У падтрымку гарадзенскага музыкі ладзяцца канцэрты ў Гродне, Мінску і Кракаве

Арцём Сярдзюк, вядомы таксама як Arti, шмат год не толькі сам грае цяжкі метал (у гуртах Thy Disease, Deathbringer, Disloyal, Woe Unto Me і іншых), але і арганізуе падзеі на металічнай сцэне, прасоўвае беларускую і польскую экстрэмальную музыку.

 

У 2012 ён даведаўся, што хварэе на гепаціт С. Год медабследаванняў і тэрапіі ўжо каштаваў больш за 3000 еўра, але лячэнне стандартным інтэрферонам не дапамагло. Цяпер, на лячэнне больш эфектыўным прэпаратам, патрабуецца ў чатыры разы больш грошай – 12 000 еўра.

 

Сябры Арцёма спрабуюць дапамагчы яму сабраць гэтую суму, ладзячы дабрачынныя канцэрты. Гэтак, 12 чэрвеня ў папулярным кракаўскім рок-клубе Lizard King прайшоў канцэрт “KRK pomaga Artiemu” з удзелам кракаўскіх металічных гуртоў Virgin Snatch, Thy Disease (тут зараз грае сам Арцём), Sceptic, Dealer, Whorhouse i Heart Attack.

 

Наступны канцэрт пройдзе 29 чэрвеня ўжо ў Беларусі – у Моладзевым цэнтры “Гродна”, пачатак у 18.00. Выступіць ажно дзевяць гуртоў: Mister Х, Next, Погост, S’n’D, Voice of oblivion, Shards Of Soul, Rabies O. D., “Прощай, привычка” і The Darkwing Dead and Launchpad McQuake. Уваход будзе каштаваць сімвалічныя 20 000 рублёў, а ў асобную капілку будуць збірацца грошы на дапамогу Арцёму.

 

Трэці канцэрт пройдзе ў мінскім клубе “Салтайм” 6 ліпеня. Там дапамагчы Арцёму будуць заклікаць публіку гурты Bloodlast, Solarward, Massenhinrichtung, Exegutor і Infestum.