Студэнт ГрДУ збіраецца выпускаць у Гродне “зялёныя паркоўкі” па 55 долараў

Не проста купіць, а вырабіць свае

 

Пасядзеўшы некалькі вечароў у інтэрнэце, Міхаіл знайшоў спосаб, які выкарыстоўваюць на Захадзе. Там на траву зверху кладуць адмысловыя газонныя краты, якія дазваляюць паставіць машыну не шкодзячы раслінам. Студэнт адразу паставіў задачу не проста купіць гэтыя краты, а зрабіць свае, бо ён вучыцца на кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Купалаўскага універсітэта. Заручыўшыся падтрымкай загадчыка кафедры і дэкана факультэта, студэнт прыступіў да рэалізацыі ідэі.


– У каманду я ўзяў аднагрупніка Аляксея, бо, як той казаў, “адна галава добра, а дзве лепш”. Каб вырабіць нашую “зялёную паркоўку” неабходна падабраць правільны матэрыял, які будзе ўстойлівы да атмасферных з’яў, – кажа Міхаіл. У апошнія дні лістапада хлопцы правялі першыя выпрабаванні абранага матэрыялу. Таксама ім трэба вырабіць прэс-форму для ліцця пластмасы і дамовіцца з прадпрыемствам наконт вытворчасці. Акрамя гэтага трэба атрымаць адпаведныя дакументы для продажу парковак у Беларусі.

Міхаіл і Аляксей на ІнвестУікэндзе ў Гродне


На чарговым IнвестУікэндзе падтрымалі праекты звязаныя з экалогіяй


Кошт аднаго паркавальнага месца – каля 55 долараў

 

Студэнты праверылі розныя матэрыялы на расцягванне і сцісканне з дапамогай разрыўной машыны ІР 50447-50 на базе Факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Усіх тонкасцей Міхаіл распавядаць не збіраецца, але запэўнівае, што вынікі станоўчыя. У хуткім часе ён правядзе яшчэ некалькі тэстаў, пасля чаго можна будзе канчаткова абраць матэрыял.

– Па нашых разліках, для запуску вытворчасці неабходна каля 10 тысяч долараў. Кошт аднаго парковачнага месца будзе складаць прыблізна 55 долараў. Для параўнання, цана асфальтаванага машына-месца – прыкладна 600 долараў. То бок, танней у 10 разоў, выкарыстоўваецца другасная сыравіна, што дазволіць разгрузіць палігоны цвёрдых бытавых адкідаў, а яшчэ захаваюцца зялёныя зоны.


Першая паркоўка з’явіцца на дачы Міхаіла

 

Для вырабу пробнай паркоўкі будзе выкарыстаны кампазітны матэрыял на аснове другаснай сыравіны. Які менавіта – Міхаіл трымае ў сакрэце, бо, па яго словах, зараз востра стаіць праблема абароны інтэлектуальнай уласнасці. Ён прыадкрывае таямніцу, кажучы, што будзе выкарыстоўваць адходы з поліэтылену. Акрамя даўгавечнасці, матэрыял мае і іншыя плюсы: устойлівасць да хімічнага ўздзеяння, ультрафіялетавага выпраменьвання і нізкіх тэмператур.

 

Найперш Міхаіл плануе абсталяваць пробную паркоўку ў сябе на лецішчы, каб усё праверыць “на уласнай шкуры”.

Міхаіл на ІнвестУікэндзе

 

За апошні час студэнт выступіў са сваім праектам на форуме Саюзнай дзяржавы, а таксама на гарадзенскім ІнвестУікендзе. Але там сур’ёзнай падтрымкі хлопец не знайшоў.

 

Першае фота: sterling16.ru