Выйшла гісторыя Гродна, якая змяшчаецца ў кішэні

У выданні аўтар паказвае гісторыю Гродна праз гісторыю аднаго помніка – Каложы, таму гісторыя горада прадстаўлена ад 1180-х, калі паўстала царква, да самага канца савецкага перыяду, калі яе вярнулі вернікам.

“Твой стыль” праверыў – кніга сапраўды змяшчаецца ў кішэню шортаў

 

Тэкст кнігі цалкам новы, раней друкаваліся толькі зусім невялікія яе фрагменты. Кнігу цяжка назваць навуковай, гэта хутчэй папулярная, амаль мастацкая літаратура, пры тым заснаваная выключна на фактах. Аўтар намагаўся паказаць гісторыю такой, якой яна была.

Кніга значна менш памерам за канкурэнтныя выданні – гэта яе вялікі плюс

 

Кніга выйшла дастаткова вялікім накладам 1000 асобнікаў у выдавецтве ЮрСаПрынт. У фірмовай краме па вул. Маркса, 11 яна каштуе ўсяго 50 000 рублёў, у іншых кнігарнях горада трэба даплаціць яшчэ 20 000. Аўтар і выдавец упэўненыя, што наклад разыйдзецца, бо ў яе шмат плюсаў: добра напісаная папулярнай мовай, цікавая для кожнага гарадзеца сваім зместам, невялікая і недарагая, да таго ж упрыгожаная малюнкамі Віктара Літвінюка (прыклады на фота ніжэй).