, узгадаў і “Твой стыль”, дзякуючы лісту нашай чытачкі.

 

Вядомы гарадзенскі мастак Станіслаў Кічко ў самай сярэдзіне лета выставай адзначыў свой 70-гадовы юбілей.

 

У ліпені “Твой стыль” хадзіў па мастацкіх галерэях ды спрабаваў скласці “топ-5” самых дарагіх карцін.

 

Як штогод, “Твой стыль” з’ездзіў у Польшчу на БАСы ды ацаніў, як змяніўся фэст пасля змены арганізатараў.

 

Каб абараніцца ад свіной чумы нашыя літоўскія і польскія суседзі абмяркоўвалі магчымае будаўніцтва агароджы ўздоўж мяжы, а таксама ўвялі дэзінфекцыю ў пунктах пропуска.

Хвароба свінняў не перашкодзіла III Міжнароднаму марафону Сяброўства “Гродна – Друскінінкай 2013”. 28 ліпеня ўдзельнікі прабеглі дыстанцыю даўжынёй больш за 42 кіламетры.

 

У ліпені знакамітай гравюры Цюндта-Адэльгаўзэра з выявай Гродна другой паловы XVI ст. споўнілася 445 гадоў.

 

А яшчэ мы даведаліся, што з 580 намінальна скарочаных гродзенскіх чыноўнікаў рэальных чалавек звольнена значна менш.

 

ЖНІВЕНЬ

 

У пачатку жніўня ў Гродне пачалі пазначаць веладарожкі.

 

Гарадзенскія каталікі сустракалі ў Фарным касцёле рэліквіі французскай святой Тэрэзы з Ліз’ё.

 

Археолагі даследавалі фундаменты Новага замку.

 

У жніўні “Твой стыль” апублікаваў тэкст пра шкодны і некампетэнтна выкананы праект рэстаўрацыі палаца ў Свяцку, у выніку якога помнік архітэктуры мог страціць адметны барочны дах.

 

У жніўні мы даведаліся, што мінская студыя “Адліга” зрабіла дызайнерскія кашулькі “Гародня спешыал эдзішан”, якія, відаць па ўсім, спадабаліся не толькі нам, але і нашым чытачам.

 

16 жніўня памёр вядомы гарадзенскі мастак Аляксандр Ларыёнаў – самародак, які не меў адмысловай адукацыі і да ўсяго даходзіў сам.

 

10 год адзначыў гарадзенскі праект Nightcity.

 

У жніўні ўвесь беларускі інтэрнэт кпіў з лагатыпаў, якія для Ліды распрацавала працоўная група Гродзенскага ўніверсітэта імя Купалы. Каб не застацца ў гісторыі горадам з самым безгустоўным лагатыпам, лідчукі абвясцілі альтэрнатыўны конкурс па распрацоўцы сімвала Ліды.

 

Усю ноч прадыжурылі журналісты “Твайго стылю” ля сцен турмы разам з грамадскімі актывістамі ды калегамі з мінскіх выданнях, чакаючы вызвалення Зміцера Дашкевіча. І дачакаліся!

 

“Твой стыль” адпачываў на “Вольным паветры” ў “Шаблях” ды прывез адтуль шмат-шмат фотак. Не горшым быў і новы гарадзенскі фэст “Падарожжа ў Этнаказку”, які сабраў сапраўдных зорак беларускага этна.

 

Як штогод, у жніўні праз Гродна прайшла экуменічная пілігрымка з Беластока ў Вільню.

 

Скончыўся месяц буйным фестывалем вулічнага мастацтва Grand Teatro, які арганізатары прысвяцілі памяці Льва Бакста – ураджэнца Гродна і ці не самага дарагога тэатральнага мастака ў свеце.

 

ВЕРАСЕНЬ

 

Восенню гарадзенцы пазбавіліся магчымасці глядзець камерцыйны канал польскага тэлебачання Polsat.

 

“Твой стыль” з’ездзіў у Гудзевічы, дзе паразмаўляў з Алесем Белакозам з нагоды ягонага 85-гадовага юбілею.

 

Гарадзенцы адзначылі “Начало” танцавальнага сезона “Вечарам прыадчыненых дзвярэй” у выставачнай зале.

