“Нёман” прайграў матч за шэсць ачкоў

|

Здавалася б, Мілаш Голань настроіць сваю каманду і абгуляе паўднёўцаў, тым больш пасля буйнога паражэння ў Жлобіне. Але пры роўнай барацьбе і мностве кідкоў, удача ўсё ж была на баку супернiка гарадзенцаў.

 

Варта адзначыць, што хакеісты “Нёмана” першымі адкрылі лік і ў першых двух перыядах выходзілі наперад, але не ўтрымалі сваю перавагу. А вось у трэцяй, вырашальнай дваццаціхвілінцы, закінуць удалося толькі гаспадарам, якія ў выніку і ўзялі тры ачкі ў матчы.  Варта адзначыць, што “Гомель” у гульні з “Нёманам” перапыніў сваю серыю паражэнняў.

 


“Гомель” -“Нёман” 4:2 (1:1, 1:1, 2:0)

 

Галы:

06.43 0: 1 – Касянчук (Казнадзей)
14.39 1: 1 – Мядзел (Равенка, Мусіенка)
24.01 1: 2 – Лісічкін (Якімовіч, Міхайлаў)
39.38 2: 2 – Глебаў (Саламонаў)
43.19 3: 2 – Хузееў
59.52 4: 2 – Брахманіс (Жыдкіх, Еронаў, – П.В.)

 

Традыцыйна, пасля матчу Мілаш Голань каментуе гульню сваёй каманды:

 

– Віншую “Гомель” з перамогай! З нашага боку – дзве розныя гульні на выездзе. У Жлобіне не было за што пахваліць каманду, але ў сённяшняй гульні, я б сказаў, гулялі выдатна. Па характары, па жаданні, па настроі – нічога не магу сказаць. Пачалі вельмі выдатна – закінулі першымі шайбу, так як мы і хацелі. Мы хацелі гуляць актыўна. Па-мойму, вырашальны момант – другая шайба, калі “Гомель” закінуў за 20 секунд да канца другога перыяду. Я думаў ужо, што ў гэтай гульні справядлівая была б нічыя, але асабістая памылка нашага нападаючага прывяла да трэцяга голу. Паспрабавалі гуляць амаль чатыры хвіліны без брамніка, але не пашанцавала. Прайгралі сёння матч за шэсць ачкоў, але яшчэ засталося шмат гульняў. Трэба думаць пазітыўна, не негатыўна. Гульні цяпер ідуць запар, хутка. Рыхтуемся да наступнай гульні адразу пасля гэтай.

 

“Гомель”, які зараз ідзе на трэцім месцы, усё далей адрываецца ад гарадзенцаў. Задача пастаўленая настаўніку “Нёмана” Мілашу Голаню – да плэй-оф быць у тройцы – яшчэ выканальная. Ці зможа з ёй справіцца чэшскі спецыяліст, даведаемся ўжо праз пяць матчаў. Наступным супернікам гарадзенцаў будзе грозны “Шахцёр”. Каманды сустрэнуцца 26 студзеня ў Гродне.