“Залатыя рукі і бясконцая цярплівасць”. У Гродне калекцыянеры рэстаўруюць старыя аўто і рыхтуюць праект з Беластокам

|

Выдзеліцца з натоўпу, а не толькі выпрацоўваць навоз


“Рэтрааўтамабілямі займаюцца тыя, хто не шкадуе грошай, мае залатыя рукі і бясконцую цярплівасць”, – кажа Сяргей Мукасей. Ён кажа, што ў рэстаўратары патрапляюць людзі з “асобым менталітэтам” – тыя, каму не дастаткова ў вольны час сядзець ля тэлевізара ці пазіраць у акно. Радасць яны адчуваюць, калі ўдаецца паставіць на колы стары аўтамабіль, а не толькі “выпрацоўваць навоз” цягам цэлага жыцця.

 

 

Хаця хобі лёгкім не назавеш, аматары гістарычных машын не наракаюць. Бо праз цяжкую працу прыходзіць задавальненне і адчуванне, што жыццё напоўнена сэнсам. Маўляў, купіць аўтамабіль кожны можа, і сёння гэтым нікога не здзівіш.

 

“Каб выдзеліцца з натоўпу і праявіць сябе людзі чаго толькі не выдумляюць – нехта валасы ў зялёны колер фарбуе, іншы кола ў нос вешае, а мы – аднаўляем старыя машыны. Для калекцыянераў-рэстаўратараў гэта найлепшы сродак прадэманстраваць плён сваёй творчай натуры”, – кажа Сяргей.

 

Яго аўто ў стылі рэтра – гісторыя аднога рэстаўратара

 

Шматлікія ўзнагароды клуба сведчаць, што праца аўтарэканструктараў з Гродна вартая ўвагі і высока ацэнена 

 

“Аўта-мота-кіна-фота-теле-радаё-манцёр”

 

Сяргей акрамя рэстаўрацыі аўтамабіляў займаецца яшчэ і чэканкай, кавальствам, разьбой па дрэву і музыкай. Сваю прафесію ён пазначае не інакш, як “аўта-мота-кіна-фота-теле-радыё-манцёр” – бо патрэбнымі часта аказваюцца самыя разнастайныя веды і навыкі. Нават свой дом, кажа Сяргей, прыдумаў, намаляваў і пабудаваў сам – таму яго на вуліцы ні з чыім не зблытаеш.

 

Вольны ад рэмонту старых аўто час сябры клуба прысвячаюць сумеснаму адпачынку з музыкай у стылі рэтра. На розных музычных інструментах грае (ці вучыцца іграць) амаль кожны. Пачаткоўцам Сяргей прапануе асвоіць трубу


Сяргей Мукасей лічыць, што зараз людзі аддаюць перавагу адзіноце. Апасаюцца, калі хто лішні раз да іх у хату зойдзе. Ён са смехам распавядае пра сябра, які, стукаючыся ў дзверы, голасна папярэджвае: “Не бойся, гэта не госці!” Але сябе Сяргей называе чалавекам калектыву і дзень праведзены самотна лічыць выкінутым з жыцця. Таму і пачаў збіраць гарадзенскіх аматараў гістарычнай тэхнікі – такіх самых як ён, апантаных ідэяй аднаўлення машын.

 

Пачалі знаёмства і сумесны ўдзел у выставах і гарадскіх мерапрыемствах недзе з 2010 года. Зараз “касцяк” клуба складаюць каля 10 калекцыянераў, ды яшчэ з паўсотні “спачуваючых” ва узросце ад 13 да 75 гадоў. Разам і аўтамабілі да святаў і выставаў рыхтуюць, і адпачываць на пікнічкі выбіраюцца. “Едзем па гораду з гармонікам, трубамі, саксафонам – цэлымі  сем’ямі – ажно людзі азіраюцца”, – задаволена ўспамінае Сяргей.

 

Сумесныя пікнічкі і вечарынкі – магчымасць парадаваць сябе і блізкіх людзей, а заадно і паказаць гарадзенцам, як весела адпачываюць аматары рэтрааўтамабіляў

 

Разам з палякамі напісалі праект на еўрасаюзны конкурс

 

Важнай падзеяй для клуба Сяргей называе знаёмства з намеснікам дырэктара Цэнтра культуры Сяргеем Паповічам. У 2014 годзе той запрасіў рэтра-аўтамабілістаў узяць удзел у адкрыцці новай часткі вуліцы Курчатава, а пасля і дапамог з афіцыйнай рэгістрацыяй.

