“Палёгка” для гістарычнага цэнтра, або Давайце назавём вуліцу імем Grodno_Za!
Па Урыцкага і Гараднічанскай шмыгаюць і шмыгаюць чыноўніцкія легкавікі… Пакуль пройдзеш па гэтых фармальна пешаходных вуліцах, то дзясятак разоў прыціснешся да сцяны. А на Кірава, Маркса ды Сацыялістычнай проста суцэльнае пекла. Тратуары вузкія, паўсюль слупы ды знакі, толькі і паспявай ухіляцца ад выступаючых частак грузавікоў і аўтобусаў.
Насупраць турмы пастаянна тырчаць некалькі аўтазакаў, таму дарогу тут можна перабягаць амаль легальна, як ніяк міліцыянеры, якія ахоўваюць злачынцаў, маюць лэвэл вышэйшы за супрацоўнікаў ДАІ. Ды даішнікам тут і схавацца няма дзе, бо Гараднічанская таксама перагароджаная будоўляй. Таму толькі перабегшы на другі бок ад аўтазакаў, пешаходу трэба ізноў перабягаць Кірава, бо інакш далей па вуліцы не пройдзеш!
Прыкладна тое самае і на Карла Маркса. Каля знесенага дома №22 тратуар загарадзілі так, што трэба або перабягаць вуліцу, або вяртацца да скрыжавання з Сацыялістычнай – недзе каля сотні метраў. Нават па перагароджанай Савецкай пастаянна наярваюць розныя службовыя УАЗікі ды браневічкі інкасатараў. І тут пешаходу не расслабіцца. Можна лёгка трапіць пад колы, заслухаўшыся нашых бардаў, што стаяць насупраць “Штопара” ды побач з АВС.
Адным сказам – усё для аўтамабілістаў, ганяй сабе праз цэнтр, колькі хочаш. І Будзёнага пашырылі, і Віленскі завулак, і развязак нарабілі. А на Савецкай як можна разагнацца! Бяда, што грошай не хапіла на падземны пераход каля танка, каб і там без светлафораў праскокваць. А мост дык наогул песня. Нездарма арганізатары і рэалізатары яго рэканструкцыі ганаровымі грамадзянамі Гродна сталі.
Але вырашылі ўсё ж зрабіць палёгку гістарычнаму цэнтру. Амаль усе стаянкі ў горадзе платнымі стануць. І тыя, што на Віленскай, і каля сабора на Ажэшкі, і велізарная стаянка больш чым на 200 машын на Вялікай Траецкай. Мабыць, найбольшая ў гэтай частцы горада. Робіцца гэта, як афіцыйна паведамлена, для “зняцця транспартнай напружанасці з гістарычнага цэнтра”. А цяпер растлумачце мне, слабому розумам, як могуць платныя стаянкі “зняць транспартную напружанасць з гістарычнага цэнтра” Гродна?! Стане менш машын на Замкавай? Не, іх адназначна стане там толькі больш. Таксама больш іх стане ў дварах дамоў, у брамах, на газонах і ў іншых няправільных месцах. Менш ад гэтага машын стане ганяць па Кірава або Маркса, або зарульваць на Гараднічанскую ці Урыцкага? Таксама не!
Фотафакт: платная паркоўка на Віленскай пустуе з раніцы да вечара
Ясна, што на платных стаянках будзе цяпер дзве-тры машыны, як гэта ўжо паказала практыка. Ну заробіць стаянка якія чатыры-пяць мільёнаў на месяц – акурат гады за тры-чатыры тэрмінал, камеры і шлагбаўмы акупяцца. А там і новыя ставіць самы час прыйдзе.
І куды пасунуцца аўтамаблісты, ад якіх “знялі напружанасць”? Акурат у той самы гістарычны цэнтр. Напрыклад, на пакуль бясплатную стаянку ля сінагогі. Цяпер там і так не заўжды турыстычны аўтобус развернецца, а як сотня машын з-пад абухаўскай крамы сюды пераедзе, то адзінай прыстойнай турыстычнай стаянцы ў Гродне хутка прыйдзе капец.
Далей двары застаюцца. Але там ужо будуць чакаць супрацоўнікі ДАІ з эвакуатарамі на ўзбраенні. Яны ўжо гістарычны цэнтр у крыўду не дадуць і “знімуць напружанасць” па поўнай. Не заплаціш за стаянку звычайную – паедзеш на штрафную на спецыяльнай машынцы ці трактарчыку міліцэйскім.
Толькі вось што з таго гістарычнаму цэнтру, так і не зразумела. Хаця, можа, гэта толькі першы крок такі? Як напісала вядомая каментатарка гродзенскага блога S13.ru, якая хаваецца пад нікам Grodno_Za: “цэнтр Гродна не прызначаны для такой колькасці транспарта і я бы наогул зачыніла яго для ўезда аўтамабіляў”. І праўда – вось разумны чалавек! Магчыма і “прасуне” такое рашэнне ва ўладных кабінетах. Шкада толькі, што не працавала яна на адказных пасадах у бытнасць Уладзіміра Саўчанкі, калі Савецкую рэканструявалі і мільёны долараў бухалі, каб гэты транспарт у цэнтры надоўга замацаваць. Мо паўплывала б тады на суворага гродзенскага губернатара!
Але час ідзе, новыя людзі ва ўладу прыходзяць, прагрэсіўныя. Глядзіш і дажывем да пешаходнага цэнтра. Тады будзем пешшу блукаць па самай сярэдзіне Кірава або Маркса, прапускаючы рэдкія тралейбусы і адмахваючыся ад навязлівых інкасатараў, а якой вуліцы ў горадзе, самай пехашоднай і бяспечнай, дамо назву Grodno_Za!
Фота з сацсеткі Instagram