“На “Тутэйшых” будуць хадзіць доўга, бо ў іх пазнаюць сябе”. Гарадзенскі Тэатр лялек святкуе 25 год спектакля
“Час быў такі – усім хацелася беларускага”
Рэжысёр Мікалай Андрэеў прыехаў у Гродна пасля заканчэння Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кіно, як звычайна ў савецкія часы, па размеркаванню, і працаваў тут з 1987 да 2004 года.
align=”” width=”725″ height=”600″ >
Мікалай Андрэеў, рэжысёр “Тутэйшых”, здымак з архіва гарадзенскага тэатра лялек
Пра існаванне п’есы “Тутэйшыя” да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя ён нават не ведаў – у шырокім распаўсюдзе яе не было. Але менавіта ў той час драматург Святлана Клімовіч недзе знайшла твор і прынесла пачытаць у кампанію. Тады і ўзнікла ідэя паставіць “Тутэйшых” у Гродне. “Час быў такі, – прыгадвае Мікалай, – усім хацелася беларускага. І тое беларускае падымалася і адраджалася. Не таму, што чыноўнікі за гэта ўзяліся ці дазволілі, а ад уласнага жадання, унутранага парыву”.
Алесь Сураў, мастак, што стаў аўтарам першай тэатральнай афішы “Тутэйшых”, прыгадвае, як яму давялося быць на прагоне, дзе прысутнічалі партыйныя чыноўнікі. У той час менавіта яны гралі ролю цэнзараў. Адзін з чыноўнікаў падняўся са словамі: “Гэта Купала? Купала не мог такога напісаць!”
Пра свае першыя ўражанні ад “Тутэйшых” Алесь таксама ўспамінае вельмі ўзрушана: “Я быў у захапленні ад спектакля. Гэта быў канцэптуальна новы паказ твора. Я добра ведаў п’есу Купалы і раптам – такая сцэнаграфічная і акторская праца, і песня Шаклкевіча… Гэта было так нова, нечакана – для горада гэта быў выбух”. Як паказала практыка і час, спектакль стаў з’явай у тэатральным мастацтве не толькі гарадзенскага тэатра лялек, але і ўсёй Беларусі.
Алесь Сураў з наноў выдрукаванай першай афішай “Тутэйшых”
“Лялькі не выносяць доўгіх тэкстаў”
Рэжысёр Андрэеў вельмі цёпла ўзгадвае, як яны з мастаком-пастаноўшчыкам, зараз ужо пакойнай Ларысай Герлаван, абмяркоўвалі канцэпцыю пастаноўкі, яе формы і зместы. Ён хутчэй схіляўся да ідэі батлейкі, але Ларыса была супраць, бо з батлейкай ставілі “Тутэйшых” у Купалаўскім тэатры ў Мінску. Тое, што ў рэшце лягло ў аснову дэкарацый п’есы – ідэю “прахаднога двара” – прапаналала менавіта яна. “У гэтым вобразе і ўвасобілася наша зямля, як месца, праз каторае ўсе праходзяць, топчуцца. І брама тады з’явілася, і лялечкі ў гэтым кантэксце сталі тымі сімвалічнымі маленькімі фігуркамі, каторых можна перасоўваць туды-сюды, а яны маўчаць”.
Брама – галоўная частка дэкарацый “Тутэйшых”, што ўвасабляе сабою ідэю “прахаднога двара”
Сцэнаграфія спектакля з лялькамі патрабавала выразнай сцісласці і лаканічнасці. “Лялькі не выносяць доўгіх тэкстаў”, – кажа Мікалай. Каб належным чынам перадаць выразнасць твору і характэрны купалаўскі гратэск, патрэбны былі адпаведныя акторы. “Найперш шукаў яркіх асобаў, – прызнаецца Андрэеў, – і каб да персанажаў падыходзілі”. У першы акторскі склад увайшлі Тамара Корнева, Іван Цімохін, Юрый Менько і Віктар Шалкевіч – лепшыя, яго меркаваннем, акторы тэатра.
