Бізнесмена Андрэя Паўлоўскага памілавалі. Ён заплаціў дзяржаве 20 млн долараў

|

Бізнесмена і сенатара Андрэя Паўлоўскага, заснавальніка гродзенскай кампаніі “Біякам”, затрымалі ў канцы кастрычніка 2015 года. У лістападзе паведамлялася, што ён знаходзіцца пад хатнім арыштам. Бізнесмена вінавацілі ў нявыплаце падаткаў на 144 млрд рублёў пры пастаўках харчовых дабавак, ветэрынарных прэпаратаў, а таксама матэрыялаў і тэхналагічнага абсталявання для аграпрамысловага комплексу.

 

Пяць фактаў пра затрыманага КДБ гарадзенскага топ-бізнесоўца Паўлоўскага

 

У КДБ адзначылі, што злачынная схема рэалізоўвалася па ініцыятыве кіраўніцтва групы кампаній “Біякам” з задзейнічаннем шэрагу падкантрольных замежных камерцыйных структур з васьмі краін. “Пасля прыбыцця прадукцыі ў пункты мытнага афармлення Беларусі прадстаўнікі злачыннай групы ажыццяўлялі замену міжнародных таварасуправаджальных дакументаў (інвойсаў) на фіктыўныя. Адпраўляльнікамі замест фірм-вытворцаў пазначаліся падкантрольныя афшорныя кампаніі, а цана тавару павялічвалася да трох разоў.

 

На ўнутраным рынку ўказаныя тавары прадаваліся прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу з мінімальнай гандлёвай надбаўкай, што дазваляла зламыснікам заяўляць пра мінімальныя даходы і тым самым выплачваць сумы падаткаў толькі з нязначнай часткі рэальнага прыбытку. Асноўная частка вярталася ў замежнай валюце за мяжу”, – тлумачылі ў ведамстве.

 

Па словах крыніцы TUT.BY, якая пажадала застацца ананімнай, Паўлоўскага “выпусцілі, каб ён кіраваў прадпрыемствам, запусціў завод і шукаў грошы для пакрыцця шкоды дзяржаве ў поўным памеры”.

 

Раней кампанія “Біякам” распаўсюдзіла паведамленне аб тым, што затрыманне Паўлоўскага можа негатыўна адбіцца на працы 700 прадпрыемстваў Беларусі. Там таксама нагадалі, што бізнесменам былі ініцыяваныя і сёння рэалізуюцца “тры маштабныя інвестыцыйныя праекты”. Праекты па будаўніцтве завода па перапрацоўцы сыроваткі і выпуску сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату, а таксама завода па выпуску дзіцячага харчавання знаходзяцца ў высокай ступені завершанасці, сказана ў паведамленні.