У хакейнага “Нёмана” зноў праблемы: пятая параза запар

|

Чорная паласа гарадзенцаў пачалася акурат пасля папярэдняй перамогі над мінскай камандай. Тады падапечныя Мілаша Голаня выклаліся на поўную і далі сур’ёзны бой “Юнацтву”. Але пасля гучнай перамогі гарадзенцаў быццам падмянілі. На працягу ўсіх пяці матчаў у каманды няма гульні і амаль няма галоў. Не дапамагаюць і фінскія легіянеры, якіх яшчэ не факт, што пакінуць надалей.

 

У гарадзенцаў перад матчам у Мінску былі сур’ёзныя страты – траўмы атрымалі лідары каманды Крыстэк і Баярчук. Таксама трэнерскi штаб вырашыў даць магчымасць згуляць супраць грознага “Юнацтва” другому галкіперу каманды – Шэляпнёву.

 

Ян гуляў добра i амаль без памылак, але пяць шайб у яго брамку неяк паспелі заляцець. Гарадзенцы тым часам у кожным з перыядаў адзначыліся па шайбе, але гэтага было мала.


“Юнацтва” – “Нёман” 5:3 (1:1, 3:1, 1:1)

 

Галы:

05.12 1: 0 – Развадоўскі (Захараў)
09.01 1: 1 – Лісічкін (Касянчук, Сэман)
24.40 2: 1 – Абакунчык (Развадоўскі, Захараў)
26.38 3: 1 – Каракулько (Дзюкаў, Корса)
28.45 3: 2 – Дадонаў (Ягораў)
37.45 4: 2 – Радзінскі (Развадоўскі, Корса, бол.)
44.18 5: 2 – Пратасеня (Парфеявец, – бол.)
51.47 5: 3 – Сэман (Міхайлаў, Ластавецкі, – мен.)

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань заявіў, што яго камандзе проста не пашанцавала.


– У нас зноў былі вялікія праблемы са складам. Не гулялі Крыстэк, Баярчук, Лакконен. Гэта хакеісты, без якіх складана выстаяць супраць “Юнацтва”. Але хлопцы малайцы, змагаліся ад пачатку і да канца. Мы прайгралі толькі другі перыяд. Мелі моманты, але не пашанцавала. Аднак я рады, што пасля двух матчаў з “Шахцёрам”, калі мы не закінулі ні разу, сёння вызначыліся тройчы. Хоць і прайгралі, задаволены, што хлопцы паказалі характар. Вось толькі зрабілі грубыя памылкі, якія супернік выкарыстаў.

 

Наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 4 лютага. Супернікам чырвона-чорных будзе ХК “Гомель”.

 

Фота junost.org