Гарадзенскі футбаліст Максім Вітус перайшоў у харвацкi клуб, каб атрымаць запрашэнне ў зборную

У мінулым сезоне Вітус згуляў за мiнскае “Дынама” 19 матчаў і адзначыўся двума галявымі пасамі. У Лізе Еўропы на рахунку абаронцы 10 паядынкаў і адзін гол у брамку іспанскага “Вільярэала”. Пакінуў сталічны клуб гарадзенец па заканчэнні кантракту.

 

Да пераходу ў “Дынама” Вітус абараняў колеры “Нёмана” на працягу трох гадоў. У апошнім матчы мінулага сезону гулец разам са сталічнай камандай выбіў гарадзенцаў з Кубка Беларусі. У пасляматчавым інтэрв’ю “Твайму стылю”, абаронца распавёў, што “Нёман” праклаў яму дарогу ў “Дынама” (за жоўта-зялёных Вітус правёў 79 матчаў і забіў тры галы). Зараз з мінскага клуба гарадзенец пераходзіць у больш моцны харвацкi чэмпіянат.

 

– Я хацеў прыняць новы выклік у сваёй кар’еры і менавіта таму перайшоў у “Спліт” – клуб, пра які я чуў шмат добрага. Пасля некалькіх сезонаў у Беларусі я хацеў пагуляць у Еўропе, “Спліт” зрабіў мне прапанову і я вельмі хутка пагадзіўся. Я спадзяюся сваёй гульнёй унесці ўклад у дасягненні клуба, а таксама заслужыць выклік у нацыянальную зборную Беларусі. Першыя ўражанні ад Спліту? Горад прыгожы і нашмат цяплей, чым у Мінску. Не магу дачакацца знаёмства з партнёрамі па камандзе, – расказаў Максім Вітус.