Гарсвет рыхтуе на Савецкай новую ілюмінацыю. Яе аўтара ўжо звольнілі з працы

Металічныя аркі ўжо усталёўваюць ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна

 

Над гэтым праектам Канстанцін працаваў больш за чатыры месяцы. Некалькі гадоў запар яго працы радавалі гарадзенцаў у навагоднія святы. Напярэдадні гэтага Новага года дырэктар Гарсвета вырашыў больш не супрацоўнічаць з дасведчаным дызайнерам.

 

Канстанціна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта раскрыў таямніцу святочных інсталяцый журналісту “Твайго стылю”. Аднак ані знешні выгляд, ані асаблівасці канструкцыі арак мы на сайце не публікавалі. “Сакрэтныя” ілюмінацыі былі апісаныя толькі двума словамі – “інавацыйныя аркі”. Па просьбе Гарсвета гэтую інфармацыю прыбралі з сайта, але дызайнера ўсё роўна звольнілі.


– Не разумею, які сакрэт я мог раскрыць, бо кожны год даваў інтэрв’ю і газетам, і тэлебачыньню. А зараз, аказваецца, я раскрыў таямніцу, якой маглі б скарыстацца канкурэнты з Мінска і іншых абласных гарадоў. Крыўдна, вядома. Я працаваў і стаяў ля асновы рэкламнага аддзела, быў удзельнікам усіх навагодніх праектаў. А цяпер кіраўнік прадпрыемства выкідвае спецыяліста як адпрацаваную фурнітуру, пасля дзевяці гадоў працы, – расказвае Канстанцін. 

 

Звольніць дызайнера з-за таго, што ён раскрыў святочны сакрэт не маглі. Ён кажа, што кіраўніцтва знайшло іншую прычыну:


– На працы пусцілі чутку, нібыта я псіхануў і сам напісаў заяву. Але насамрэч было інакш: прыйшла юрыстка і паведаміла, што ад мяне чакаюць заяву аб звальненні, калі не напішу, то звольняць па артыкуле. Я напісаў заяву і сышоў. Цяпер кажуць, што я не выканаў указанні па мадэрнізацыі сайта, і таму мяне звольнілі. Але сайт быў абноўлены і цяпер ён лепшы за старонку Водаканала, якую мне прыводзілі ў прыклад.

 

Зараз Канстанцін шукае новае месца працы, дзе можна будзе рэалізаваць свой патэнцыял у творчым кірунку – у яго шмат задумак і праектаў. Яму ўжо паступаюць прапановы з Мінска і іншых горадоў. Працаваць “на дзядзьку”, кажа дызайнер, больш няма жадання.

 

Кожная арка – адзін год, адпрацаваны Канстанцінам у Гарствеце. Праходзячы праз іх, варта падумаць пра ўсіх людзей, што робяць наш горад прыгажэйшым, і падзякаваць ім