Як схадзіць зімой у паход. Парады ад гарадзенскага “Дзеда Барадзеда”
Адзенне
Адзенне мае важную ролю ў зімовым паходзе. Яно павінна быць зручных для руху, павінна добра адводзіць вільгаць ад цела, але захоўваць цяпло. На стаянцы лепш пераапрануцца, ці апранаць нешта яшчэ, бо рухацца прыйдзецца менш і цела стане выпрацоўваць менш цяпла. Класціся спаць у вільготнай вопратцы нельга. Адным з найважнейшых кампанентаў з’яўляюцца шкарпэткі. Кірыл, адзін з кіраўнікоў клуба, спіць у вельмі цёплых вязаных. Калі ўначы ногі будуць мерзнуць, то іх можна засунуць у заплечнік, альбо абматаць яшчэ чым-небудзь. Галоўнае, каб ногі былі сухімі і ў цяпле.
Рыштунак
Асноўны холад зыходзіць ад зямлі, таму неабходна добра ізаляваць чалавека ад яе. Калі чалавек ідзе ў паход падрыхтавана, то ён заўсёды будзе мець патрэбны рыштунак. Варта адзначыць, што яловы лапнік гэта добры ўцяпляльнік. Таксама турыстычны дыванок максiмальна добра ратуе ад холаду. Кірыл яшчэ выкарыстоўвае выратавальную коўдру, яна нічога не важыць, але добра абараняе ад любога ўздзеяння надвор’я. Вядома, важны спальнік. Ад яго будзе залежаць ваш сон, а значыць і колькасць сіл на наступны дзень.
Месца
Месца для стаянкі або начлегу павінна быць абаронена ад ветру. Яно не павінна быць далёка ад крыніцы вады. Калі вада знаходзіцца далёка, то пры наяўнасці снегу можна растапіць яго.
Агонь
Агонь – крыніца гарачай ежы і цяпла. Можна разагрэць вячэру на гарэлцы, але пагрэцца тады не атрымаецца. Існуе шмат “доўгаграючых” вогнішчаў. Кірыл і каманда аддае перавагу надз’і – доўга- і слабапалаючаму вагню, што складаецца ўсяго з дзвух бярвенняў. Таксама хлопцы робяць ахоўныя экраны ля вогнішча з лапніка і снегу. У такога вогнішча можна начаваць нават без палаткі – камфортна не будзе, але паспаць удасца.
Настрой і кіраўнік
Можна гаворыць яшчэ шмат, але галоўны фактар для зімовага паходу – настрой. У паход заўсёды трэба ісці ў добрым настроі, не баяцца ні холаду, ні чагосьці яшчэ, асабліва калі з табой правераная каманда. Ісці снегам цяжка, таму трэба пастаянна займацца спортам і сачыць за станам свайго арганізму. Не трэба геройстваваць, трэба выконваць правілы паводзін на лёдзе, у лесе, пры сустрэчы з дзікімі жывёламі, і проста ў любой сітуацыі заставацца чалавекам і дапамагаць тым, каму цяжэй.
У любым паходзе, любой катэгорыі складанасці, галоўнае – каманда, калектыў і кіраўнік. Таму што самы кароткі шлях можа быць далёка не самым простым і бяспечным. Як ісці, вырашае кіраўнік, таму важна, каб гэта быў вопытны і адукаваны чалавек.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Тэмпература ў паходзе “Дзеда Барадзеда” была -8 градусаў днём і -15 ноччу. Для хлопцаў гэта не праблема, такую вылазку яны называюць “паход выхаднога дня”.
– Але нават тут трэба дамаўляцца з мясцовымі аддзяленнямі аховы прыроды, мець пры сабе дакументы і аплачаную пошліну на ўваход у памежную зону. Трэба яшчэ быць падрыхтаваным, бо не кожны вытрымае зімовыя ўмовы.
Кірыл расказвае, што паход меў і гістарычную частку, якая скончылася на чыгуначным вакзале ў Парэччы.
– Для нас гэта нічога надзвычайнага, проста невялікі пазнавальны маршрут. Ён у нас традыцыйны, штогадовы і ім мы адкрываем новы турыстычны год. Каб было цікавей, я знайшоў шмат гістарычных матэрыялаў пра мясцовасць і на прывалах зачытваў хлопцам інфармацыю. Напрыклад, у нас мала хто ведае гісторыю Азёр, запаведніка, дзе знаходзіцца другая пасля Белавежскай пушчы папуляцыя зуброў.