 

Калона рэтрааўтамабіляў клуба “Вінтаж” адкрывае рух па новаму ўчастку вуліцы Курчатава


Зараз суполка калекцыянераў-рэстаўратараў зарэгістравана ў якасці культурна-гістарычнага аўтамота клуба “Вінтаж” пры Цэнтры культуры Гродна. Тут яны маюць гаражы і майстэрні для сваёй працы. Новы статус клуба, кажа Сяргей Паповіч, дае права браць удзел у міжнародных выставах і афіцыйна прадстаўляць там краіну. Сумесная праца дае і клубу, і Цэнтру магчымасць супольна ўдзельнічаць у трансмежных праектах. Ужо зараз разам з польскімі партнёрамі з Беластока, музеем таварыства “Moto retro”, яны рыхтуюць заяўку на конкурс праектаў для стварэння ў Гродне выставачнага і сервіснага цэнтра рарытэтных аўтамабіляў.

 

Польскі калекцыянер вывез з Гродна рарытэтны мапед “Niemen”. Гарадзенцы змогуць пабачыць яго летам

 

І хаця пакуль сталай пляцоўкі для выстаў няма, гарадзенскім майстрам ужо ёсць што паказаць. У калекцыі Сяргея Мукасея захоўваюцца (і падтрымліваюцца ў добрым тэхнічным стане) адзіны на гарадзеншччыне аўтамабіль “ЗИМ” 1951 года выпуску, некалькі “Волгаў”, “Пабеда”, “Запарожац” “Масквіч 402” і “Масквіч-400”,  які, удакладняе Сяргей, насамрэч Opel.

 

“Гэты аўтамабіль яшчэ Сталіна памятае” – кажа Сяргей пра свой ЗИМ 1951 года выпуску


“ЗИМ” Сяргей некалі памяняў па аб’яве на свае “Жыгулі”, а “Масквіч”, такі самы як зараз набыў для клуба, быў яго першым аўтамабілем. “Каб ведаць наперад, то не прадаваў бы”, – жартуе Сяргей. Але заўважае, што для штодзённых паездак карыстаецца далёке не самым “рэтра” аўтамабілем – ездзіць на “народным” Volkswagen.

 

Рарытэтныя аўтамабілі, кажа Сяргей, зараз запатрабаваны як упрыгожванне жыцця. На іх часам любяць пракаціцца на вяселлі, ці замаўляюць, каб забраць дзіця з раддома.

 

Аутамабілі ў стылі рэтра ўпрыгожаць любое сямейнае свята – увага да падзеі ў такім выпадку будзе забяспечана

  

На такія машыны нават у шчыльным транспартным патоку звяртаюць увагу – прапускаюць, не падразаюць, “бібікаюць” ў знак прывітання. “Адчуваецца павага  людзей і ад гэтага радасна”, – дзеліцца ўражаннямі Сяргей. Ды і падтрымку рэтрааўтамабілісту ў любым горадзе знайсці можна. Паўсюль ёсць тыя, што разбіраюцца ў тэхніцы, а аматары старых аўто падтрымліваюць сувязь між сабой. Калі трэба – прыязджаюць на выручку. Знаёмствы застаюцца ад выставаў, з якіх SunDay AutoGrodno – адна з самых вядомых.

 

“SunDay AutoGrodno 2015”: ад бурлакоў на “Волзе” да электрамабіляў будучыні

 

 

Вясельная карэта гарадзенскага клуба “Вінтаж” на выставе Sunday-2015


Драўляная гармата клуба не пакінула раўнадушнымі гаражан пад час святкавання Дня перамогі. Выстава ладзілася на Савецкай плошчы ў Гродне

 

Не толькі аўтамабілі

 

Разам з аднаўленнем сапраўдных рарытэтных аўтамабіляў займаюцца аўтааматары і стварэннем прапатыпаў тэхнікі, што да нашых дзён не захавалася. Мінулым годам зрабілі драўляную гармату, а зараз збіраюцца стварыць самарушны экіпаж – “падобны на карэту, што запрагалі коньмі, толькі з рухавіком”. З  драўляных гістарычных механізмаў у калекцыі Сяргея пакуль ёсць толькі санкі, але ў планах клуба стварэнне тэхнікі па ўзорах канца ХІХ стагоддзя – матацыклаў  на драўляных колах і ровараў, што ў той час нават не мелі педаляў.

 

Драўляная тэхніка ў калекцыі Сяргея пакуль прадстаўлена толькі санкамі, але ў планах клуба ёсць і стварэнне прататыпаў ровараў і мапедаў на драўляных колах


Тады, расказвае Сяргей, паравая машына ўжо існавала, “чухала” з хуткасцю пяць кіламетраў на гадзіну, але давала чалавеку магчымасць ехаць.

 

Што да развіцця клуба, то Сяргей Мукасей лічыць неабходным “не адставаць ад саміх сябе, бо пераганяць пакуль няма каго” і запрашае ўсіх ахвотных далучацца да суполкі. “Не важна, – кажа ён, – маеце вы рарытэтную тэхніку ці не. Калі ёсць жаданне майстраваць і не страшна працаваць рукамі – тут вам заўжды будуць рады!”

 

Звязацца з кіраўніком клуба можна па нумары +375 29 784-59-06

 

Здымкі аўтаркі