“Нёман” пачаў год з паражэння ў Маладзечне

|

Пасля двухтыднёвага перапынку аднавіўся чэмпіянат Беларусі. За час адпачынку “Нёман” здолеў страціць і набыць двух нападаючых. Бажко і Куцэвіч адправіліся ў Польшчу ў хакейны клуб “Краковiя”. У Гродне паспрабавалі замяніць іх форвардамі з Фінляндыі, у якіх апошняя гульнявая практыка была ў Казахстане.

 

З трох праведзеных у гэтым сезоне гульняў супраць “Дынама”, гарадзенцы два разы ў сябе дома бралі тры ачкі і аднойчы прайгралі на выездзе. Абедзве каманды змагаюцца за трэці радок у турнірнай табліцы.

 

Пачатак суботняга матчу застаўся за гарадзенцамі. Чырвона-чорныя былі актыўнейшымі за суперніка і часцей атакавалі. Гаспадары, перачакаўшы шквал нападаў гасцей, таксама перайшлі ў атаку, дзе на 12-й хвіліне былы гулец гарадзенцаў Бадун вывеў “Дынама” наперад.

 

І ў другім перыядзе “Нёман” не саступіў суперніку, проста гаспадарам больш пашанцавала з рэалізацыяй. Другую шайбу гарадзенцы прапусцілі на 28-й хвіліне.

 

Трэці і вырашальны перыяд быў вельмі відовішчным, ён яўна спадабаўся заўзятарам абедзвюх дружын. За 10 хвілін да канца сустрэчы “Дынама” робіць лік 3:0, а праз 20 секунд і зусім 4:0. Хакеісты “Нёмана” адумаліся толькі за сем хвілін да фінальнага свістка. Тры шайбы, якія ўдалося закінуць камандзе Мілаша Голаня, не здолелі выратаваць гульні.

 

“Дынама-Маладзечна” – “Нёман” 4:3 (1:0, 1:0, 2:3)

 

11.13 1:0 – Бадун (Лопачук, Абмётка)
27.37 2:0 – Амбражэйчык (Феактыстаў, Лявонаў)
49.03 3:0 – Дрындрожык (Феактыстаў, Бадун)
49.21 4:0 – Сёмачка, (Мохар, Воранаў)
53.26 4:1 – Баярчук (Лісічкін)
55.46 4:2 – Касянчук (Сэман, Коршунаў, – бол.)
59.35 4:3 – Крыстэк (Баярчук, Касянчук)

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань пракаментаваў гульню:


– Гэта была гульня за шэсць ачкоў. Мы хочам быць у першай тройцы. Наперадзе ў нас цяжкі месяц. Кожны матч вельмі шмат значыць. Калі б мы забілі ў першыя дзесяць хвілін, то ніхто нічога б не сказаў. У нас было некалькі добрых галявых момантаў, але рэалізацыя гэтых момантаў вельмі-вельмі дрэнная. У некаторых нападаючых ёсць вялікія праблемы з тым, каб у такіх момантах забіваць. У другім перыядзе ініцыятыва была ў гаспадароў, а ў трэцім атрымалі два хуткія галы на контратаках. Папярэджвалі гульцоў аб тым, як гуляе “Дынама-Маладзечна”. Магу пахваліць каманду толькі за апошнія пяць хвілін, калі мы закінулі шайбы. Але гэтага вельмі мала. Таму і прайгралі.

 

У панядзелак, 11 студзеня, “Нёман” дома будзе прымаць “Металург”.


Фота hcdinamo.by