Дэпутаты ў Гродне аглядалі новую школу і размаўлялі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё

|

З раніцы прадстаўнікі ўлады наведалі новую ўстанову адукацыі ў мікрараёне Вішнявец. Сярэдняя школа №40 адчынілася 1 верасня. Будаўнічыя працы тут пачаліся ў канцы мінулага года, адразу пасля візіту ў Гродна тагачаснага прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, які даў абяцанне адкрыць школу да новага навучальнага года.

Гэта школа – дакладная копія той, што з’явілася ў мінулым годзе ў Альшанцы. Дэпутаты і прадстаўнікі Савета Рэспублікі паглядзелі, як вучацца дзеці і заўважылі,  што школа вельмі прыгожая і адпавядае сучасным тэхнічным патрабаванням.

 

Таксама чыноўнікам распавялі і пра іншыя навінкі. На гэты раз на прадпрыемствах. Так, дэлегацыі прадставілі новы цэх, які не так даўно адкрыўся на гродзенскім мясакамбінаце.

Цэх сыравэнджаных вырабаў магутнасцю 500 тон у месяц быў пабудаваны дзякуючы інвестыцыйнаму праекту ў рамках праграмы мадэрнізацыі мяса-малочнай галіны на 2012-2015 гады, зацверджанай урадам. Аб’ём інвестыцый па гэтым аб’екце ацэньваўся ў 30 мільёнаў еўра. Інвестарам выступіла польская фірма Promar, у крэдытаванні новабудоўлі пад нізкі працэнт таксама ўдзельнічалі нямецкія банкі. Аблвыканкам з абласнога інавацыйнага фонду вылучыў мясакамбінату 50 мільярдаў беларускіх рублёў.

 

Таксама дэпутаты завіталі на экскурсію на “Гроднахлебпрам”. Пасля гэтага ў гарвыканкаме адбылося паседжаннне, дзе выступаў мэр горада, а таксама старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Анатоль Нікіцін і іншыя мясцовыя дэпутаты.

 


 

Галоўнай тэмай паседжання было сацыяльна-эканамічнае развіццё Гродна за 2010-2015 гады і павышэнне якасці жыцця насельніцтва ў рэгіёне.

 

Праграма была падрыхтавана зыходзячы з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў папярэднія гады. Галоўнай мэтай бягучай пяцігодкі стаў рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Ва ўсялякім разе, так напісана на паперы.