Воўна зноў у модзе. У Гродне прайшоў першы “шэрсцiваль”
Мерапрыемства задумалі майстрыхі народнага аматарскага аб’яднання “Гарадзенскі каларыт”, каб адзначыць свята воўны. Яно святкуецца ў першую нядзелю кастрычніка ва ўсім свеце. Своечасова яго не ўдалося правесці па тэхнічных прычынах. Спачатку арганізатары планавалі зрабіць усё нашмат прасцей – правесці звычайную творчую сустрэчу. Але ў апошні момант з’явілася шмат жадаючых прыняць удзел.
Паказ мод ўзяла на сябе Алена Вітко, якая займаецца мокрым валяннем.
– Усё пачалося з шаліка, калі я ўбачыла на сваёй сяброўцы. Была ў дэкрэтным адпачынку, стала займацца вывучэннем воўны і валяння. І праз пэўны час у мяне нешта стала атрымлівацца. Пазней нарадзілася ідэя крамы, невялікага бізнесу. Зараз свайму хобі я прысвячаю ўвесь час.
Злева на здымку Алена Вітко
На здымках вышэй дзяўчыны – студэнткі, і дзеці – гімнасткі, якiя прадстаўляюць калекцыі гарадзенскіх майстроў.
Майстар-клас па працы з шэрсцю прадэманстравала Кацярына Неўгень, якая займаецца сухім валяннем.
Астатнія майстры паказалі свае працы на выставе.
– Адзенне з воўны вяртаецца ў моду. Паглядзіце колькі моладзі носіць яе. Наш шэрсцiваль гэта фестываль, які аб’ядноўвае арт-тэрапію, творчасць і магчымасці аднаго з самых дзіўных эка-матэрыялаў – шэрсці, яе жывой энергіі, цяпла і мяккасці, – распавяла майстар Таццяна Суханосiк.
Арганізатары спадзяюцца, што ў наступным годзе шэрсцiваль набудзе рэспубліканскі маштаб і ў Гродна прыедзе шмат майстроў са сталіцы і іншых гарадоў Беларусі.