У Парыжы дамовіліся не падвышаць градус. Інтэрв’ю з удзельніцай кліматычнага саміту Настай Бекіш

На перыяд да 2020 года такім дакументам з’яўляецца Кіёцкі пратакол. 12 снежня 2015 года ў Парыжы ўзгаднілі наступную дамову: яе падпішуць 22 красавіка 2016 года, яна будзе дзейнічаць у 2021-2030 гадах. Дамова прадугледжвае сумесныя намаганні 196 краін для таго, каб стрымліваць рост глабальнай тэмпературы ў межах двух градусаў Цельсія і, па магчымасці, у межах паўтара градуса. Навукоўцы лічаць, што гэта дазволіць пазбегнуць найбольш небяспечных наступстваў у змене клімата.

 

Пытанні пра сувязь Парыжскага пагаднення з нашым штодзенным жыццём “Твой стыль” задае Насце Бекіш (на фота ніжэй), каардынатарцы клiматычнай кампанii таварыства “Зялёная сетка”. Нядаўна Наста вярнулася з Парыжу, дзе ў складзе дзяржаўнай дэлегацыі Беларусі удзельнічала ў канферэнцыі ААН па клімаце.

 

 

Бывае, мы з сябрамі дамаўляемся пайсці ў выходныя “на прыроду”, але ў дзень “Х” пачынаецца дождж. І гэта з’ява не залежыць ад нашых рашэнняў. Хіба з глабальным пацяпленнем не таксама? Хіба змены клімату залежаць ад нашых дамоваў?


– Тое, што чалавек уплывае на кліматычную сістэму планеты – навукова даказаны факт. Гэта прызнаюць на дзяржаўным узроўні ўсе 196 краін, што з’яўляюцца ўдзельніцамі канвенцыі ААН аб зменах клімату і ў будучыні – Парыжскай дамовы.

 

Змены клімату самі па сабе – натуральная з’ява, але тыя іх тэмпы, што мы назіралі ў ХХ і асабліва ў пачатку ХХІ-м стагоддзя – гэта па-за ўсімі натуральнымі межамі. Клімат змяняецца занадта імкліва і ў занадта пагрозлівых маштабах. Прычына гэтага – празмерна высокая колькасць парніковых газаў, якія мы “дадалі” ў кліматычную сістэму планеты ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці.

 

Калі мы дадалі – нам і прыбіраць, бо натуральныя паглынальнікі – лясы, балоты і, галоўным чынам, сусветны акіян, ужо не спраўляюцца і самі падвяргаюцца моцным зменам. Акіян, напрыклад, акісляецца і цяплее. Наступствы гэтых з’яваў шмат у чым непрадказальныя, але нам яны напэўна не спадабаюцца.

 

Пагадненне па клімаце акурат пра гэта – пра зніжэнне нашага ўздзеяння на планету праз змяншэнне выкідаў парніковых газаў, а таксама пра адаптацыю да тых наступстваў, якія ўжо назіраюцца і прагназуюцца на аглядную будучыню.

 

 

Ці ў Беларусі трэба будзе нешта змяняць у сувязі з новым пагадненнем? Можа, у нас усё дабра?

 

– Не, у нас не ўсё добра, хаця нашы выкіды складаюць даволі малую частку ў сусветным маштабе. Нават у адпаведнасці з абавязкамі, якія мы ўзялі на сябе на перыяд 2021-2030, нашы выкіды будуць расці. На гэты перыяд, да 2030 года, у прагнозах для Беларусі пакуль няма праходжання піка, пасля якога выкіды пойдуць устойліва ўніз. Нашы тэхналогіі ды інвестыцыйныя ўмовы не даюць магчымасці быць на ўзроўні сусветных лідараў па зніжэнні выкідаў – напрыклад, краін Паўночнай Еўропы. Сітуацыю можна значна палепшыць, але гэта патрабуе доўгатэрміновай, мэтанакіраванай і карпатлівай працы – пачынаючы ад стварэння заканадаўчай базы і заканчваючы выпраўленнем інвестыцыйнага іміджу краіны.

 

Ці адаб’ецца прынятае пагадненне наўпрост на кішэні дзяржавы і асобных грамадзян? Можа, праз гэта пагадненне падаражае праезд, вада, электрычнасць для насельніцтва? Ці “замежжа нам дапаможа?”

 

Усё наадварот. Зніжэнне ўздзеяння на клімат прадугледжвае ўмацаванне энергетычнай бяспекі: чым больш мы выкарыстоўваем аднаўляльнай энергіі, тым менш выкапнёвага паліва купляем у суседніх краін. Таксама гэта прадугледжвае сур’ёзную мадэрнізацыю вытворчасці – ад энергаэфектыўнасці да адпаведнасці тавараў новым патрабаванням па “кліматычнай сяброўскасці”. Таксама прадугледжваюцца станоўчыя змены ў іншых сферах жыцця – паляпшэнне тэхналогій па перапрацоўцы адкідаў, выкарыстанне сучасных метадаў вядзення сельскай гаспадаркі.

 

Усе гэтыя меры ў сукупнасці – дарога ў будучыню, а па нашым кашальку акурат ударыць бяздзейнасць. А што тычыцца “замежжа” – яно дапаможа, калі мы пакажам сябе ў якасці дамоваздольных партнёраў, якія хочуць і могуць працаваць. Першым доказам такой гатоўнасці да супрацы будзе стварэнне адпаведнай  заканадаўчай базы і здаровага інвестыцыйнага клімату ў краіне.

 

Так выглядае гарадзенскі “Азот” з боку мінскай трасы. Асноўную частку дымавых газаў разам з парам вады складае вуглякіслы газ, што спрыяе парніковаму эфекту. Фота Ірыны Новік

 

Ці прыняты дакумент абавяжа дзяржаву лепш кантраляваць выкіды прамысловых прадпрыемстваў? Напрыклад, нашага гарадзенскага “Азота?”


– Вядома. Сістэма справаздачнасці будзе дастаткова жорсткай, а кантроль дакладнасці дадзеных – строгім. Але тут трэба адзначыць, што  гэта тычыцца менавіта выкідаў парніковых газаў (СО2, метану і некаторых іншых газаў), а не наогул усіх прамысловых выкідаў у атмасферу. Новае пагадненне дапаможа зрабіць паветра ў Гродне чысцейшым, але ўсіх праблем не вырашыць.

 

Што можа зрабіць асобны чалавек, каб стрымаць глабальнае пацяпленне?


– Усе рэкамендацыі стандартныя і ўваходзяць у набор “экалагічна адказнага” чалавека. Часцей выкарыстоўвайце грамадскі транспарт і ровары, аддавайце перавагу цягніку, а не самалёту, калі гэта магчыма. Беражліва стаўцеся да рэсурсаў, у тым ліку да перапрацоўкі смецця. Купляйце мясцовыя прадукты і ешце менш мяса, бо прамысловая жывёлагадоўля – адна  з найбуйнейшых крыніц сусветных выкідаў, якая выдзяляе шмат парніковага газу – метану.