Гістарычныя лекцыі ў “Краме Ц”: Гарадзенская крэпасць, у якой праводзілі тэхна-дыскатэкі
Чарговую лекцыю з цыклу “гістарычных аўторкаў” перанеслі на чацвер, 3 верасня. І не выпадкова: менавіты ў гэты дзень у 1915 годзе нямецкія войскі канчаткова акупавалі Гродна.
Выкладчыкі шмат расказвалі пра гарадзенскую крэпасць – адну з апошніх крэпасцей Расійскай імперыі. Яна уяўляе сабой кола з дзясяткаў і сотняў аб’ектаў вакол горада.
Калі пачаліся ваенныя дзеянні, крэпасць была незавершана. Гісторыкі кажуць, што па завяршэнні прац мы маглі б не пазнаць горад. Занёманскую частку Гродна чакала вялікая перабудова. Шмат якія заводы на вуліцы Перамогі з’явіліся менавіта ў той час.
Як расказалі гісторыкі, зараз закінутай крэпасцю займаюцца толькі некалькі гарадзенцаў. Тым не менш, гэта загадкавыя і рамантычныя месцы, якія цікавыя дыгерам і аматарам гульняў. У форце №4 некалі нават праводзілі тэхна-дыскатэкі. Экскурсіі ў крэпасць, якія ладзяць раз на месяц, пераўтвараюцца ў сапраўдны ваенны паход, кажа Андрэй Мялешка.
Крэпасць захоўвае сваю “экзотыку”, але, на жаль, не ахоўваецца дзяржавай. Валанцёры прыбіваюць шыльды, якія сведчаць пра гістарычную каштоўнасць фортаў, але іх перыядычна зрываюць. Есць праблемы і з вывучанасцю таго перыяду – шмат якія з архіўных дакументаў ляжаць некранутымі. Лектары ўпэўненыя, што наперадзе ў выкладчыкаў і студэнтаў шмат адкрыццяў.
Ці будзе крэпасць цікавай турыстам, ці нават студэнтам і школьнікам? Разам з наведвальнікамі выкладчыкі прыйшлі да высновы, што галоўнае – уключыць крэпасць у кантэкст экскурсіі так, каб зацікавіць людзей.
Расказвалі гісторыкі і пра ваенныя дзеянні. Захапіўшы горад, немцы наклалі пэўныя абмежаванні: дарогі з Гродна былі перагароджаны, было забаронена лавіць рыбу каля гарадскіх мастоў і карыстацца фотаапаратам у горадзе.
Што прынесла нямецкая акупацыі, акрамя страт і забаронаў? Дзякуючы немцам мы маем шмат фотаздымкаў старога Гродна, якія часта станавіліся паштоўкамі. Да таго ж, немцы прабілі першую артэзіянскую скважыну, пабудавалі другую воданапорную вежу і мармеладную фабрыку, якая праіснавала да 50-х гадоў. Пры нямецкай акупацыі з’явілася першая беларуская школа.
У час Першай сусветнай вайны Беларусь панесла шматлікія людскія страты. З Гарадзеншчыны мабілізавалі 100 тыс. чалавек, з усёй краіны – мільён. Гэта шмат, улічваючы, што ў расійскай арміі было 15 мільёнаў чалавек. Да таго ж, вайна выклікала хвалі бежанства ў 1914 годзе і летам 1915-га.