Замест страшнага двара – пляцоўка для адпачынку. Як Іван трапіў у праект “Горад”, каб зрабіць Гродна лепшым

|

Выбралі сярод сотні заявак

 

У сакавіку, за дзень да дэдлайна, у “Партале” праходзіла гарадзенская прэзентацыя праекта “Горад”, якую ладзіў “Твой стыль”. Тут Іван і сустрэўся з каардынатаркай конкурса, пасля чаго хутка напісаў і адправіў свой праект.

 

Сярод больш чым 100 заявак арганізатары выбралі 20 – як з маленькіх, так і з вялікіх гарадоў. Дзве заяўкі былі з Гродна.

 

Гарадзенка спрабуе адрадзіць дваравы баскетбол у сваім раёне

 

“Нас запрасілі ў Мінск на тыднёвае навучанне. На працягу пяці дзён мы вучыліся, праграма па правядзенні праектаў з нуля была вельмі насычаная і цікавая. Мы пазнаёміліся з аташэ амбасады Бразіліі, яна распавяла пра ініцыятыву Vulica Brasil, якую яны праводзяць – на адной з вуліц Мінска мастакі, у тым ліку з Бразіліі, малююць вялікія графіці. Мы сустракаліся таксама з дырэктарам першай беларускай краўдфандынгавай пляцоўкі ulej.by, ад якога даведаліся пра разныя нюансы”, – дзеліцца ўражаннямі Іван.

 

Пасля тыднёвага навучання ўдзельнікі вярнуліся ў свае гарады з хатнімі заданнямі. Гэта значыць, зараз яны павінны максімальна наблізіць рэалізацыю сваіх праектаў – час ёсць да 28-га красавіка – да гэтага дня яны павінны прадставіць прэзентацыі. Пасля ўдзельнікі ізноў паедуць у Мінск, дзе з 20 чалавек выберуць 10, а з іх – трох фіналістаў, паміж якімі раздзеляць грошы на рэалізацыю праекта. Агульны прызавы фонд – 50 млн рублёў.

 

Планы былі, а “Горад” іх стымуляваў

 

“Наш сацыяльны праект накіраваны на паляпшэнне тэрыторыі побач з нашым цэнтрам “Партал”. Там страшная будыніна – усё неакультуранае, непрыгожае, страшны фасад. Хутка будзе Фестываль нацыянальных культур, таму мы вырашылі, што ўсім будзе цікава, калі мы арганізуем камфортную пляцоўку для гараджан. Яна будзе бясплатная, там будуць столікі, каб гуляць у настольныя гульні, магчыма, вялікія шахматы ў чалавечы рост, магчыма, штосьці яшчэ”, – расказвае пра свой праект Іван.

 

 

У планах каманды “Партала” таксама намаляваць графіці на адным з будынкаў на падворку. У цэлым – стварыць камфортную пляцоўку з зялёнай тэрыторыяй і кветкамі, каб можна было прыемна правесці час, пачытаць кнігу. У перспектыве гэта будзе пляцоўка для летняга кіно.

 

Іван кажа, што праект “Горад” стымуляваў ужо існуючыя планы: “У мяне былі планы на гэтую тэрыторыю ды іншыя праекты па паляпшэнні нашага клуба, але не хапала часу, каб занімацца ўсім. Калі я прачытаў пра “Горад”, то падумаў, што можна паспрабаваць паскораць працэс”.

 

Даведацца, чаго хочуць гараджане

 

Вакол “Партала” збіраюцца ініцыятыўныя людзі, гатовыя паваланцёрыць пры рэалізацыі праекта. Як актыўныя жыхары Гродна, яны зацікаўлены, каб у горадзе ствараліся месцы, дзе прыемна праводзіць час. “Мы пастараемся прыцягнуць Гродзенскі зялёны партал, а таксама ВелаГродна – хочам тут паставіць велапаркоўку, бо паблізу нямя дзе паставіць ровар”, – кажа Іван.

 

Сярод першачарговых планаў – правесці апытанне сярод гараджан і даведацца, што яны хацелі б бачыць на пляцоўцы. “Парталаўцы” лічаць, што важна стварыць месца не толькі паводле іх прадстаўленняў, але і так, як хочацца ўсім. Па выніках з’явіцца прыкладны эскіз і будзем працаваць з ландшафтным дызайнерам. Таксама пачнуцца перамовы з адміністрацыяй і ЖЭСам, каб даведацца, што можна, а чаго нельга рабіць. “Гэтая тэрыторыя ўнесена ў план добраўпарадкавання – гэта значыць, мы можам нашыя спробы сумясціць з дзеяннямі ЖЭСа і сумеснымі сіламі рэалізаваць праект”, – тлумачыць Іван.

 

 

Колькі можа каштаваць праект, Іван пакуль не ведае, бо ўсё залежыць ад пажаданняў гарадзенцаў, памеру пляцоўкі, якой можна будзе заняцца і г.д. Актывісты будуць старацца прыцягнуць спонсараў: магчыма, нехта зможа даць расліны, нехта будаўнічыя матэрыялы.

 

Перамога – не галоўнае, бо “Горад” дае веды

 

У калег у Мінску Іван пабачыў шмат цікавых праектаў. У адным з іх прапануюць стварыць дзіцячы лабірынт у паркавай зоне, у іншым акцэнт на развіццё гарадскіх відаў спорту, такіх як паркур ці скейт. Былі таксама стрыт-арт праекты, у якіх фасады будынкаў прапануецца ўпрыгожыць малюнкамі з гістарычным кантэкстам. Быў праект “green work-out”, які садзейнічаў бы папулярызацыі спорту і аховы прыроды – стваральнікі хацелі сумясціць уборку тэрыторыі і паркур.

 

Праект “Горад” дае Івану перад усім веды. “Перамога не такая істотная, бо на курсе мы навучыліся, як шукаць грошы, як пісаць праект, як прыцягнуць валанцёраў, як весці перамовы, камунікацыю са СМІ. У час побыту ў Мінску арганізатары вельмі ахвотна давалі кансультацыі, лектары ахвотна вялі дыялог, з усіх бакоў была вялікая падтрымка. Каманда была прыязная, а супольная праца – прадуктыўная”, – узгадвае хлопец.

 

Самы просты спосаб дапамагчыма Івану і камандзе цэнтра “Партал” – паўдзельнічаць у іх апытанні і расказаць, якую пляцоўку вы хочаце бачыць у цэнтры Гродна.