Чаго не хапае для развіцця турызму на Гродзеншчыне? Пяць праблем, без вырашэння якіх нічога не будзе

Праблема першая. Адсутнасць спрошчаных варыянтаў перасячэння мяжы з Польшчай і Літвой

 

Як мінімум з 2009 года вядуцца размовы то пра спрашчэнне памежнага руху, то пра малы памежны рух. Але гэтая справа не толькі не рухаецца наперад, але і набывае адваротны вектар. Самыя яскравыя доказы апошняга – спыненне руху цягнікоў у Кузніцу ды закрыццё пешаходных пунктаў пропуску.

 

Усё гэта падмяняецца некалькімі дзясяткамі веласіпедыстаў або байдарачнікаў штогод, якія перасякаюць мяжу ў рамках міжнародных праектаў. Для карцінкі ў СМІ гэта добра, а для развіцця даходнага турызму ў вобласці – гэта нуль. Між тым мы добра ведаем, як штурхнула развіццё турызму, скажам, на Львоўшчыне адмена ўязных віз для грамадзян Еўрасаюза. Але пытанне аб спрашчэнні перасячэння мяжы носіць ваенна-палітычны характар і ніякім чынам не залежыць ад абласных уладаў.

 

Чыноўнікі з Гродна і Аўгустова абмеркавалі магчымасці атрымання еўрапейскіх грантаў і перспектывы бязвізавага турызму

 

Праблема другая. Адсутнасць нармальнай, у першую чаргу гатэльнай, інфраструктуры

 

Пра тое, што гатэлі на Гродзеншчыне неапраўдана дарагія і недастаткова якасныя, гаварылася шмат разоў. Фактычна, па-за межамі Гродна ў нармальных умовах вялікую групу экскурсантаў можна размясціць толькі ў Лідзе. Ні Дзятлава, ні Навагрудак, ні Слонім такіх магчымасцей не даюць.

 

Прыстойны выгляд гасцініцы маюць толькі ў тых гарадах, якія зачапілі рэспубліканскія Дажынкі. У рэшце – старадаўнія скрыпучыя ложкі, паклееныя шмат гадоў таму шпалеры ды агульныя санвузлы на калідоры.

 

Не намнога лепш сітуацыя і ў Гродне. Такія гатэлі як “Славія”, “Сямашка” і “Нёман” не надта даступныя нават для польскіх пенсіянераў, не кажучы ўжо пра беларусаў. Неяк ратуюць становішча “Амега” і асабліва “Турыст”, але і іх праз нейкі час трэба будзе зачыняць на рамонт.

 

 

Таму сёння трэба, як мінімум, адрамантаваць коштам горада або вобласці гасцініцу “Беларусь”, а “Гродна” паспрабаваць хаця б бясплатна перадаць якому інвестару, бо ўжо ясна, што плаціць за яе ніхто не збіраецца. Гораду таксама патрэбныя хостэлы, але гэтая справа зусім не ідзе наперад, мабыць, з-за нейкіх юрыдычных момантаў.

 

Праблема трэцяя. Адсутнасць укладанняў у аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны

 

Няма сумніваў, што Гродзеншчына – самая багатая вобласць краіны на гісторыка-культурныя аб’екты, але тут за апошнія дзесяць гадоў рэалізавала найменш праектаў па аднаўленні старой архітэктуры.

 

Рэалізаваныя справы можна пералічыць на пальцах адной рукі – палац у Залессі, палац у Шчучыне ды дзіўная “рэстаўрацыя” Лідскага і Навагрудскага замкаў. А сталіца вобласці наогул можа пахваліцца бадай што толькі нядаўна адноўленай кірхай. Цэнтральны і самы важны, самы брэндавы аб’ект вобласці – Стары замак у Гродне – пераўтвораны амаль у руіну, хаця вобласць за 15 год магла б яго аднавіць і сваімі сіламі, не чакаючы міфічных залатых плыняў з бюджэту рэспублікі.

 

Палац Радзівілаў у Дзятлаве

 

Пра які турызм у вобласці можна гаварыць, калі “тварам” вобласці з’яўляецца будынак, найбольш падобны да старой казармы, чым да каралеўскага палацу. Што дзеецца па раёнах – не будзем і казаць. Слонімская сінагога, палац Радзівілаў у Дзятлаве, палац у Свяцку і дзясяткі іншых аб’ектаў у ХХІ стагоддзі не дачакаліся амаль ніякіх перамен.

 

Праблема чацвёртая. Адсутнасць роўнага доступу да замежных грантаў у дзяржаўных арганізацый і недзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў

 

Мы час ад часу чытаем у СМІ пра гранты на сотні тысяч еўра, якія былі патрачаны на стварэнне веладарожак у Гродне і ваколіцах або на развіццё водных шляхоў Гродзеншчыны ці нешта яшчэ падобнае. Як правіла, у якасці рэалізатараў такіх праектаў фігуруюць адны і тыя ж дзяржаўныя масіўныя структуры, у якіх толькі бюракратычны апарат “з’ядае” большую частку гэтых грантаў. А невялікія недзяржаўныя грамадскія аб’яднанні да ўдзелу ў падобных праектах не дапускаюцца, паколькі лічацца ненадзейнымі ў, так бы мовіць, ідэйным плане.

 

Між тым, высокакваліфікаваныя спецыялісты з гэтых арганізацый маглі б за мінімальныя сродкі істотна прасунуць наперад многія сферы развіцця турыстычнай справы. Як вынік, рэалізацыя міжнародных грантаў зводзіцца да намаляваных на асфальце “веладарожак” і гучнай справаздачы ў СМІ, што мы, аказваецца, маем у горадзе амаль паўнавартасную веласіпедную інфраструктуру.

 

Праблема пятая. Незацікаўленасць мясцовых органаў улады ў развіцці турыстычнай інфраструктуры і захаванні цікавых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны

 

Прыкладаў такой безгаспадарлівасці можна прывесці безліч. Калі нейкі цікавы аб’ект: маёнтак, мураваны склад або млын, не ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, то ён, хутчэй за ўсё, будзе бязлітасна зруйнаваны мясцовым калгасам або сельсаветам у рамках так званага добраўпарадкавання.

 

Напрыклад, мінулай восенню знеслі стогадовы склад у маёнтку Белыя Балоты зусім недалёка ад таго самага Аўгустоўскага канала. Ужо некалькі гадоў цягнецца безнадзейная гісторыя з выстаўленнем на аўкцыён маёнтка ў Кашубінцах каля Скідзеля. З шыкоўнага драўлянага будынку паспелі пакрасці ўсе печы ды невядома для чаго знялі частку даху і ён так “перазімаваў”.

 

Маёнтак у Кашубінцах

 

Чаму так адбываецца? Адказная асоба працуе па прынцыпу “баба з возу – каню лягчэй”, таму сельсавету ці калгасу заўсёды прасцей знесці староцце ў рамках “добраўпарадкавання”, чым займацца бюракратычнымі пытаннямі з выстаўленнем аб’екта на аўкцыён.

 

Па гэтай самай прычыне фактычна нічым не скончылася ініцыятыва віцэ-прэм’ера Тозіка, які некалькі гадоў таму запатрабаваў ад чыноўнікаў спісы цікавых аб’ектаў, што можна было б прапанаваць інвестарам.

 

Першае фота: Сяргей Плыткевіч