“На апошнюю сустрэчу ніхто не прыйшоў”. Гарадзенскі “Кніжны клуб” губляе наведвальнікаў, але не аптымізм
“Хтосьці не прачытаў кнігу, хтосьці з’ехаў, хтосьці яшчэ не прыехаў, хтосьці не ведаў, – тлумачыць адсутнасць чытачоў Віталь Катлярчук, арганізатар сустрэч. – Але гэта толькі пачатак сезону, і чытачы “Кніжнага клуба” будуць сустракацца і надалей. Праўда, праз нейкі час, бо я зараз у адпачынку”.
Віталь плануе распаўсюджваць інфармацыю пра клуб і даваць больш рэкламы. Ён мяркуе, што гэта прыцягне новых наведвальнікаў.
Валера, часты наведвальнік клуба, патлумачыў, чаму не прыйшоў гэтым разам. “Мне звычайна Віталь казаў, калі што адбываецца, а ў гэты раз не паведаміў. На наступную сустрэчу прыйду абавязкова, калі даведаюся загадзя. Такія сустрэчы мне пабадаюцца, бо вельмі люблю “пачасаць языкамі”, – усміхаецца ён.
Яшчэ адна пастаянная наведвальніца Наталля не змагла “па тэхнічных прычынах”: “У той дзень я доўга працавала. А кнігу купіла, прачытала, ужо рыхтавалася абмяркоўваць. Пачала хадзіць на сустрэчы, бо цікава абмеркаваць беларускую літаратуру. І каб падтрымаць ініцыятыву Віталя, бо маладых увогуле трэба падтрымліваць. А потым зразумела, што гэта добрая і карысная справа. Калі ты абмяркоўваеш кнігу, абменьваешся думкамі, то даведваешся адразу некалькі высноваў. Да таго ж ты сустракаешся з зацікаўленымі беларусамі, гутарыш на роднай мове. Я за гэты час набыла шмат кніг. Ад сустрэч эмоцыі толькі станоўчыя”.
Наталля ўзгадвае сустрэчу па кнізе Сцяпана Стурэйкі “Разрушыцель”. Тады Віталь арганізаваў анлайн-сустрэчу з аўтарам. “У далейшым буду абавязкова хадзіць, – абяцае Наталля. – Мне здаецца, што клуб мала рэкламуюць, а справа гэта вельмі добрая”.
Кнігай для мінулай сустрэчы чытачы выбралі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Адкрыццё новага сезону сустрэч адбылося 4 верасня, тады прыйшлі ўсяго два чалавекі.