“Нёман” не паспеў вярнуць доўг былому гульцу: Карлсанс адправіў ліст у УЕФА
Беларуская федэрацыя футболу дала гарадзенскаму “Нёману” тэрмін да 1 верасня, каб разлічыцца з запазычанасцямі за мінулы сезон з латвійскім гульцом. Але грошы легіянер так і не ўбачыў, таму цяпер федэрацыі, магчыма, дадуць штраф, а з “Нёмана” могуць зняць ачкi.
– Са мной ніхто не разлічыўся. 31 жніўня патэлефанаваў супрацоўнік “Нёмана” і прасіў пачакаць яшчэ некалькі дзён. Ён спасылаўся на тое, што ў клуба заблакаваныя рахункі і грошай няма. Але я ім сказаў, што я чакаў паўтара года: мне ўвесь час казалі “заўтра”. Мой юрыст ўжо адаслаў ліст у УЕФА. Беларуская федэрацыя футбола ў хуткім часе прыме сур’ёзныя санкцыі супраць “Нёмана”, – распавёў Карлсанс.
Раней старшыня “Нёмана” Іван Варсовiч заявіў, што Дзяржкантроль выявіў пэўныя парушэнні папярэдняга кіраўніцтва клуба. Але зараз са старымі праблемамі даводзіцца спраўляцца новаму кіраўніку.
Сам Карлсанс зараз гуляе ў Латвіі за “Вентспілс”. За час, праведзены ў “Нёмане”, латвійскі нападнік правёў на полі 11 гульняў і забіў 1 мяч.