У Гродне на адно працоўнае месца прэтэндуюць тры чалавекі
Новыя вакансіі з’яўляюцца штодзённа
Сярэднестатыстычны гарадзенскі беспрацоўны – 33-гадовы мужчына, які мае рабочую спецыяльнасць. Суадносіны беспрацоўных: 70% мужчын на 30% жанчын. За студзень 2016 года ў цэнтр занятасці звярнулася 685 чалавек, з іх 613 атрымалі статус беспрацоўнага.
– Сёння ў нас зарэгістравана 2464 беспрацоўных на 800 вакансій. Атрымліваюцца тры чалавекі на адно працоўнае месца, – кажа начальніца ўпраўлення працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Гродзенскага гарвыканкама Лілія Санюкевіч. – Усе вакансіі дадаюцца ў базу дадзеных і на сайт гарвыканкама. За студзень дадалося больш за 700 вакансій. У сярэднім у дзень з’яўляецца каля 25 новых.
Найменш – дворнік і педагог, найбольш – кіраўнік банка. Колькі каму гатовыя плаціць у Гродне
У цэнтры занятасці могуць навучыць, а могуць перасяліць у вёску
Cлужба занятасці акрамя спісу вакансій можа прапанаваць чалавеку, які атрымаў статус беспрацоўнага, бясплатнае праходжанне медкамісіі, а таксама навучанне па спецыяльнасцях: будаўнік, слесар, кіроўца пагрузчыка, цырульнік, кухар, бухгалтар і г.д.
– Мы даём магчымасць працаўладкавацца, але шмат залежыць ад жадання чалавека. Зараз 25% беспрацоўных складаюць людзі, якія працавалі на некваліфікаваных пасадах: падсобнік, вартаўнік і г.д. Менавіта з гэтай катэгорыяй ёсць пытанні, многіх даводзіцца адпраўляць на перападрыхтоўку, – кажа Лілія Санюкевіч.
Апошнім часам служба занятасці накіравала на навучанне больш за 150 чалавек. Дарэчы, самыя запатрабаваныя спецыяльнасці на рынку працы ў Гродне на дадзены момант адносяцца да бюджэтнай сфера і, у прыватнасці, медыцыны.
На Гродзеншчыне ёсць раёны з недахопам працоўных рэсурсаў. Гэта ў асноўным сельскія раёны. У пошуках працы можна туды перасяліцца, вакансіі там прадугледжваюць прадастаўленне жылля.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Прадпрымальнікі спыняюць працу, але ў цэнтр занятасці не ідуць
У параўнанні з іншымі катэгорыямі, прадпрымальнікі вельмі рэдка прыходзяць працаўладкоўвацца ў службу занятасці. У мінулым годзе спынілі дзейнасць ажно 2745 прадпрымальнікаў і толькі 113 з іх прыйшлі сюды шукаць новую працу. За студзень 2016 года ліквідавана 119 ІП, звярнулася за пошукам працы шэсць былых бізнесоўцаў.
Калі адны сканчаюць прадпрымальніцкую дзейнасць, то іншыя толькі пачынаюць. Служба занятасці накіравала групу беспрацоўных на навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці.
– Калі беспрацоўны ставіць перад сабой мэту заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, то ён можа прэтэндаваць на беззваротную субсідыю. Тэрмін навучання – два тыдні. Субсідыя складае 17,5 млн рублёў, але каб яе атрымаць, трэба падаць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне – бізнэс-план.