“Мова” гатова – можна купляць і гуляць

З дапамогай сайта, дзе была арганізавана кампанія па збору сродкаў, было сабрана больш паловы неабходных рэсурсаў – 32,6 з  62 млн рублёў. Удзел у зборы ўзялі 122 чалавекі, з іх больш за 30 – з Гарадзеншчыны.

 

Зараз набыць гульню ў Гродне можна ў Краме “Ц”, ці зрабіць замову праз сайт крамы “Кубік”.

 

Са словаў Антося Янкоўскага, аднаго з аўтараў гульні, гэты праект задуманы найперш як адукацыйны, і мае на мэце пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў грамадстве праз гульнёвую практыку ў коле сяброў: “Гэта добрая падтрымка для тых, што вучыць мову і хоча добра размаўляць”. Для стварэння гульні выкарыстоўваўся матэрыял з заняткаў курсаў “Мова нанова”. Таксама Антось паведаміў, што пасля Навагодніх святаў пройдзе проматур для прэзентацыі гульні ў гарадах Беларусі, дзе працуюць курсы. На гэтых сустрэчах зладзяць гульнятэкі, каб падрабязней пазнаёміць з правіламі гульні, а таксама ўручаць падарункі тым, хто актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на выданне гульні.

 

У Краме “Ц” можна не толькі выбраць і набыць настолкі, але і пагуляць, каб на ўласным досведзе даведацца пра цікавосткі гульні і ўсвядоміць яе правілы. На фота Антось Янкоўскі тлумачыць правілы гульні “Мова”

 

Антось Янкоўскі распавёў і пра яшчэ адну навінку, што хутка чакае аматараў настолак – гэта гульня “Гаспадар Цмокаў”. На картках гульні ёсць толькі малюнкі, а правілы арганізатары напісалі на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. Таму ў гэту гульню могуць гуляць усе ахвотныя, незалежна ад мовы, на якой гавораць. Новую гульню беларускіх аўтараў, разам з яшчэ дзвума, што зараз ў распрацоўцы, плануецца прэзентаваць у канцы зімы, на фестывалі настолак у Маскве.

 

“Беларускія гульні не ўнікальныя, але па-свойму адметныя”. Другі фестываль “Игрокуб” прайшоў у Гродне