 

Суд Ленінскага раёна Гродна 23 верасня вызваліў журналіста Анджэя Пачобута ад адбывання пакарання. У 2011 годзе суд прызнаў журналіста вінаватым у паклёпе на прэзідэнта Беларусі і прызначыў пакаранне – тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

 

У Гродне прайшоў першы Фестываль сыру.

 

Танцавальны праект “Дом” паказалі ў Гродне. Шэсць прафесійных танцораў і шэсць выхаванцаў дзіцячага дому, тры тыдні рэпетыцый “з нуля”, два тыдні гастроляў па адзінаццаці гарадах – Беларусь стала трэцяй краінай, дзе ўвасобілі праект “Дом”.

 

Мастацкі праект Zabor наведаў Гродна 8 верасня. У межах конкурса ўдзельнікам Zabor’а ад Гродна быў абраны Юры Якавенка.

 

Прылёт Пуціна ў Гродна з візітам на сумесныя беларуска-рускія вучэнні “Захад-2013”, што праходзілі на Гожскім палігоне, заблакаваў рух у палове Гродна. Потым Лукашэнка і Пуцін адляцелі ў Калінінград.

 

КАСТРЫЧНІК

 

0 align=”middle” alt=”пленэр рэзчыкаў па камяні, Пушкары” >

У першы дзень кастрычніка пад Гродна завяршыўся пленэр скульптараў па камяні. Усе скульптуры, што стваралі беларускія творцы ў вёсцы Пушкары, застануцца ў Гродне, а некаторыя ўжо паспелі ўпрыгожыць горад.

 

1 align=”middle” alt=”Януш Паруліс, музей, Лермонтова 25″ >

У кастрычніку “Твой стыль” наведаў унікальны прыватны музей гарадской гісторыі Януша Паруліса. “Турысты ходзяць, але ў асноўным замежнікі, гарадзенцы – слаба”, – сказаў нам тады Януш. Таму, шаноўныя чытачы, парадуйце яго ды завітайце неяк на Лермантава, 25.

 

8 align=”middle” alt=”Прывалка” >

15 кастрычніка, пасля 45 дзён перапынку, узнавіў сваю працу пункт пропуска “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы. У фотарэпартажы “Твайго стылю” бачна, што ад колішніх жахлівых жалезных вагончыкаў не засталося нічога – мытнікі і памежнікі атрымалі выдатнае месца працы.

 

2 align=”middle” alt=”bulbamovie 2013″ >

У другой палове месяца рэдактар “Твайго стылю” паўдзельнічаў у ІІІ Варшаўскім фестывалі беларускага кіно Bulbamovie і паспрабаваў разабрацца, як гатаваць і з чым лепш есці айчынную кіна-бульбу.

 

3 align=”middle” alt=”Bruce Bucknell” >

24 кастрычніка Гродна наведаў пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл – ён сустрэўся з навучэнцамі Універсітэта Залатога Веку.

 

4 align=”middle” alt=”антыкафэ Жывое время, антикафе Живое время, Гродно” >

Першае гарадзенскае антыкафэ “Жывы час” адкрылася таксама ў кастрычніку.

 

5 align=”middle” alt=”Zabor, Гродно” >

На два месяцы, з кастрычніка да снежня, плот каля парка імя Жылібера ператварыўся ў сапраўдную галерэю пад адкрытым небам. Да нас прыехаў арт-праект Zabor.

 

6 align=”middle” alt=”Ноч у тэатры, Ночь в театре, Гродно, Театр кукол” >

У Тэатры лялек прайшла першая “Ноч у тэатры”. Але не апошняя.

 

Восенню рэдакцыю “Твайго стылю” ўразіла навіна пра тое, што беларускае МЗС працуе над дамовамі аб бязвізавым руху з Гандурасам, Нікарагуа і шэрагам іншых краін. Але, як нам сказаў адзін з гасцей нашай радакцыі – прадстаўнік кампаніі “Без візы” Аляксандр Быстрык, навад дамова з Гантурасам – ужо нейкі прагрэс для Беларусі.

 

7 align=”middle” alt=”ФК Нёман, БАТЭ” >

У канцы месяца футбольны “Нёман” ізноў перамог БАТЭ, у выніку чаго трэнер Сяргей Саладоўнікаў прыйшоў на прэс-канферэнцыю апрануты ў модны піджак і акуляры “ў стылі Эссаме”.

