Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Слонімскі раён

|

Нашым экскурсаводам стаў Сяргей Чыгрын – чалавек шматграннага таленту: паэт, літаратуразнаўца, перакладчык, краязнаўца і журналіст.

“Калі вы яшчэ не былі ў старажытным беларускім горадзе Слоніме, то спазніліся як мінімум на 300-400 гадоў. І шмат чаго ўжо не ўбачыце”, – кажа Сяргей. Але моцна засмучацца не трэба. Бо Слонім – горад, пра які можна распавядаць бясконца, ды і паглядзець тут ёсць што нават і сёння.

 

Мікрараён Альбярцін з палацам і каменнымі львамі, якія памятаюць прынцаў і імператараў

 

Прапаную пачаць нашу вандроўку з Альбярціна – былога пасёлка, мястэчка, маёнтка, а цяпер мікрараёна Слоніма. У Альбярціне захаваўся палац Пуслоўскіх, які ахоўваюць прыгожыя каменныя львы.

 

Альбярцін — як памешчыцкая сядзіба, так і сама назва — з’явіўся ў палове ХІХ ст. Да гэтага часу быў там толькі фальварак. Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму тут пабудавалі палац, флігель, стайню, заклалі парк, адкрылі некалькі прадпрыемстваў і г. д.

Усе войны апошніх двух стагоддзяў не міналі Альбярціна. 19 ліпеня 1812 года праз Альбярцін адступала другая руская армія пад кіраўніцтвам Баграціёна. Пасля яе адступлення ў палацы месціўся штаб 12-га аўстрыйскага корпуса генерала Шварцэнберга. Войцех Пуслоўскі і яго сям’я падтрымлівалі французскую армію Напалеона Банапарта, які паабяцаў аднавіць Вялікае княства Літоўскае.

 

Праз 18 гадоў Войцех Пуслоўскі разам са сваімі сынамі і ўнукамі актыўна падтрымае шляхецкае паўстанне на Беларусі і Літве ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

 

Сын Войцеха Пуслоўскага – Цітус Пуслоўскі – створыць атрад колькасцю каля 1000 чалавек. У атрадзе было нямала рабочых і тэхнікаў з бацькавай суконнай фабрыкі.

 

Падчас Першай сусветнай вайны ў палацы Пуслоўскіх жыў нямецкі камандуючы фронтам князь Леапольд Баварскі. У той час Альбярцін наведвалі прынц Караль (пазней — імператар Аўстрыі) і Вільгельм II. У палацы Пуслоўскіх знаходзіўся са сваім штабам і кайзераўскі генерал Воерж. Яму асабліва спадабаліся партрэты каралёў Рэчы Паспалітай, якія ўпрыгожвалі сцены.

 

Адступаючы, генерал забраў з сабой 10 партрэтаў, і, мажліва, цяпер яны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі.

Сам Войцех Пуслоўскі і яго сыны былі заўзятымі калекцыянерамі беларускай даўніны і кніг. Кнігазбор з некалькіх тысяч тамоў знаходзіўся ў асобнай вялікай зале, застаўленай наўкруг высокімі шафамі з чырвонага дрэва. Усярэдзіне стаялі стэлажы, якія дасягалі столі. Некаторыя кніжкі, галоўным чынам польскія і італьянскія, сягалі XVII ст., далей ішлі кнігі XVIII ст., энцыклапедычныя выданні, старыя атласы і старыя карты колішніх польскіх зямель.

 

Самым каштоўным быў багаты архіў, які ўцалеў з пажару папярэдняга двара, — ён адносіўся да XV ст. і датычыў усіх сем’яў, з якімі звязана было мінулае мясцовых маёнткаў. Сярод дакументаў былі пергаменты з подпісамі манархаў і пячаткамі, копіі Літоўскай метрыкі, карэспандэнцыя, тастаменты і іншыя.

 

Усяго гэтага цяпер у Альбярціне няма. Але сёння можна паглядзець на палац Пуслоўскіх, убачыць флігель, стайню, возера, рэшткі былога парку.

 

Расколаты камень, што напамінае пра ледавік

 

З палаца Пуслоўскіх мы паедзем у лес, дзе ляжыць помнік прыроды – Расколаты камень. Ён больш за тры метры ў вышыню, тры з паловай метры ў шырыню і ў даўжыню. Расколаты камень на Слонімшчыну прынёс ледавік каля 150–220 тысяч гадоў таму са Скандынавіі адзіным блокам. Адны лічаць, што камень раскалоўся тады, калі раставаў лёд. Іншыя кажуць, што ў 1935 годзе ў камень стукнула маланка.

