Гарадзенскi “Нёман” пакінула будучыня, але прыехала мінулае і сучаснае

|

Галоўная футбольная каманда горада ўжо тыдзень трэніруецца перад чарговым сезонам. 19 студзеня жоўта-зялёныя афіцыйна выходзяць з адпачынку. Гэта значыць, да трэніровак прыступаюць усе гульцы, якія будуць гуляць у новым сезоне.


Хто сышоў

 

Не абыйшлося ў адпачынку без страт. Каманда страціла аднаго з сваіх галоўных лідараў – Аляксея Лягчылiна. Гарадзенскі паўабаронца перайшоў у ФК “Мінск”. На працягу дзевяці сезонаў Аляксей годна выступаў у камандзе. Пачынаў ён свой шлях з юнацкай школы футбольнага “Нёмана” і дайшоў да асноўнага складу, у якім правёў 101 матч і адзначыўся 7 галамі.

 

Статыстыка футбаліста ў асноўнай камандзе:

2009 – 3 гульні
2010 – 21 гульня
2011 – 15 гульняў
2012 – 0 гульняў (сур’ёзная траўма)
2013 – 7 гульняў, 1 гол
2014 – 29 гульняў, 4 галы
2015 – 26 гульняў, 2 галы

 

Да гэтага часу не высветлены лёс камерунскага паўабаронцы Бебе. У футбаліста сур’ёзныя праблемы з папярэднім клубам, які мае на яго права. Сам Бебе не супраць вярнуцца ў Гродна, але, з яго слоў, пакуль гэта зрабіць нерэальна. Вядома, што галоўны трэнер “Нёмана” гатовы супрацоўнічаць з афрыканцам і далей.


Набыццё

 

Ёсць у камандзе і добрыя навіны. “Нёман” на днях папоўніць вядомы беларускі нападаючы Раман Васілюк. Чуткі аб пераходзе форварда апынуліся праўдзівымі. Зусім нядаўна Сяргей Саладоўнікаў заявіў, што для яго няма розніцы колькі гадоў футбалісту, галоўнае каб ён паказваў вынік. Нагадаем, Васілюку ўжо 37 гадоў.

 

 

Васілюк – першы беларускіх футбаліст, які забіў за кар’еру больш за 250 мячоў. Апошнія два сезоны ветэран правёў у брэсцкім “Дынама”. У мінулым годзе Васілюк у 24 матчах забіў 8 галоў і аддаў 4 галявыя перадачы.

 

Варта адзначыць, што ў абойме футбольнага клуба на дадзены момант будуць тры вядомыя сталыя нападаючыя: Кавалёнак (38 гадоў), Васілюк (37) і Канцавы (32). Застаецца пытанне пра маладых форвардаў “Нёмана”: Бомбеля і Журневiча. Іх лёс пакуль невядомы. Ёсць верагоднасць, што гульцы адправяцца ў арэнду.

 

Таксама вядома, што амаль усе леташнія гульцы працягнуць пагадненне з “Нёманам”. Гэта значыць, што ў гарадзенскай каманды ёсць усе шанцы на добры вынік у новым сезоне.