Дзед Мароз запрашае гарадзенцаў на “Навагодні прабег”

Асноўная дыстанцыя будзе складаць 4000 метраў, у ёй змогуць прыняць удзел усе жадаючыя, якія прад’явяць даведку пра стан здароўя. Другая дыстанцыя будзе на 400 метраў і да ўдзелу ў ёй дапускаюцца толькі тыя, хто будзе ў навагодніх касцюмах.

 

Ва Упраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама расказалі, што ўсе ўдзельнікі, якія пераадолеюць дыстанцыю, атрымаюць памятныя медалі. А пераможцы забегаў яшчэ і грашовыя прызы.

 

За першае месца сярод мужчын і жанчын прыз складзе 2 млн рублёў, за другое месца – 1,5 млн, а за трэцяе – 1 млн. Ва ўзроставых групах, якіх будзе 15, прызы складуць адпаведна 400, 300 і 200 тысяч рублёў.

 

Забегі пройдуць на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Нёман”.

 

Мерапрыемства практычна не будзе адрознівацца ад леташняга. Аднак магчыма, што ў гэтым годзе арганізатары будуць раздаваць удзельнікам бясплатны гарачы чай.

 

Асноўная падача заяўкі пройдзе ў дзень старту, 19 снежня, з 9.00 да 11.30. Пачатак забегу ў 12.00. Плануецца ўдзел больш за 200 чалавек, у тым ліку гасцей з блізкага замежжа.