Выкарыстаныя навагоднія елкі ў Гродне практычна ніяк не перапрацоўваюцца
Елку можна выставіць каля пад’езду або смеццевых бакаў. У Гродзенскім камітэце прыродааховы кажуць, што яе забяруць работнікі ЖЭС і адвязуць ва УЖРЭП або САГ (Спецаўтагаспадарку) на паліва для цвёрдапаліўных катлоў. Ва УЖРЭП Кастрычніцкага раёна пацвердзілі: выкарыстаныя елкі ідуць на топку сушылкі для піламатэрыялаў. Як распавядае Крысціна Георгіеўна, старшы майстар дрэваапрацоўчага ўчастка УЖРЭП Кастрычніцкага раёна, у гэтым годзе елак амаль не прывозяць. Хоць два-тры гады таму іх было даволі шмат. Яна мяркуе, што ў гэтым годзе гродзенцы замянілі сапраўдныя елкі на штучныя.
У прыёмнай УЖРЭП Ленінскага раёна паведамілі, што елкамі не займаюцца: не збіраюць, не адвозяць і не прымаюць.
У гаспадарчым аддзеле САГ сказалі, што елкі на самай справе адпраўляюцца не да іх, а на палігон са смеццем.
Вялікія елкі з плошчаў, школ і дамоў культуры трапляюць у кацельні гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Валянціна Путра, начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю за абыходжаннем з адходамi, каментуе:
– Елкі павінны драбіць і спальваць – гэта вырашана на ўзроўні гарвыканкама. Так павінна быць, але мы не можам сачыць за тым, куды на самай справе яны адпраўляюцца. Гэта ўжо пытанне добрасумленнасці работнікаў.
У іншых гарадах елкі аддаюць у заапарк – кару ядуць алені, іголкі – страўсы. У Гродзенскім заапарку прапанове здзівіліся, але прынялі. Праўда, выкарыстоўваюць там елку не ў якасці корму, а ў якасці падсцілкі. Дрэва трэба толькі прывезці і аддаць вартаўніку на ўваходзе.
Народныя лекары кажуць, што іголкі лечаць мноства хвароб, у тым ракавыя. А дачнікі-аматары ўгнойваюць ёю расліны: робяць растворы і настоі, дадаюць іголкі ў глебу, прыкрываюць пасадкі галінкамі. Для кожнай культуры падыходзіць свой спосаб. У складзе ігліцы багаты комплекс фізіялагічна актыўных рэчываў і хімічных элементаў: кальцый, магній, марганец, медзь, кобальт, цынк.
Па дадзеных Міністэрства лясной гаспадаркі, у Беларусі за навагоднія святы прадалі 143 тыс. елак. Гродзенцы аддаюць перавагу штучным елкам. А эколагі заклікаюць купляць елкі ў кадках.
Фота Алены Майсюк