Перамога хакеістаў над “зубрамі” ў Гродне – падарунак начальніку на юбілей
Не прайшло і тыдня, як супернікі сустракаліся апошні раз. Тады ў Маладзечне гарадзенцы саступілі мясцовай камандзе з лікам 4:3, хоць і праявілі волю да перамогі.
Матч у Гродне стаў чымсьці падобным на гульню ў Маладзечне. Абедзве каманды прадэманстравалі добры хакей, вось толькі ў ролі даганяючых былі ўжо хакеісты “Дынама”. Калі ж на выездзе “Нёману” атрымалася закінуць тры шайбы, то ў Гродне “зубры” змаглі адзначыцца толькі адной шайбай ў канцы трэцяга перыяду.
“Нёман” – “Дынама-Маладзечна” 4:1 (0:0, 3:0, 1:1)
Галы:
21.04 1: 0 – А. Маляўка (Крыстэк, С. Маляўка)
32.21 2: 0 – Якімовіч (А. Маляўка, Крыстэк, – бол.)
34.04 3: 0 – Сцяпанаў (Ластавецкі, Міхайлаў)
47.44 4: 0 – Дадонаў (Чэравач, Лакканен)
56.17 4: 1 – Автаеў (Лопачук, Варывончык, – бол.)
Галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань пракаментаваў вынік сваёй каманды:
– Я хачу падзякаваць хлопцам за гульню, за набраныя тры ачкі. Было цяжка з пачатку і да канца, таму што тры гульні за шэсць дзён, але ўмовы для ўсіх роўныя. У першым перыядзе мы стварылі некалькі момантаў, але рэалізацыя не была такой, як мы хацелі. У прынцыпе, вырашылі зыход матчу ў другім перыядзе, а ў трэцім даў шанец пагуляць усім заяўленым гульцам, нават чацвёртай пары абаронцаў. У канцоўцы прапусцілі адзін гол у меншасці, на жаль для Макса Саманькова. А так вельмі добрая гульня была з нашага боку ў плане захавання тактыкі, схемы.
– Як ацэніце фінскіх пачаткоўцаў каманды – Лаканена і Рохтла па першых гульняў?
– Кожны з іх правёў па дзве гульні. Фінскія легіянеры адыгралі не лепш, чым хатнія гульцы. Трэба думаць – пакідаць іх ці не. У нас няма часу доўга за імі назіраць, наперадзе плэй-оф. У наступным матчы выставім іх на гульню разам, паспрабуем, паглядзім і будзем прымаць рашэнне.
Практычна ўся эліта горада прыйшла павіншаваць старшыню “Нёмана” з надыходзячым юбілеем. У дзень народзiнаў, 15 студзеня, у актавай зале Лядовага палаца адбудзецца ўшанаванне вядомай асобы беларускага хакею.
Праз два дні каманду Мілаша Голаня чакае сур’ёзны матч. Ці здолее “Нёман” абыграць “Юнацтва” даведаемся 16 студзеня ў Гродне.