Грошы на фільм пра абарону Гродна ў 1939 збіраюць з дапамогай краўдфандзінгу
Па такім прынцыпе працуе краўдфандзінг. На платформе polakpotrafi.pl кожны ахвотны можа заплаціць ад 5 да 1000 злотых. За мінімальнае ахвяраванне можна атрымаць email з падзякай, за 50 злотых – непублічную спасылку на гатовы фільм і магчымасць сустрэцца са стваральнікамі, а за 1000 – патрапіць у тытры фільма, а таксама на здымкі меркаванага ў будучыні мастацкага фільма пра падзеі 1939 года ў Гродне.
Пакуль, за тыдзень, што мінуў з пачатку збору сродкаў, удалося прыцягнуць 1190 злотых ахвяраванняў. Стваральнікі фільма маюць яшчэ 37 дзён каб да 8 жніўня сабраць 15 000. Толькі калі ахвярадаўцы заплацяць усю заяўленую суму, яна будзе перададзена Фонду Яўхіма Лелявеля. Інакш грошы будуць вернутыя ахвярадаўцам – такія правілы краўдфандзінга.
Стваральнікі стужкі вельмі спадзяюцца, што здолеюць зняць 30-хвілінны фільм да 17 верасня 2014 года, да 75 гадавіны драматычных падзей. Пра гэта яны пішуць на блогу праекта.
Іх ужо падтрымаў фінансава банк WBK, але гэтых сродкаў пакуль мала, бо нават калі некалькі рэканструктарскіх груп пагадзіцца дапамагчы бясплатна, то трэба яшчэ іх, як мінімум, накарміць. Арэнда апаратуры таксама нятанная.
У фільме пад працоўнай назвай “Grodno 1939” яго стваральнікі паспрабуюць адказаць на некалькі пытанняў, між іншым, чаму акурат Гродна адзначылася зацятым змаганнем з савецкай арміяй, як тлумачыцца надзвычай актыўны ўдзел у абароне звычайных жыхароў горада, чаму ўдалося нанесці Чырвонай арміі дастаткова значныя страты.
Паўдзельнічаць у праекце выказалі жаданне ўжо некалькі польскіх груп рэканструктараў, якія займаюцца перыядам ІІ сусветнай вайны, у тым ліку група, што займаецца рэканструкцыяй савецкіх войскаў.