“Укладвацца можна ў любога гарадзенскага мастака”: гродзенскія галерэі расказваюць пра мастацтва
Галерэя Тызенгаўза
“Гродна ў культурным плане – пацалаваны Богам горад. У нас, па мерках Беларусі, найбольш цудоўных, цікавых мастакоў. Нягледзячы на тое, што ў Мінску засяроджанне навучальных устаноў, Гродна застаецца на першым месцы па колькасці талентаў. Укладваць грошы можна ў любога гарадзенскага мастака”, – перакананая Вольга Бабінская, дырэктарка Галерэі Тызенгаўза.
Крызіс – не лепшы час для мастацтва. Лепей прадаюцца недарагія працы самадзейных мастакоў, якія пасуюць пакупніку па цане. Вольга заўважыла, што часцей гарадзенцы выбіраюць рэалістычныя працы.
“Хаця, за 15 гадоў маёй працы спажывец вырас у мастацкім плане. Раней працы самадзейных мастакоў былі найбольш папулярнымі, а цяпер людзі захапляюцца працамі знакамітых прафесіяналаў. Бо карціна – гэта ў першую чаргу ўражанні, якія ты ад яе атрымаў”, – кажа Вольга.
Самая дарагая карціна ў Галерэі Тызенгаўза – “Радасць быцця” Васіля Касцючэнкі за 2300 долараў. Добра прадаецца львоўскі мастак Алег Гіжы. Яго карціны “Дама з сабачкам” і “Ранішняя кава” каштуюць 15,6 млн рублёў. Таксама Вольга назвае Пятра Янушкевіча, які стварае якасныя працы і атрымлівае ўсё больш увагі.
Васіль Касцючэнка, “Двое”
“Варта адзначыць Валянціну Шобу, якая нядаўна атрымала прэмію Тэйлара ў Парыжы. Не думаю, што пасля прэміі яе працы моцна падымуцца ў кошце. Яна ж разумее, якая сітуацыя ў краіне. 14 красавіка ў яе будзе выстава ў нашай галерэі”, – працягвае Вольга.
Валянціна Шоба, “Без названия”
Уладзімір Пазняк, Вольга Бухоўка, Аляксандр Балдакоў – гэта тыя мастакі, якія былі маладымі і “стрэлілі” 10 гадоў таму. Першая выстава Уладзіміра Пазняка і Аляксандра Балдакова прайшла ў Галерэі Тызенгаўза яшчэ ў час іх навучання ва ўніверсітэце. “Хочацца бачыць 20-гадовых мастакоў, якія падаюць надзеі. Раней мы бачылі, хто са студэнтаў вылучаецца, у каго ёсць іскра і цікавасць да прадмета. Зараз такіх няма. У наш універсітэт набор невялікі, выкладчыкі скардзіліся, што людзей бяруць літаральна з вуліцы”, – кажа Вольга.
Гарадзенскага мастака Аляксандра Балдакова ўзнагародзілі прызом у 7000 еўра ад Белгазпрамбанка
Вольга ўпэўнена, што немагчыма спрагназаваць, у каго з маладых мастакоў варта ўкладваць грошы і хто “стрэліць”. Але абавязкова павінны скласціся тры фактары: талент, працаздольнасць і ўдача.
Уладзімір Пазняк, выстава ў арт-галерэі “Крыга”
“Трэба больш прывабліваць насельніцтва да мастацтва. Правабліваць і прапагандаваць. Моладзь павінна больш наведваць выставы і галерэі. Тры галерэі – гэта мала для Гродна, але шмат адносна іншых абласных цэнтраў. Разам мы вядзем велізарную асветніцкую працу”, – мяркуе Вольга.
Галерэя “У Майстра”
У галерэі “У Майстра” набываюць працы ўсіх аўтараў – кагосьці больш, кагосьці менш, кажа дырэктарка Анжаліка Купрыянік. Сярод іх Валянціна Шоба, Андрэй Радыёнаў, Сяргей і Андрэй Уткін, Валер Малочка, Ігар Кебец, Аляксандр Васілевіч, Валеры Стратовіч. Кошты пачынаюцца ўжо ад 500 тыс.
Валеры Стратовіч, выстава ў арт-галерэі “Крыга”
Менш гарадзенцы набываюць графіку. Бяруць, што каму падабаецца: экспрэсіянізм, нацюрморты, пейзажы. Гарадскія пейзажы вельмі папулярныя сярод турыстаў. Ім хочацца ўзяць з сабой кавалачак горада, таму такі жанр заўсёды запатрабаваны. У пейзажах можна вылучыць мастакоў Валера Малочку і Аляксандра Васілевіча.
У тым, што ўкладваць грошы можна ва ўсіх гарадзенскіх мастакоў, Анжаліка пераканана не менш за сваю калегу з Галерэі Тызенгаўза: “Карціны не абцяжараныя часам. Іх можна калекцыянаваць. Шмат карцін гарадзенскіх мастакоў знаходзіцца ў прыватных калекцыях за мяжой. Людзі з іншых гарадоў і краін прыязджаюць па іх сюды”.
З маладых мастакоў Анжаліка вылучае Ягора Шакаладава.
Ягор Шакаладаў
Галерэі існуюць, каб выхоўваць густ у падрастаючага пакалення, лічыць Анжаліка. Яна перакананая, што трэба выстаўляць больш працаў мастакоў з розных рэгіёнаў краіны.
Гродзенская выставачная зала
У Гродзенскай выставачнай зале на продаж прадстаўлена 160 работ. Большасць з іх – карціны менавіта гарадзенскіх мастакоў.
“Пра сярэдні і самы высокі кошт карцін казаць цяжка. Цана залежыць ад аўтара, формы і тэхнікі. Напрыклад, акварэль заўсёды будзе танней, чым масла”, – кажа ???.
Аляксандр Сільвановіч
Добра прадаюцца карціны Юрыя Якавенкі, якія мае сваіх прыхільнікаў. Набываць яго графіку лічыцца добрым густам. Таксама набываюць карціны Аляксандра Сільвановіча, Валерыя Шылы, Вікторыі Ільіной. Расходзіцца сумесны праект Анатолія Зельберга і Вацлава Рамашкі – гарадскія пейзажы са скураной асновы і дэкору. Гарадзенцы выбіраюць таксама сімпатычныя нацюрморты і пейзажы.