Здымак з першых паказаў спектактля. злева направа: Юрый Менько, Віктар Шалкевіч, Іван Цімохін
Адна з першых праграмак спектакля “Тутэйшыя”. Фота з архіва тэатра лялек
“З лялькай ты вечна малады”
Моцны акторскі склад Мікалай лічыць адной з галоўных прычын працяглай паспяховасці гарадзенскіх “Тутэйшых”. “Ёсць спектаклі, што ад часу развальваюцца, а ёсць такія, што з часам узмацняюцца. Гэта адбываецца, калі ёсць акторскае майстэрства, каторае, як кажуць, не прап’еш [смяецца]. Так і гэты спектакль – ён трымаецца на майстэрстве, калектыве, узаемнай павазе. Захоўваецца моцны акторскі касцяк, і ён трымае ўсё”.
Меркаваннем рэжысёра, гады акторам “Тутэйшых” не шкодзяць: “Яны захавалі яскравы тэмперамент і набралі вопыт, адтачылі майстэрства. Гэта яшчэ больш узмацняе спектакль, адчуваецца, што з часам людзі не растрацілі моц, а накапілі”. Да таго ж Андрэеў дадае, што ў сэнсе ўзросту акторы-лялечнікі шчаслівейшыя за драматычных калег: “З лялькай ты вечна малады. Калі стае моцы і тэмпераменту, у любым веку можаш выходзіць на сцэну”.
Выканаўцы пасля аднаўлення спектакля ў 2014. Злева направа: Тамара Корнева, Віктар шалкевіч, Юрый Менько, Васіль Прабадзяк. Фота Віталя Дзярнейкі, TUT.BY
“Стварылі спектакль насамрэч народны”
Аляксандр Ігнаценка, тагачасны дырэктар тэатра лялек, што змяніў Івана Цімохіна на ролі ўсходняга вучонага, прыгадвае акалічнасці працы над спектаклем: “Памятаю, у якія сціслыя тэрміны п’еса ставілася. Проста цудоўным чынам усё супадала – і музыка, і дэкарацыі, і рэжысура, і акторы, што неверагодна дакладна “патрапілі” ў свае ролі. Спектакль гістарычны, сучасны і драматычны адначасова. Такое рэдка здараецца, таму ён нязменна выклікае цікавасць і ў школьнікаў, і ў студэнтаў, а тым больш у дарослых, у тых людзей, што задаюцца вечнымі пытаннямі – навошта я прышоў на гэты свет, навошта жыву, за што перажываю і чым хварэю”.
Аляксандр Ігнаценка, адзін з выканаўцаў ролі ўсходняга вучонага
Успамінае Аляксандр і гастрольна-фестывальную гісторыю “Тутэйшых” – прыз за лепшую рэжысуру на фестывалі ў Торуне, прызнанне лепшай п’есай для дарослых у Ломжы, айчынныя ўзнагароды “За яскравае ўвасабленне беларускай нацыянальнай драматургіі” на фестывалі “Белая Вежа” у Брэсце і дыплом “За ансамблевасць спектакля” на “Славянскіх тэатральных сустрэчах” у Гомелі.
Аляксандр адзначае, што гомельскі фэст быў адным з найбольш эмацыйных і хвалюючых: “Там паказвалі п’есу акторам і выкладчыкам тэатральнай акадэміі драматычнага тэатра. А нам, “лялечнікам”, заўсёды хочацца “зрабіць”, перамагчы “драмнікаў” на іх полі”.
Улётка спектакля 2002 года. З архіва театра лялек
Вельмі цешаць яго і ўражанні, якімі дзяліўся па праглядзе “Тутэйшых” у Калінінградзе на фестывалі “Пятроўскі Балаган” вядомы расійскі рэжысёр і тэатральны крытык Віктар Шрайман: “Чацвёрка артыстаў са спектакля “Тутэйшыя” разам з Янкам Купалам стварылі спектакль насамрэч народны. Тая свабода, у якой яны існавалі ў гэтым спектаклі, тая іронія, тая пагарда да чалавечага глупства, той здаровы сэнс і любоў да жыцця, што жывілі іх персанажаў, ёсць тое, што робіць народ непераможным”.
Спектакль трымаецца на сапраўдных тутэйшых
У кожнага з актораў ужо ёсць у памяці нейкі значны ўспамін, што так ці інакш адзначыў гэтыя чвэрць стагоддзя. Тамара Корнева, якую нядаўна ўзнагародзілі званнем заслужанай артысткі, распавядае, што кожны раз, выходзячы іграць “Тутэйшых”, успамінае сваю бабулю Алесю: “Яе хавалі ў дзень прэм’еры. Я змагла толькі зайсці развітацца, на могілкі не пайшла, бо чакалі ў тэатры. Помню, што ўзышоўшы на сцэну моўчкі прасіла прабачэння і ў Бога, і яе. Так ад той пары кожны раз, як іграю ў “Тутэйшых”, бабулю успамінаю. Можна сказаць, што кожны мой выхад на гэты спектакль прысвячаецца ёй”.
