Дзе пабудуюць футбольны манеж у Гродне пакуль невядома. Каложскі парк – не канчатковы варыянт

“Зараз спецыялісты ўдакладняюць магчымасць і мэтазгоднасць рэалізацыі кожнага з варыянтаў, каб адказна прыняць рашэнне. Даваць адказ на гэта пытанне заўчасна”, – патлумачыў “Твайму стылю” начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Генадзь Таламанаў.

 

Зараз Каложскі парк – ціхі куток захаванай прыроды і месца гістарычнай памяці ў самым цэнтры горада. Тут месціцца найстарэйшая ў Гродне царква. Сюды прыходзяць гараджане ў тым ліку і за пошукам адказаў на складаныя жыццёвыя пытанні. Адным дапамагае шпацыр па ціхіх алеях, іншым – парады святара.

 

Да зацвярджэння дакументацыі на будаўніцтва ў горадзе новых аб’ектаў павінны прайсці іх грамадскія абмеркаванні. “Слуханняў па манежу не было, таму што пакуль няма чаго абмяркоўваць. Калі будзе выбрана месца, выкананы праект – тады адбудзецца і грамадскае абмеркаванне”, – патлумачыў Генадзь Таламанаў. Што тычыцца ў прыватнасці Каложскага парка, то, са словаў начальніка ўпраўлення архітэктуры, гэта дакладна не тое месца, дзе можна распачаць будоўлю без належных узгадненняў.

 

Від на пажарную каланчу скрозь кроны дрэваў Каложскага парку. Старыя дрэвы і гістарычная забудова ідэальна дапасоўваюцца адно да другога.

 

Фота аўтаркі