“Вострыя казыркі” або ў якіх галаўных уборах ходзяць у Гродне на футбол

|

Нашу падборку адкрывае хакеіст гарадзенскага “Нёмана” Вячаслаў Лісічкін. На тым матчы ён быў практычна адзіным чалавекам, які прыйшоў у шапцы. Звычайная чорная класічная шапка. Але паколькі гэта легенда гарадзенскага хакея і добры сябар Дзмітрыя Кавалёнка, ён натуральна трапляе ў наш спіс.

Далей у наш аб’ектыў трапіў прэс-аташэ “Нёмана” Пётр Карнаўх. Супрацоўнік футбольнага клуба ўжо даўно носіць гэты “casual экзэмпляр”. Варта адзначыць, што на апошніх матчах Пётр быў дыктарам на стадыёне. Беларуская мова і актыўная гаворка вельмі парадавала заўзятараў, якія прыйшлі на стадыён.

Працягвае нашу падборку дзядуля ў сучаснай ваеннай кепцы. Мабыць рыбак, а можа ад сына дасталася. Ён чымсьці незадаволены, бо глядзіць напружана. Магчыма, яго пільная ўвага і дапамагла Дзмітрыю Кавалёнку забіць доўгачаканы гол.

У нашай падборцы знайшлося месца і паважанаму мужчыну, які на працягу ўсяго матчу не расставаўся са сваім “вострым казырком”. Модна, стыльна і небяспечна.

Маленькую “чырвоную шапачку” з кветкай на галаве мы не маглі абысці і натуральна яна трапіла ў нашу падборку.

Спіс працягвае хлопец, які мае не толькі выразную “качачку”, але таксама іншы элемент крутасцi – “сёмкi”. Варта адзначыць, што спадары на фота лускаюць сабе ў рукі, i за гэта ім вялікі рэспект.

А вось і чарговая прадстаўніца жаночага полу. Жанчыну можна сустрэць практычна на кожным матчы. Напэўна, маці якога-небудзь футбаліста. Мы таксама адзначаем яе шапачку і працягваем далей.

Без сімволікі футбольнага “Нёмана” не абышлося. Хлопца апранутага ў колеры гарадзенскага клуба можна заўважыць на кожным матчы. Варта адзначыць, што на футбол ён прыходзіць не адзін, а разам са сваёй сям’ёй, якая таксама імкнецца быць “на колерах”. Дзякуй, такой сям’і.

А вось і хлопчык, які незадаволены дзеяннямі на полі. Гульня і халоднае надвор’е не могуць параўнацца з яго цёплай і шэрай кепкай.

Заканчваем мы нашу падборку надта дзіўнымі тыпамі. Журналісты доўга прыглядаліся да дадзеных асоб, а футбалісты на полі паспелі падумаць, што ў Гродна прыехалі скаўты з Іспаніі. Як аказалася пазней, мужчыны апынуліся звычайнымі “кузьмічамi”, якія прыйшлі на футбол у сімволіцы еўрапейскіх клубаў.