Польскі візавы цэнтр з’явіцца ў Гродне ў сакавіку 2016 года
Дамову на абслугоўванне візавых цэнтраў падпісалі 11 лістапада ў Мінску часовы павераны ў справах Польшчы Міхал Хаброс і рэгіянальны кіраўнік VFS Global у Расіі і СНД Прабуда Сэн. Падпісанне адбылося ў гасцініцы “Вікторыя-2”, збудаванай некалькі гадоў таму польскай фірмай Unibep. Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Конрад Паўлік, візіт якога чакаўся ў Мінску, не прыехаў.
Візавыя цэнтры з’явяцца ў Гродне, Лідзе, Мінску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Пінску і Баранавічах. У іх можна будзе пакінуць адбіткі пальцаў для біяметрычных шэнгенскіх віз. Прыйсці ў цэнтр можна будзе без папярэдняга запісу.
Пра тое, што тэндар выйграла фірма VFS Global Амбасада Польшчы ў Мінску паведаміла 5 лістапада. У Беларусі фірма ўжо абслугоўвае візавыя цэнтры Літвы, Грэцыі, Іспаніі, Даніі, Харватыі і Венгрыі. Агулам фірма кіруе 1837 візавымі цэнтрамі на пяці кантынентах.