 

9 align=”middle” alt=”крама Кубік, Гродна, настольныя гульні, настольные игры в Гродно” >

У Гродне з’явілася першая крама настольных гульняў “Кубік”, якую заснавалі стваральнікі беларускай картачнай гульні “Паўстанцы” і сябры “Твайго стылю” Антось і Наста Янкоўскія.

 

ЛІСТАПАД

 

У пачатку лістапада гарадзенскія могілкі свяціліся мноствам знічак – каталікі ўзгадвалі памерлых.

 

Гарадзенскія валейбалісткі выйгралі Кубак Беларусі. У фінале турніра ў Брэсце нашыя дзяўчаты адолелі з лікам 3-1 мазырскую “Пярліну”.

 

На грамадскіх слуханнях у Азёрах вырашалі, ці вартыя торфараспрацоўкі асушэння трох азёраў і Святога балота.

 

Рэжысёр Віктар Аслюк здымаў ля Краснасельскага фільм пра Першую сусветную вайну па матывах апавядання Максіма Гарэцкага. Крэйдавыя кар’еры, якія часта называюць “беларускімі Мальдзівамі”, у стужцы сталі “Карпатамі”. На здымачнай пляцоўцы пабываў і “Твой стыль”.

 

7 лістапада адбылося афіцыйнае адкрыццё рэканструяванай вуліцы Будзёнага, рух па якой аднавілі яшчэ 14 кастрычніка.

 

Двухпавярховы драўляны домік з мансардным дахам па вул. Віленскай, 20, прастаяў стагоддзе, перажыў усе войны ХХ ст., але не перажыў “добраўпарадкаванне”. Будынак зруйнавалі ў лістападзе.

 

У межах канферэнцыі “Гарадзенскі соцыум: гісторыя і памяць”, якая праходзіла ў Гродне 9-10 лістапада, адбылося ўручэнне другой прэміі імя Ядкоўскага. Яе атрымаў Віктар Саяпін. У той жа дзень была прэзентавана складанка-макет гарадзенскай ратушы.

 

14 лістапада Сямён Шапіра, які кіраваў Гарадзеншчынай тры гады, стаў старшынёй Мінаблвыканкама. Новым кіраўніком Гарадзеншчыны быў прызначаны Уладзімір Краўцоў, які раней працаваў у Магілёве, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

 

У сярэдзіне месяца пачалася рэстаўрацыя лютэранскай кірхі. А вось доўгачаканы арган даставіць з Нямеччыны да Раства так і не паспелі.

 

Сумесная літоўска-беларуская выстава з унікальнымі экспанатамі, прысвечаная паўстанню 1863 года, адкрылася ў Старым замку. Нідзе, акрамя Гродна, у Беларусі выстава не будзе паказвацца. Дарэчы, яна працуе яшчэ да сярэдзіны студзеня!

 

У самым цэнтры Гродна закрылі летні аўтасезон. Упершыню святкаванне прайшло на афіцыйным узроўні пры падтрымцы ДАІ і гарвыканкама.

 

Ноччу 27 лістапада здарыўся пажар у Вялікай харальнай сінагозе ў Гродне. Дапамогі ў расчыстцы завалаў, што ўтварыліся пасля пажару, габрэйская абшчына прасіла ў валанцёраў – неабыякавых гарадзенцаў. Сродкі для аднаўлення сінагогі збіралі ў тым ліку слухачы Універсітэта Залатога Веку.

 

У канцы лістапада ў галерэі “Крыга” ўпершыню прайшоў фінісаж – урачыстае закрыццё выставы.

 

29 лістапада ў Гродна прыехаў з лекцыяй вулічны мастак з Расіі Мікіта Nomerz. Мастак пакінуў гарадзенцам прыклад сваёй творчасці – малюнак “Шляхі” (The routes).

 

Гарадзенская танцавальная група “ТАД” адсвяткавала 20-гадовы юбілей. “Наш танец “нерэнтабельны”, але для нас ён – частка жыцця” – сказаў нам кіраўнік калектыва Дзмітрый Куракулаў.

