Беларуская чыгунка: Мы робім усё, каб польскія цягнікі працягвалі курсіраваць у Беларусь

Польскі кірунак: многае вырашыцца ў снежні

 

Першы намеснік начальніка службы БЧ Андрэй Кашко запэўніў, што Беларусь усімі сіламі імкнецца ўрэгуляваць адносіны з польскім бокам.


– У сувязі з апошняй інфармацыяй па адмене цягнікоў з польскага боку, магу сказаць, што мы робім усё магчымае, каб чыгуначнае спалучэнне захавалася. У снежні многае вырашыцца, у тым ліку і наконт новага цягніка, які будзе курсіраваць з Гродна ў Варшаву. З нашага боку ўжо ўсё падрыхтавана. Мы звязваемся з польскім бокам і імкнемся ўсё ўрэгуляваць.

 

За жнівень з Гродна ў Польшчу і назад цягнікі перавезлі каля 7,5 тысяч пасажыраў. У Брэсце гэтая лічба ў разы больш. Там у дзень перасякае на цягніку мяжу каля 400-500 чалавек.


Цягнік Гродна-Вільня пакуль сябе не апраўдаў

 

Адлегласць ад Гродна да Вільні цягнік, што курсуе з пачатку лета, пераадольвае за 4,5 гадзіны. На шляху ён спыняецца тры разы – у Мастах, Лідзе і Беняконях. Як адзначылі прадстаўнікі БЧ, дадзены від перавозак пакуль не карыстаецца чаканай папулярнасцю. Многіх бянтэжыць час адпраўлення, а таксама адсутнасць duty free па дарозе.

 

Але для турыстаў i моладзі гэты варыянт вельмі зручны, у першую чаргу, тым што раніцай можна прыехаць ў сталіцу Літвы, а ўвечары адтуль з’ехаць.

 

Цягнік Гродна-Вільня: карэспандэнт “Твайго стылю” праверыў новы маршрут



Хуткасныя цягнікі

 

Андрэй Кашко таксама распавёў пра тое, што ў будучыні з Гродна плануецца запусціць хуткасныя цягнікі.


– На жаль, пакуль гэтая для нас дарагая працэдура. Але на будучыню ставім мэты злучыць гарады электралінінiямi і запусціць хуткасныя цягнікі. У кірунку Баранавічы-Мінск такія электрычкі вельмі папулярныя. У Гродзенскай вобласці электрыфікаваных ліній няма, бліжэйшае злучэнне – у Маладзечне. Адлегласць да гэтага горада вялікая.

 

Дзе прыпынак “Чыгуначны вакзал”?

 

Госці з Мінска, якія не хацелі падыходзіць і задаваць пытанні супрацоўнікам БЧ, расказалі, што ў Гродне заблыталіся з прыпынкамі.


– Чыгуначны вакзал ва ўсіх гарадах Беларусі пазначаны асобным прыпынкам. А ў Гродне чамусьці прыпынак называецца “Заапарк”. Мы – прыезджыя, і не ведалі, што прыпынак завецца па-іншаму. У выніку мы праехалі свой і спазніліся на цягнік. Напэўна, мы не адны такія. Калі ёсць магчымасць, то хай прыпынак і называецца “Чыгуначны вакзал”, – распавяла Валянціна Пятроўна.

 

Прадстаўнікі чыгункі патлумачылі, што з гэтым пытаннем павінны разбірацца не яны, а мясцовыя ўлады. 

 

Пасажыры неахвотна ішлі да прадстаўнікоў БЧ, таму да іх сталі падыходзіць касіры і праваднікі, якіх хвалявала тэма формы і пагон. Андрэй Кашко распавёў, што на апошняй выставе ў Мінску была прадстаўлена новая форма супрацоўнікаў чыгункі. Калі яна з’явіцца пакуль невядома, зараз яе яшчэ ўзгадняюць.

Адзіныя дні пасажыра адбываюцца кожны апошні чацвер трэцяга месяца кожнага квартала. Наступным разам такі дзень пройдзе 24 снежня.