На навагодні “Прабег цвярозасці” ў Гродне чакаюць 100 удзельнікаў
Сёлетні навагодні прабег будзе ўжо другім, першы прайшоў у Гродне летась. Яго арганізатар, Дзяніс Шаўчэнка, расказвае, што спачатку проста выказаў ініцыятыву ў інтэрнэце, запрасіўшы ахвотных далучыцца. Кажа, што чакаў з дзясятак аматараў бегу, а прыйшло на акцыю пад сотню чалавек – стартавала больш за 60 бегуноў, астатнія склалі іх групу падтрымкі.
Першы навагодні прабег цвярозасці ў Пышках – на сцежку здароўя вышлі 60 бегуноў
Дзяніс расказвае, што мінулагодні арганізатарскі досвед стаў для яго вельмі пазнавальным. Напрыклад, ён нават не здагадваўся, што паклікаўшы людзей разам бегаць па сцежцы здароўя, ён стаяў на мяжы парушэння закона аб масавых мерапрыемствах.
“Як так, – шчыра абураўся Дзяніс у адказ на афіцыйныя запыты ад гарадскіх уладаў, – што за падвойныя стандарты? Чаму п’яныя могуць без дазволу збірацца ўначы пад елкай, а цвярозым прабегчы разам нельга?”
Аднак канфліктную сітуацыю змаглі вырашыць – атрымаўшы кансультацыю, Дзяніс напісаў патрэбны зварот у адміністрацыю і атрымаў дазвол на правядзенне першага гарадзенскага забега цвярозасці. Гарадскія ўлады са свайго боку таксама аказалі падтрымку – плату за прысутнасць на месцы старту хуткай дапамогі і міліцыі з Дзяніса не бралі.
Дзяніс Шаўчэнка – ініцыятар першага прабегу цвярозасці ў Гродне, прыхільнік здаровага ладу жыцця і бягун-аматар. Ён лічыць, што навагодні прабег цвярозаці гэта рэальны крок да здаровага ладу жыцця
Зараз да цвярозай ініцыятывы далучыліся таксама сацыяльны аддзел і дабрачыннае таварыства праваслаўнай царквы – яны ўзялі на сябе камунікацыю з уладамі, фінансавую падтрымку прызёраў і магчымасць пачаставацца гарачай гарбатай для групы падтрымкі. Суполка бегуноў-аматараў Run4fun паабяцала падтрымку ў вырабе памятных медалёў для ўдзельнікаў і пераможцаў забега.
Іерэй Павел Каспяровіч пад час выступу на прабегу ў Дзень горада. “Наша мэта – аб’яднаць людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця”, – кажа ён.
Гэтым разам арганізатары чакаюць на старце забегу не менш за 100 цвярозых гарадзенцаў. Менавіта столькі памятных медалёў ўжо замоўлена. Але калі ўдзельнікаў збярэцца больш, то медалі замовяць дадаткова і пазней перададуць ці вышлюць па пошце кожнаму, хто возьме ўдзел у прабегу цвярозасці.
У сусветнай практыцы прабегі ці бегавыя флэш-мобы таксама з’ява не рэдкая, але менавіта “за цвярозасць” замежнікі звычайна не бегаюць. Відаць, гэта праблема больш наша, постсавецкая – падобныя ініцыятывы можна сустрэць, напрыклад, у Кіеве і Пскове, дзе прабегі цвярозасці ладзяць рэгулярна.
Імя гарадзенскага спарцмена-гіравіка Яўгена Назарэвіча 10 разоў упісана ў кнігу Гінэса. А яшчэ – у спіс удзельнікаў навагодняга прабегу цвярозасці 2016
У нас, са словаў Дзяніса, быць цвярозым па жыцці і 1 студзеня ў прыватнасці, пакуль “не ў модзе”. Але і досвед мінулагодніх удзельнікаў акцыі, і пашырэнне кола арганізатараў паказваюць, што ў Гродне ёсць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, якім варта аб’яднацца для ўзаемнай падтрымкі. Дзяніс расказвае, што ў навагоднім забегу 2016 года возьмуць удзел гіравік Яўген Назарэвіч, аўтар пяці асабістых і пяці камандных рэкордаў кнігі Гінэса і кіраўнік фірмы 2КіК бягун-аматар Юрый Крупіца.
Аляксей Чамаданаў (злева) – кіраўнік руху Run4fun у Гродне і Юрый Крупіца, кіраўнік фірмы 2 КіК, бягун-аматар
Пра жаданне прабегчыся цвяроза з боку гарадскіх чыноўнікаў, медыкаў ці дзеячоў культуры пакуль нічога не вядома: “Можа, хто з вядомых гарадзенцаў і збіраецца далучыцца да прабегу, але пакуль не заявіўся, ці не хоча афішаваць сваю прыхільнасць да цвярозасці”.
Гарадзенскія актывісты здаровага ладу жыцця не збіраюцца абмяжоўвацца толькі навагоднім забегам. Ужо ў мінулым годзе такія прабегі ладзіліся на дзень горада і першамайскія святы. Плануецца, што спартыўныя мерапрыемствы для прыхільнікаў цвярозасці будуць праводзіцца і надалей, не менш чым тройчы ў год.
Прабег цвярозасці ў дзень горада – на старце паўсотні бегуноў
Тым, хто зацікавіўся цвярозай ініцыятывай і вырашыў пачаць Новы год з прабегу цвярозасці, трэба зарэгістравацца для удзелу ў акцыі. За бягучай інфармацыяй можна сачыць на старонцы прабега.
Чытай больш:
У Дзень горада самыя здаровыя гарадзенцы выйшлі на прабег цвярозасці
Аляксей Чэмаданаў: бег – нагода для радасці, марафон – філасофія жыцця
Марафон Сяброўства: праз адлегласць, межы і ўласныя стэрэатыпы
“Стылёвы бег” у Гродне: у Каложскім парку можна было пабегаць з Іванам Ціханам