Тамара Корнева, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
Васіль Прабадзяк, што год таму ўвайшоў у акторскі склад “Тутэйшых”, памятае нават дакладную дату, калі пабачыў спектакль першы раз – 17 верасня 2000 года. “Гэта быў першы месяц, калі сям’я пераехала ў Гродна, і гадавіны нашага вяселля, да того ж – першы раз у новым горадзе захварэла дачка, то дзень запомніўся”. Ён прызнаецца, што ад першага прагляду п’есы, калі нават не марыў сам у спектакль патрапіць, проста закахаўся у майстэрскае выкананне Тамары Корневай.
Васіль Прабадзяк, выканаўца ролі ўсходняга вучонага з 2014 года
Для Юрыя Менько падрыхтоўка да прэм’еры “Тутэйшых” супала з падрыхтоўкай да ўласнага вяселля: “У лістападзе 90-га я ажаніўся, а Віця [Шалкевіч] быў на маім вяселлі сватам”. Ад той пары жыццё актора змянілася – стаў і жанатым, і тутэйшым. Між іншым ён адзначае, што спектакль трымаецца на сапраўдных тутэйшых. “Я з Бераставіцкага раёна, Віця са Свіслацкага, Тамара з Дзятлаўскага, з Наваельні. Так сталася, што ў спектаклі мяняюцца тыя, хто грае ўсходніх, а тутэйшыя тут і застаюцца. Гэты спектакль наш і насамрэч пра нас”.
Віктара Шалкевіча таксама не абмінулі “тутэйшыя” прыгоды. Ён расказаў, што на адной з першых рэпетыцый яму проста на галаву ўпала брама, што хоць і дэкарацыя, аднак зусім не лёгенькая. “Памятаю, што бачыў у апошні міг, як вочы ва ўсіх сталі па сто пяцьдзясят капеек, і яна на мяне павалілася. Хуткую выклікалі, дадому адправілі. Назаўтра, аклямаўшыся, выходжу на вуліцу і бачу – бягуць насустрач на Дзевятоўцы дзве знаёмыя постаці – гэта Юрка з Ванькам [Менько і Цімошык], выбраліся наведаць хворага”.
З песняй “Кароткая гісторыя Беларусі” напісанай да спектакля, таксама было трохі смеху: “Вельмі мяне прасіў адзін чыноўнік пад час кантрольнага прагляду замяніць слова “засранцы” на хаця б “паганцы”. Але я не згаджаўся. То ўрэшце двое “таварышаў” дэманстрацыйна ўсталі і вышлі з залі. Але песня засталася”.
Віктар Шалкевіч і Юрый Менько перад рэпетыцыяй юбілейнага паказу “Тутэйшых”
Грошы ў спектаклі – арыгіналы стогадовай даўніны
У тэатры тым часам усё гатова да спектакля. Дырэктарка Марыя Шабашова раскрывае некаторыя таямніцы імпрэзы. Будуць традыцыйныя кветкі і віншаванні, а таксама невялікі сюрпрыз для актораў – стэнды, дзе кожны ахвотны зможа напісаць свае пажаданні ім ці спектаклю наогул. Таксама пакажуць старыя афішы “Тутэйшых”.
Сучасная афіша спектакля
Падрыхтоўка да спектаклю вялікіх турбот не дастаўляе. П’еса ёсць у бягучым рэпертуары, усе пытанні вырашаюцца ў працоўным парадку. Спектакль ідзе даўно, таму вялікіх матэр’яльных затрат ужо не патрабуе, у такі перыяд асноўныя выдаткі складаюцца з аўтарскіх выплат і заробкаў персаналу. Хаця звычайна, удакладняе дырэктарка, лялечныя спектаклі больш дарагія, чым драматычныя, бо патрабуюць складаных дэкарацый, адмысловай працы са святлом, вырабу лялек і касцюмаў.
