Спецыялісты вывучаюць схіл Замкавай гары, які можа пагражаць Старому замку апоўзнем

Расколіны ў сценах пашыраюцца

 

Сур’ёзныя даследаванні схілу пачаліся яшчэ ў 2007 годзе, за гэты час некаторыя расколіны на сценах замка павялічыліся на некалькі сантыметраў. Схіл працягвае паўзці, і калі яго не ўмацаваць, то можна страціць страціць замак, лічаць супрацоўнікі мiнскай арганізацыі.

 

– Мы падмуркі не вывучалі, імі займаюцца археолагі. Але звярніце ўвагу, якія расколіны на сценах замка. Наша задача даследаваць грунт. Ужо потым збіраюцца ўсе паказанні і ідзе поўная справаздача аб праблеме. Зыходзячы з гэтага праекціроўшчыкі робяць высновы. Магчыма, давядзецца ўзмацняць схіл ці ствараць новую апорную сценку, – кажуць спецыялісты. Паводле іх, сур’ёзную праблему ствараюць і грунтовыя воды.

 

Карані дрэў – выратавальнікі замка?

 

Першы вядомы нам апоўзень на Замкавай гары адбыўся ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У 1864 годзе пасля залевы пачаліся апоўзні і абвалы ўзгорка.

 

Некаторыя працы па ўмацаванні схілаў Новага і Старага замкаў пачаліся ў 20-х гадах XX ст. Але 14 красавіка 1927 адбыўся чарговы апоўзень на схіле гары і ў двары замка. Ён ледзь не пазбавіў жыцця салдата, які знаходзіўся ў тым месцы. Хлопец цудам пазбег смерці, павісшы на калючым дроце агароджы падворка. Тады ўтварыўся яр пяціметровай глыбіні, які пагражаў далейшым спаўзаннем зямлі са схілу. Праз год схілы ўмацавалі і высадзілі там дрэвы ў надзеі, што ў будучыні іх карнявая сістэма прадухіляць апоўзні.

 

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны савецкія ўлады працягнулі азеляняць Замкавую гару. Але ў пачатку XXI стагоддзя на схiлах высеклі ўсе дрэвы.

 

Каб захаваць замак, набярэжную могуць перабудаваць

 

Пра тое, што стан схілу гэта сур’ёзная праблема, кажа і навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі замка Уладзімір Бачкоў. Але ён лічыць высаджванне дрэваў неэфектыўным сродкам. “Яшчэ пры рэканструкцыі набярэжнай я прапаноўваў змяніць трасу па выпуклай лінii, згодна з Замкавай гарой. Але ўсё зрабілі інакш. Цяпер гэтую праблему трэба вырашаць, будзем  шукаць спосабы. Магчыма, ўсё ж прыйдзецца папрацаваць з набярэжнай”, – кажа Бачкоў.


Зараз сканчаюцца працы над агульнабудаўнічай часткай праекта, якую трэба здаць у гэтым годзе. Кіраўнік праекта спадзяецца, што ў тэрміны ўдасца ўкласціся.

 

Колькі паверхаў меў Стары замак? Гісторыкі і архітэктары спрачаюцца пра рэстаўрацыю гродзенскага замка

 

“Калоны і іншыя дэталі проста выкінулі ў час рамонту”. Што знаходзяць археолагі на раскопках у Старым замку

 

Стары замак як Мекка для турыстаў: пра перспектывы рэканструкцыі разважалі ў Гродне