 

Сярод слонімцаў бытуе і такая легенда, што некалі тут жыў Янка-асілак. Аднойчы ён сустрэў дзяўчыну незвычайнай прыгажосці і моцна закахаўся. Дзяўчына таксама пакахала юнака. Але аб прыгажуні даведаўся двухгаловы змей і прыляцеў па яе. Насустрач змею выйшаў Янка-асілак і сказаў: “Трымаю бой на жыццё і смерць, але сваю дзяўчыну табе не аддам”.

 

Янка-асілак і змей сышліся ў чыстым полі. Загрымелі мячы, і пачалася бойка. Яны доўга біліся, і Янка бачыць, што перамога зусім блізка. Але ён раптам адчуў, што моцна прытупіўся яго меч. “Эх, і патачыць няма чым! – усклікнуў Янка. – Хоць бы камень які пад рукой аказаўся”.

 

І вырасла перад ім скала, як быццам шчытом закрыла. Не змог змей дастаць сваім мячом Янку, злосна секануў па камені што было сілы – раскалолася скала і выбіла меч з варожых рук. Тут Янка і дабіў змея. А расколаты валун да сённяшніх дзён ляжыць на слонімскай зямлі.

 

Касцёл святога Андрэя, дзе Агінскі пакінуў сваё сэрца

 

У Слоніме мы накіруемся на плошчу Льва Сапегі. Тут нас здалёк шчыра павітае сваёй прыгажосцю касцёл святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Падчас саветаў касцёл амаль не згінуў, бо ў ім складзіравалі соль. Калі Беларусь стала незалежнай, касцёл мясцовыя католікі выратавалі, адбудавалі. Цяпер фарны касцёл – помнік архітэктуры позняга барока і ракако – адзін з найпрыгажэйшых каталіцкіх храмаў на Гарадзеншчыне.

 

Былы настаяцель касцёла айцец Вітольд Жальветра неяк расказаў мне, што калі паміраў у Варшаве дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай Міхал Казімір Агінскі, ён загадаў, каб яго сэрца зберагалася ў Слоніме, бо яно належыць толькі Слоніму, дзе 25 гадоў існаваў яго вялікі тэатр. Калі не стала Агінскага, яго просьбу выканалі. Срэбны куфэрак з надпісам “Сэрца Агінскага” прывезлі ў Слонім і схавалі ў касцельных скляпеннях. Калі разбураўся касцёл, куфэрак з сэрцам Агінскага скралі бальшавікі і вывезлі на Усход.

 

Сінагога, якая паціху разбураецца

 

У цэнтры горада над Шчарай захаўся самы стары помнік Слоніма – сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе.  Доўгі час сінагога выконвала свае непасрэдныя функцыі, была галоўным малітоўным домам іўдзеяў.

Цяжкі лёс напаткаў яўрэйскую абшчыну ў гады Другой сусветнай вайны: амаль уся яна была знішчана. Пасля вайны будынак сінагогі быў прыстасаваны пад розныя гаспадарчыя патрэбы. Апошняе, што знаходзілася ва ўнікальным помніку архітэктуры і гісторыі – склад мэблевай крамы.

З сярэдзіны 90-х сінагога стаяла ўжо пустая, паступова прыходзячы ў заняпад. Помнік паціху разбураецца, хаця шмат гадоў вядуцца перамовы наконт яе рэстаўрацыі. Нават плануецца зрабіць там рэспубліканскі музей яўрэйскай культуры.

 

Манастыр у Жыровічах, які апісаны ў вершах

 

Цяпер са Слоніма завітаем у вёску Жыровічы, дзе знаходзіцца ўнікальны манастыр, пра як пісала Ларыса Геніюш:

 

Жыровічы – святы для нас куточак,
Гдзе цэрквы ў неба вежы узнялі.
На дрэве Маці Божай абразочак –
благаслаўленне для маёй зямлі.

 

Жыровіцкі манастыр – унікальны архітэктурны комплекс, які вядзе сваю гісторыю з далёкага XV ст.. Тысячы людзей штогод наведваюць яго, прыходзяць да абраза Божай Маці. У розны час паломнікамі тут былі каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Чацвёрты, Ян Казімір, Ян Трэці, Аўгуст Другі , Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Самы маленькі ў свеце абраз Маці Божай Жыровіцкай, які захоўваецца ва Успенскім саборы, уваходзіць у сотню найбольш значных праваслаўных абразоў свету.

Сёння Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр — духоўны цэнтр праваслаўя ў нашых землях, адметная візітная картка Беларусі. Для беларусаў Жыровіцкая абіцель — гэткая ж святыня, як Кіеўска-Пячэрская лаўра для ўкраінцаў ці Троіца-Сергіева для рускіх.

 


Чытай таксама:


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Ваўкавыскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Мастоўскі раён


Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Карэліцкі раён