 

СНЕЖАНЬ

 

20 год у першы дзень зімы адзначылі гарадзенскія рок-гурты. Гэта была рэдкая магчымасць пачуць ужывую, напрыклад, Jungle X-mas.

 

Габрэйская грамада Гродна і проста зацікаўленыя гарадзенцы сабраліся ўвечары 1 снежня ў Вялікай харальнай сінагозе, каб адзначыць свята Ханукі.

 

Позна ўвечары 5 снежня памёр вядомы гарадзенскі мастак Зміцер Іваноўскі. Ён быў сапраўдным беларусам і сапраўдным мастаком. Мастацтва было для яго ў жыцці ўсім.

  

Чыгуначны вакзал так і не паспелі адкрыць цалкам у 2013. Наступны абяцаны тэрмін – студзень-люты 2014.

 

“Океан Ельзи” ў чарговы раз скарыў гарадзенцаў на канцэрце 6 снежня.

 

Чытачы “Твайго стылю” ў адкрытым галасаванні выбралі лепшым гульцом “Нёмана” брамніка Сяргея Чэрніка. Праз пару тыдняў Сяргей пакінуў каманду ды перайшоў у БАТЭ.

 

Поўную залу гарадзенскага Драматычнага тэатра сабрала дачка спевака Чэслава Немэна. Разам з гуртом Наталля Немэн падрыхтавала выдатную праграму з песен свайго бацькі. Гэта быў яе першы выступ у Беларусі.

 

У Гродне адкрылася першае ў Беларусі ганаровае консульства Украіны. Яно размясцілася на вул. Замкавай 7, а ганаровым консулам стаў вядомы гарадзенскі бінесовец Валянцін Байко, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў СООО “Конте Спа”.

 

У сярэдзіне месяца ў купалаўскім універсітэце прайшоў фестываль моды Grodno Fashion Week. “Твой стыль” зрабіў з падзеі вялікі фотарэпартаж.

 

Карэспандэнтка “Твайго стылю” назірала за давыбарамі ва ўкраінскі парламент, якія праходзілі 15 снежня ў пяці выбарчых акругах.

 

Упершыню за шмат год на Савецкай плошчы Гродна адкрылі каток. Ён са штучнага пакрыцця і многія гарадзенцы кажуць, што ён “смярдзіць”.

 

Вялікі натоўп Дзедаў Марозаў, Снягурак ды простых гарадзеўцаў з дзецьмі, запоўніў Савецкую плошчу ўвечары 17 снежня – адбываўся штогадовы парад Дзедаў Марозаў. Па афіцыйнай інфармацыі, казачных персанажаў сабралося каля 300, а ў канцы да іх на лімузіне прыехаў нават “лапландскі” Санта-Клаўс.

 

Польскі пасол наведаў Гродна і адкрыў у Новым замку выставу прац польскага мастака міжваеннага часу Зыгмунта Буйноўскага.

 

19-20 снежня “Твой стыль” з’ездзіў у Літву ў прэс-тур, арганізаваны кампаніяй “Без візы”. Там мы спрабавалі разабрацца ў візавых пытаннях.

 

Як штогод, перад Раством па грыгарыянскім календары, харцэры даставілі Бэтлеемскі агонь з польскай мяжы ў Гродна.

 

Перад самымі Калядамі “Твой стыль” выдаў першую электронную кнігу – “Разрушыцель” Сцяпана Стурэйкі.

 

У “Крызе” прэзентавалі другі нумар “Гарадзенскага гадавіка” – навуковага часопіса цалкам прысвечанага гісторыі Гродна.

 

У канцы года мы развітваліся з Майкам і Рэгінай – аўстрыйскімі валанцёрамі, якія тры месяцы працавалі ў “Цэнтры “Трэці сектар””. На развітанне Майк зняў відэа пра Гродна, а таксама даў вялікае інтэрв’ю “Твайму стылю”.

 

25 снежня па горадзе каталіся на мінівэнах калядоўшчыкі.

 

     
  Гэта, канешне, не ўсе падзеі, якія можна назваць важнымі ў жыцці Гродна ў 2013 годзе – мы проста не ў стане ўзгадаць пра ўсё і пра ўсіх. Калі вы лічыце, што мы прапусцілі штосьці – абавязкова ўзгадайце ў каментарах.