Апытанне “Твайго стылю”: Што чакаць ад “Нёмана” у новым сезоне? (меркаванні экспертаў)

|

Але перад тым як даведацца пра меркаванне экспертаў, прапануем звярнуць увагу на некаторыя факты ад нас.

 

За перыяд міжсезоння Сяргею Саладоўнікаву ўдалося захаваць практычна ўвесь асноўны склад сваёй каманды, за выключэннем Лягчылiна. На месца паўабаронцы адбор праходзілі многія, але лепшым атрымалася замацавацца і падпісаць новы кантракт з клубам. Савасцьянаў, Бебе, Кавалюк і Дурай, Менавіта гэтыя футбалісты змогуць замяніць Лягчылiна ў асноўным складзе. У папярэднія сезоны ў гарадзенскай камандзе практычна не было каму забіваць. Сёлета выбар у Сяргея Саладоўнікава як ніколі вялікі. У яго распараджэнні як маладыя, так і дасведчаныя нападнікі.

 

Яшчэ летась “Нёман” меў самы маленькі бюджэт з усіх каманд у Вышэйшай Лізе, у гэтым годзе жоўта-зялёныя ўвайшлі ў чацвёрку каманд з самым высокім бюджэтам. Кіраўніцтва каманды паабяцала зрабіць усё магчымае, каб не затрымліваць зарплаты гульцам, а гэта і ёсць адзін з самых галоўных сучасных матыватараў. Будуць грошы – будзе гульня. А будзе гульня – будуць і гледачы. Але нягледзячы на абяцанні, не варта забываць, што на гарадзенскім клубе “вісіць” яшчэ вялікі доўг у 8 млрд рублёў.

Сяргей Гаўрыцкi, спартыўны аглядальнік і карэспандэнт БЕЛТА

 

– Адкрыццяў вялікіх ад цяперашняга “Нёмана” не чакаю. Выдатна, што захавалі склад, добра, што прайшлі перадсезонку без зрываў, скандалаў і нерваў. Не вельмі добра, што склад ужо ўзроставы, нават пачаткоўцы, накшталт Васілюка і Дурая, не самыя маладыя ў футболе людзі. Шкада, што таварыскія матчы прайшлі міма Гродна. Складана меркаваць пра камандзу, калі не бачыў ніводнай гульні. Таму старту чэмпіяната чакаю з нецярпеннем. Калі казаць пра месцы, то, улічваючы сітуацыю ў чэмпіянаце ў цэлым, “Нёману” па сілах быць у верхняй частцы табліцы. А пры пэўнай долі шанцавання і зачапіцца за тройку. Чаму б не? Склад сыграны, дасведчаны, галоўнае, каб сіл хапіла. Ну і шмат што будзе залежаць ад старту ў чэмпіянаце. Калі папрэ спачатку, то ўсё будзе добра. Галоўнае, каб наша група атакі ўзгадала, як забіваць галы, а то мяркуючы па перадсезонцы, дзесьці яны гэта ўменне разгубілі.

 

Раман Алешка, спартыўны аглядальнік блога s13.ru



 

– Цяперашні стан справаў, на мой погляд, лепшы, чым у мінулых трох сезонах. Каманда змагла захаваць леташні склад амаль цалкам, плюс атрымалася ўмацавацца. Асноўная маса футбалістаў падпісала кантракты адразу пасля выхаду з адпачынку, што таксама з’яўляецца пазітыўным момантам. Спадзяюся, камандзе не спатрэбіцца шмат часу на разварушванне, бо футбалісты правялі многа матчаў у мінулым сезоне, і гульнявыя сувязі павінны быць наладжаны. Чакаю, што з першых тураў каманда пачне набіраць ачкі. Пры добрым раскладзе, месца 5-6, будзе выдатным вынікам.

