Дмитрий Коваленок: “Чтобы стать тренером, нужно убить в себе футболиста, а я пока этого делать не хочу”
У апошнім матчы з ФК “Віцебск” Дзмітрый Кавалёнак усталяваў рэкорд “Нёмана” па праведзеных матчах. На рахунку нападаючага цяпер 273 сустрэчы.
Сам футбаліст не лічыць дадзены вынік нейкімі сур’ёзным дасягненнем.
– Для нападаючага важныя забітыя галы, а іх не так шмат адносна колькасці гульняў. Напрыклад, у Італіі вядзецца статыстыка не матчаў, а хвілін, праведзеных на полі.
Трэба адзначыць, 68 галоў у чэмпіянаце і 11 у кубкавых баталіях таксама з’яўляюцца клубным рэкордам. Таксама Дзмітрый стаў лепшым бамбардзірам лаўкі запасных чэмпіянату Беларусі. На яго рахунку 19 галоў, забітых пасля выхаду на замену.
Прапануем вам разам з Дзмітрыем успомніць, як пачынаўся шлях рэкардсмена гарадзенскага футбола.
Нападаючы з’яўляецца выхаванцам мінскіх школ “Трактар” і “Змена”. У 18 гадоў футбаліст разам з бацькамі пераязджае ў Швейцарыю, дзе таксама працягвае гуляць у футбол. У Жэневе Кавалёнку ўдалося пагуляць за дубль “Сервет”.
Часы мяняюцца, погляды таксама. У 1999-м Дзмітрый вяртаецца ў Беларусь, у родны на той момант Мінск, дзе паспяхова выступае за каманду Першай лігі “Дынама – Юні”, дубль мiнскага “Дынама”. У 22 праведзеных гульнях нападаючы забіў 18 мячоў, што ў наступным сезоне дазволіла Дзіме паспрабаваць свае сілы ў асноўным складзе.
Але па-сапраўднаму дэбютаваць у Вышэйшай лізе Каваленку атрымалася менавіта ў Гродне.
Перад стартам 2001 года нападаючы прыязджае ў Гродна, дзе ў выніку робіць станоўчае ўражанне на кіраўніцтве каманды.
– Канкурэнцыі я не баяўся, хоць у тыя гады нападаючым №1 быў Сяргей Давыдаў. Я проста хацеў гуляць. Трэнер верыў у мяне, і я гэта адчуваў. Гэты фактар для мяне быў і застаецца адным з самых важных. Першы гол за “Нёман” памятаю як цяпер. Гэта быў трэці тур, тады мы гулялі супраць “Нафтана” і на 76-й хвіліне мне ўдалося трапіць у вароты гасцей. Тады мы абыгралі наваполацкую каманду з лікам 5:0. Гэта быў мой першы гол у Вышэйшай лізе, і, вядома, я гэтаму быў вельмі рады.
Дзмітрый распавядае, што калектыў быў вельмі сур’ёзны, біўся за самыя высокія месцы ў чэмпіянаце. У той час лідарам на полі і за яго межамі быў Ігар Кавалевіч.
– Мне здаецца, прайшоў час такіх людзей. Жыццё змяняецца і маладыя футбалісты зусім іншыя, і ўсё не так, як было ў нас. У кожным часе свае героі. У цяперашнім “Нёмане”, на мой погляд, не хапае лідарскіх якасцей Дзмітрыя Раўнейкі.
“Нафтан” і “Дарыда”
У 2005 годзе Кавалёнак вырашаецца на сур’ёзныя перамены ў сваёй кар’еры і пераходзіць у “Нафтан”, але як кажа сам Дзмітрый, Наваполацк стаў для яго хутчэй расчараваннем, чым прагрэсам.
– Мне патрэбны былі перамены для таго, каб рухацца і развівацца далей. Я вырашыў паспрабаваць свае сілы ў іншым клубе. Мой пераход быў звязаны ў першую чаргу з незадаволенасцю самім сабой на футбольным полі. Адыграўшы палову сезона ў Наваполацку, я вырашыў нешта мяняць, бо заставацца ў той камандзе проста не мог. У Наваполацку мне не хапала той футбольнай атмасферы, якая была ў Гродне.
Пасля “Нафтана” футбаліст хацеў вярнуцца ў Гродна, але там яго ўжо не чакалі. Новае кіраўніцтва “Нёмана” будавала планы без удзелу Кавалёнка. Тады выратавальнікам футбаліста апынуўся Людас Румбуціс, які запрасіў нападаючага ў “Дарыду”. У мінскай камандзе нападаючы за няпоўны сезон здолеў забіць 13 галоў.
– Я вельмі задаволены адрэзкам кар’еры, які правёў у новай для сябе камандзе. Там я рэальна набыў прагрэс, які ў наступстве мяне падштурхоўваў ўсё далей і далей.
Пасля “Дарыды” Дзмітрый вярнуўся ў родны клуб, які трэніраваў ужо былы настаўнік мінскай каманды Людас Румбуціс.
Вымушаная камандзіроўка ў Мікашэвічы заканчваецца вяртаннем у Гродна
Чарговае растанне з клубам здарылася ў 2012 годзе.
– З-за ўзніклых праблем у клубе я вымушаны быў сысці. Маёй новай камандай на той момант стаў мікашэвіцкі “Граніт”. На шчасце, я там надоўга не затрымаўся.
У Мікашэвічах нападаючы правёў 13 гульняў і забіў 3 галы. На другі круг у Дзмітрыя з’явіўся новы і вельмі добры варыянт з працаўладкаваннем.
– Я апынуўся ў Лідзе і быў гэтаму вельмі рады. Гродна быў побач, можа, гэта паўплывала на выніковасць – у 15 гульнях правёў 12 мячоў. Ды і калектыў на той момант там быў вельмі добры. Там я адчуў, што я яшчэ гатовы на многае.
У 2014 годзе Кавалёнак зноў вяртаецца ў Гродна, дзе яго цёпла сустракаюць мясцовыя заўзятары.
– У Гродне для мяне ўсё роднае: каманда, заўзятары, сям’я.
Ідзе 2015 год, да завяршэння падыходзіць цяперашні футбольны сезон. Што будзе далей – пакажа час.
Аб кар’еры трэнера Дзмітрый яшчэ не думае.
– Каб стаць трэнерам, трэба забіць у сабе футбаліста, а я пакуль гэтага рабіць не хачу.