Дом, дзе будзе жыць мастацтва. У Гродне рыхтуюць да адкрыцця новую творчую прастору
Дапамагаць адзін аднаму развівацца
– Зараз цікавы час, калі розныя віды мастацтва змешваюцца. Будучыня ў тым, каб іх аб’яднаць, – кажа Жэня.
Ідэя стварыць праект, які аб’яднае творчых людзей, у Жэні з’явілася падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў.
– Разам з намі вучыліся дызайнеры і людзі іншых творчых прафесій. Я не магла зразумець, чаму нас не аб’ядноўваюць. Да канца навучання ў нас былі б гатовыя сумесныя праекты і карысныя кантакты са сцэнографамi, мастакамi ды музыкамi.
Напрыклад, адзін з гродзенскіх дыджэяў вучыўся граць хаўс. А ў ДОМе 46 вучаць танцу хаўс. Цяпер у час заняткаў хлопец грае музыку. Усе ў плюсе: удзельнікі танцуюць не пад запіс, а пад жывую імправізацыю, а музыка вучыцца граць на публіцы. А яшчэ на заняткі могуць прыходзіць фатографы і адточваць майстэрства. Так творчыя людзі дапамагаюць адзін аднаму развівацца.
На якім этапе зараз ДОМ 46?
ДОМ 46 ствараюць ужо год – з мінулага сакавіка. Ён месціцца ў падвале офіснага будынку па вуліцы Лелявеля, 46. Даход Жэня атрымлівае пакуль толькі за ўрокі танцаў. Каб аддаваць праекту больш часу, стваральніца ДОМа 46 перайшла на палову стаўкі на асноўнай працы – яна акторка ў Тэатры лялек. А калі ДОМ 46 запрацуе паўнавартасна, Жэня пачне працаваць на кантрактнай аснове.
ДОМ 46 яшчэ атрымлівае рэгістрацыю і дарабляе дзве залы: чорную (114 кв.м) і белую (65 кв.м). Чорную будуць выкарыстоўваць як тэатральную пляцоўку, а ў белай будуць праходзіць рэпетыцыі і лекцыі. Ужо гатовыя новыя распранальні, душавыя, вялікія люстэркі і крэслы. Каманда ДОМу 46 абяцае выконваць просьбы арэндатараў і выкладчыкаў. Напрыклад, набыць трыбуну ці дошку.
З плюсаў ДОМу 46 Жэня называе зручную паркоўку, хуткасны інтэрнэт, якасную падлогу, танныя камунальныя паслугі і зручнае месцазнаходжанне.
Што атрымае горад у ДОМе 46?
– Альтэрнатыву месцам, куды можна схадзіць, паслухаць, павучыцца. Атрымае свежасць, новыя магчымасці, новую пляцоўку для праектаў. У ідэале ДОМ 46 будзе працаваць з ранку да вечара. Днём там будуць урокі танцаў, лекцыі, спектаклі. Вечарам можна паказваць цікавыя фільмы, – расказвае Жэня.
Што там будзе праходзіць, залежыць ад прапановаў людзей. Пасля адкрыцця Жэня аб’явіць конкурс: кіраўнік праекту, які пераможа, будзе рэалізоўваць яго бясплатна. Гэта могуць быць урокі танцаў, школа дыджэінгу, шэраг лекцый – што заўгодна.
Іншыя заняткі і трэнінгі можна праводзіць па дамове арэнды. У ёй прапішуць усе моманты адказнасці, час і тэрміны. Кошт залежыць ад шматлікіх нюансаў і будзе вырашацца з кожным асобна. Улічваецца карыстанне гардэробам і душавымі, час арэнды – выходныя ці будні, раніца, дзень ці вечар, колькасць людзей.
У ДОМе 46 будуць праводзіцца платныя і бясплатныя мерапрыемствы. Жэня хоча знайсці спонсараў, якія дапамогуць фiнансава. Тады можна будзе прывозіць знакамітых выкладчыкаў і спектаклі.
У ДОМе 46 ужо праходзілі музычныя і паэтычныя вечары, заняткі дзіцячай эка-студыі, канферэнцыя TEDx, спектакль па п’есе Чарльза Букоўскі “Самая прыгожая жанчына ў горадзе”.
У планах – паўнавартасная школа сучаснага танцу
Асноўны напрамак творчай прасторы – танцы, бо Жэня сама танцуе і выкладае contemporary dance. Акрамя contemporary, у ДОМе 46 вучаць брэйкінгу, хаўсу, дэнсхолу і кантактнай імправізаціі. Магчыма, у ДОМ46 пераедуць заняткі капаэйры. У планах – стварыць паўнавартасную школу сучасных напрамкаў і сфармаваць прафесійную танцавальную трупу.
– Зараз з’явілася хваля цікавасці да contemporary dance. Гэтаму паспрыялі шоў на тэлебачанні. Тое, што паказана там – якасная папса. Наглядзеўшыся ТБ, людзі прыходзяць сюды і бачаць зусім іншае. Яшчэ праблема ў тым, што людзі хочуць хуткага выніку. А каб пачаць крута танцаваць, трэба займацца хаця б два гады.
Жэня займаецца з трыма групамі навучэнцаў: пачаткоўцамі, “прасунутымі” і дзецьмі 6-7 гадоў. Дзеці – гэта новае пакаленне, з якіх могуць атрымацца адданыя прафесіі танцоры. Заняткі каштуюць 300 тыс. за месяц (8 заняткаў). Хутка аб’явяць чарговы набор, бо групы пакуль няпоўныя.
