Гарадзенскія габрэі на сем дзён “перасяліліся” ў буданы

|

У кожнага габрэйскага свята звычайна ёсць некалькі назваў. Сукот не з’яўляецца выключэннем: яго называюць і “святам збору ўраджаю”, і “часам весялосці”. Але найбольш распаўсюджана назва – “свята буданоў” (будан або шацёр на іўрыце – “сука”). У гэтае свята ў шатры трэба не проста сядзець, але есці, піць і нават спаць – літаральна жыць. Таксама веруючых заклікаюць успамінаць аб зыходзе габрэяў з Егіпту, бо на шляху з няволі ў сваю краіну габрэі жылі менавіта ў падобных намётах-буданах.

Гарадзенскі равін Іцхак Кофман адзначае, што свята аб’ядноўвае ўсіх габрэяў:


– Гарадзенская абшчына ўжо на некалькіх гадоў адзначае гэтае свята. Яно заклікае ўзвысіць Усявышняга і ўспомніць, што мы выйшлі з няволі дзякуючы яму. На шляху Майсея з Егіпта наш народ жыў у намётах. Каб ушанаваць памяць аб тых падзеях, мы таксама штогод узводзім свой будан.

У шатры ў першы дзень свята сабралася шмат людзей. Спачатку прайшла традыцыйная рытуальная малітва з трыманнем букета з чатырох раслін.

Усё робіцца згодна радкам з Бібліі: “І вазьміце сабе ў першы дзень плод этрога, галіны пальмы і дрэва шумналістага і вербаў рачных і весялiцеся перад Госпадам, Богам вашым сем дзён”.

– У нашы дні мала хто жыве ў шалашы ўсе сем дзён свята. У асноўным людзі толькі абедаюць там. З-за шалашоў Суккот вельмі любяць дзеці, для іх гэта свята становіцца вясёлай прыгодай, – распавядае равін.

 

Гэта можна было пабачыць у першы дзень святкавання. Пасля святочнага стала дзяцей адправілі ў сінагогу. Там ім далі магчымасць пабудаваць свае шалашы. Таксама ўсім дзецям у канцы далі падарункі.

Першы дзень свята скончыўся з надыходам цемры.

Гарадзенская габрэйская абшчына ў цэлым прытрымліваецца традыцыйнага цыкла свят і выконвае іх у грамадскім укладзе, што падкрэслівае габрэйскі характар абшчыны і яе вернасць прынцыпам юдаізму.

 

Забытыя габрэйскія святы, якія сыходзяць сваімі каранямі ў старажытнасць, за апошні час шырока адзначаюцца ў сучасным Гродне, як у традыцыйных, так і мадэрнізаваных формах. Святы ўяўляюць сабой тыя часовыя вехі, якімі народ Ізраіля адмерае цыклы года.

 

Фота аўтара і Ірыны Новік


Чытайце таксама:


Яблыкі з мёдам і гранат: як гарадзенскія габрэі святкуюць Новы Год


У пошуках страчанага: Габрэйская культура Гродна (рэдкія здымкі)