 

Яўген Лебедзь, спартыўны аглядальнік  “Вечернего Гродно”


– Гэты футбольны сезон я ўпершыню за шмат гадоў не чакаю с вялікім імпэтам і ўвогуле адчуваю, што футбол у нашым горадзе губляе цікавасць. Упэўнены, што чарговы сезон будзе сціплым і прадказальным, а “Нёман” будзе змагацца за сярэдзіну табліцы.  На жаль, каманда не правяла ў Гродна ніводнай таварыскай сустрэчы, таму казаць аб тым, якім будзе склад і гульня вельмі цяжка. Дарэчы, упершыню за шмат гадоў каманда не гуляла у Гродна. Чаму? Гэта пытанне да кіраўніцтва. Паматяю 2005 год, калі некалькі тысяч заўзятараў прыйшлі ўзімку на таварыскую гульню супраць “Ягелоніі”. Зараз – нічога. 

 

У каманду прыйшлі хлопцы узростам за 30 гадоў. Навошта? Я не разумею. Праз год яны звольняцца і трэнеры будуць зноў шукаць такіх самых. Гэта і ёсць той план развіцця, пра які любіць казаць Саладоўнікаў?  Цікавая постаць Васілюка, славутага бамбардзіра  “Нёмана”. Яно так, але для мяне ён ніколі не стане гарадзенцам, сваім гульцом, колькі б добрага ён не зрабіў для “Нёмана” і я буду здзіўлены, калі аматары прымуць яго за свайго. У футболе павінна быць прынцыповасць. Калі яе няма і мы кожнага футбаліста з прынцыповых клубаў-супернікаў будем прымаць як шаноўнага госця, то ламаны рубель кошт нам і нашым гарадзенскім традыцыям.  “Неману” патрэбны свежыя сілы, новыя ідэі і новы подых. Без яго каманда і надалей будзе у застоі.  

 

Уладзімір Кульбіцкі, анлайн-аглядальнік “Прессбола”




– У цэлым, на фоне сітуацыі ў краіне і ў астатніх клубах – можна падумаць і аб задачах. Калі ў мінулым годзе дэвіз быў не да жыру, быць бы жывым, то цяпер справы здаюцца не такімі безнадзейнымі. Склад больш чым баяздольны, і як мне здаецца, задача атрымаць 5 месца – гэта не зусім той максімум, што можна выціснуць з каманды. Ці зможа гэта зрабіць Саладоўнікаў – пытанне іншае. Але, кожны раз на пачатку сезона хочацца верыць у лепшае. Мой прагноз – гэта 4-5 радок у табліцы.

 

Павел Кулік, прадстаўнік Клуба заўзятараў футбольнага “Нёмана”


– У гэтым годзе я чакаю ад футбалістаў самаадданасьці, якаснай гульні і месца не ніжэй за мінулагодняе 8-е. Склад у нас зведаў нязначныя змены: адзіная істотная страта – гэта Аляксей Лягчылiн, які пайшоў у ФК “Мінск”.  Затое шэрагі каманды папоўнілі Раман Васілюк, Арцём Васькоў, Андрэй Чухлей, Тарас Дурай і Кірыл Вяргейчык. У варотах канкурэнцыю Курганскаму складзе Уладзімір Жураў. Як бачым, па складзе каманда стала больш ўкамплектаванай. На кожную пазіцыю ёсць па 2 гульца, якія будуць канкураваць паміж сабой за месца ў складзе. У цэлым, у параўнанні з іншымі клубамі, наш “Нёман” знаходзіцца ў становішчы “вышэй сярэдняга”, але ўсё пакажа сезон, усё залежыць ад саміх футбалістаў. Калі сітуацыя складзецца ўдала, то наш клуб можа стаць канкурэнтаздольным ў барацьбе за высокія месцы ў табліцы.


Пачне Чэмпіянат гарадзенскі “Нёман” у Гродне матчам супраць “Граніту”.  Нядзеля, 3 красавіка ў 16:00.