У ДОМе46 будуць праводзіцца лекцыі пра гісторыю танца і яго родапачынальнікаў. Таксама навучэнцы будуць займацца стрэйчынгам, йогай і балетам.
Хто і як стварае праект?
Праз нейкі час у ДОМа 46 з’явіцца пастаянная каманда: адміністратар, PR-мэнэджар, фатографы, прыбіральшчык і выкладчыкі танцаў. А пакуль працуе некалькі чалавек: Жэня, якая кіруе працэсам, дызайнерка Наста Шастак, арт-мэнэджар Аляксандра Грыгаровіч, аператар Яна Царык. Усе яны жывуць у розных краінах і гарадах, але прыходзяць на дапамогу.
“Усе адгукаюцца на просьбу або становяцца дарадчыкамі і натхняльнікамі”, – кажа Жэня. Наста Шастак з Мінску стварае лога і афішы. Аляксандра Грыгаровіч з Мадрыду рэдагуе пасты суполкі Укантакце і арганізуе здымкі. Алена Бабіч, рэдактарка часопіса “Поколение”, піша тэксты і пасты ў суполку Укантакце. Сваю працу выконваюць фатографы Святлана Лебедзь і Аляксандр Пасечнік, аператар Яна Царык.
Што думаюць гарадзенцы пра праект ДОМ 46?
Яўген Кучмейн, праект .К:
– Мы зрабілі канцэрт у ДОМе 46, бо з Жэняй прасцей дамовіцца, вырашыць многія пытанні па арганізацыі. Яна неабыякавы чалавек, яна хварэе за культурнае жыццё горада. Больш выступіць няма дзе, бо ўмовы недазваляльныя для нас.
Мне па душы праект ДОМ 46. Ён рухае культурнае жыццё ў горадзе, і гэта не дзеля заробку. Там сфармавана дэмакратычная, спагадлівая і адкрытая прастора. Гэтыя тры пункты я для сябе асабліва адзначыў.
Святлана Лебедзь, вясельны і сямейны фатограф:
– Я пазнаёмілася з танцавальнай кампаніяй “Naчаlо” і пачала іх здымаць у 2014 годзе. Дарэчы, у чэрвені будзе фотавыстава. З танцорамі мы цесна сябруем, таму мяне запрасілі фатаграфаваць і ДОМ 46. Яны мне па духу вельмі блізкія, як блізкі танец і яго атмасфера. Мне цікава паказваць праз фатаграфію эмоцыі танцораў. Гэта зараджае.
Танец – гэта жыццё. “Калі не можаш нешта выказаць словамі, танцуй” – гэта маё любімае выказванне. Усе мы танцоры па жыцці. Танец гэта і фізічная нагрузка, і духоўнае развіццё. Я б параіла схадзіць на танцы для самаразвіцця і навучання. Да таго ж, у ДОМ 46 прыязджаюць паэты, акцёры, там збіраюцца творчыя людзі.
Кацярына Забеліна, стваральніца першага ў Гродне антыкафэ:
– Ідэя класная, вельмі патрэбнае месца для Гродна. Радуе, што тут адбываецца нешта цікавае і пазнавальнае. Спадабалася, што побач ёсць вялікая паркоўка, але калі вы на аўтобусе – нязручна, бо будынак далёка ад прыпынку. І месцазнаходжанне – за Нёманам, далёка ад асноўных тусовачных месцаў, крыху бянтэжыць. Я сачу за афішай Дома 46 і абавязкова схаджу на якія-небудзь мерапрыемствы. Лічу, што нашаму гораду проста неабходна абрастаць падобнымі ўстановамі, таму што з творчым вольным часам у Гродне трохі туга.
Аляксандр Цебянькоў, кіраўнік танц-тэатра “Галерэя”:
– Я падтрымліваў і працягваю падтрымліваць Жэню ў такіх пачынаннях, як ДОМ 46. Такія нефармальныя цэнтры павінны існаваць і даваць магчымасць людзям, якія не ўпісваюцца ў афіцыйную “культуру”, заявіць пра сябе.
Што тычыцца прафесійнай танцавальнай трупы і танцавальнай школы – гэта грандыёзныя планы! Іх я таксама падтрымліваю, яны і павінны быць грандыёзнымі! Вядома, гэта запатрабуе вялікіх намаганняў, але няма нічога немагчымага. Ці атрымаецца – толькі час пакажа. Галоўнае – захаваць веру ў ідэю, нягледзячы ні на што, і мець каманду аднадумцаў, здольных гэтую ідэю рэалізаваць.
Што тычыцца перспектыў – зноў жа, толькі час пакажа. Калі параўноўваць з Еўропай, дык там практычна ў любым горадзе, такім як наш па колькасці жыхароў, існуе як мінімум 10 кампаній сучаснага танца. І ўсе яны жывуць і развіваюцца!
Ганна Барадзіна, арганізатарка канферэнцыі TEDx у Гродне:
– Для нашага мерапрыемства там было аптымальна па размяшчэнні, плюс добрыя людзі і дэмакратычныя кошты. Камфортна і па-хатняму, у той жа час вельмі сучасна. У ДОМе 46 можна павучыцца быць адкрытым да новага і незвычайнага, сяброўскай атмасферы.