Марыя Шабашова, дырэктарка гарадзенскага тэатра лялек. Фота Сяргея Курыла
У майстэрні тэатра нас заверылі, што да юбілейнага спектакля даўно ўсё падрыхтавана і лялькі чакаюць свайго часу, каб выйсці на сцэну. “У працы з лялькамі, каторым шмат гадоў, ёсць свае асаблівасці, – кажа Ганна Равінская, мастак-канструктар тэатра. – Калі нешта адбілася, патрэскалася, то шпатлюем і фарбуем. Фарбы на ляльках старыя, такіх зараз няма. Прыходзіцца вельмі дбайна падбіраць колер, шмат фарбаў змешваць, каб супалі адценні”.
Мастак-канструктар Ганна Бараноўская за працай у майстэвні тэатра лялек
На сцэне ўжо ўсталявалі дэкарацыі і рэквізітар Святлана Макарчык рыхтуе лялек і ўсе астатнія патрэбныя рэчы да апошняй рэпетыцыі. Яна расказала, што грошы, каторымі карыстаюцца артысты ў спектаклі – самыя сапраўдныя, тагачасныя.
Рэквізітар Святлана Макарчык рыхтуе лялек да юбілейнага паказу спектакля
У якасці рэквізіту ў спектаклі “Тутэйшыя” выкарыстоўваюцца нават сапраўдныя грошы таго часу, пра каторы пісаў Янка Купала
“Улада змяняецца, а чалавек застаецца”
Аляксандр Цебянькоў, старшыня гарадзенскага аддзялення беларускага саюза тэатральных дзеячоў, разважаючы пра прычыны нязменнай актуальнасці спектакля, мяркуе, што ў “Тутэйшых” “людзі і зараз пазнаюць, і яшчэ доўга будуць пазнаваць сябе”. “Там артысты вельмі вольна сябе адчуваюць. Для мяне “Тутэйшыя” гэта актуальнасць і злабадзённасць тэмы памножаная на творчую свабоду”, – кажа ён.
Аляксандр Цебянькоў, старшыня гарадзенскага аддзялення беларускага саюза тэатральных дзеячоў
Аляксандр Ігнаценка лічыць, што спектаклю ўдаецца ад першых хвілін “перамясціць гледачоў у прапанаваныя абставіны п’есы, прымусіць іх разам з акторамі думаць, фантазіраваць і атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення”.
Сам рэжысёр, Мікалай Андрэеў, кажа, што цікавасць да спектаклю выклікае і сёння актуальная тэма ўнутранага канфлікту чалавека, каторы падстройваецца пад усіх і ўсё. “Улада змяняецца, а чалавек застаецца – што гэта з намі усімі робіць?”
Яшчэ адной тэмай, што не згубіла актуальнасці ад часоў Купалы, ён лічыць тэму “вечнага чыноўніка”: “Улады мяняюцца, а чыноўнік вечны. Хоць палякі, хоць чырвоныя – ён усё вырашае, ад яго ўсё залежыць”.
Мікалай шчыра прызнаецца, што 25 гадоў таму, калі ставіў спектакль, не думаў увогуле пра тое, як доўгім будзе яго век. Да гэтай пары ў гарадзенскім тэатры лялек ідуць і іншыя яго спектаклі, пастаўленыя ў той перыяд: “Прынцэса на гарошыне”, “Кот Васьма і яго сябры”, “Храбры кравец” ды іншыя. З успамінаў таго часу, звязаных з гэтым спектаклем, асобна выдзяляе хіба наказ рэктара Акадэміі мастацтваў, тэатральнага крытыка Анатоля Сабалеўскага: “Беражыце “Тутэйшых”!”.
Зараз берагчы гарадзенскіх “Тутэйшыя” асабліва важна, бо яны засталіся адзінымі ў краіне. Андрэева прасілі паставіць спектакль у Гомельскім тэатры, але ён не згадзіўся, бо разумее, што атрымаецца зусім іншы спектакль. “У сваім тэатры, дзе зараз працую, таксама яго не магу паставіць – не адчуваю патрэбных актораў, што змаглі б сыграць Купалаўскі гратэск “лёгка”. А ў Гродне ўсё атрымалася, здарылася. Як кажуць – Бог даў”.
Зараз “Тутэйшых” іграюць Юрый Менько Віктар Шалкевіч, Васіль Прабадзяк і Тамара Корнева. Гісторыя спектакля працягваецца. Фота Сяргей Курыла