Летуценнікі з заводу. Муж і жонка са Смаргоні вырашылі пабудаваць копію Крэўскага замка ў глухой вёсцы
Журналістка выдання «Твой стыль» адмыслова для часопіса «Імёны» з’ездзіла да зачараваных сваёй ідэяй летуценнікаў і даведалася, навошта ім у вёсцы спатрэбіўся замак.
Раней маляваў Ленінаў, а цяпер вырабляе сувеніры
– Катка клічуць Фелікс, – персанальна прадстаўляе свой выраб Сяргей, калі мы сустракаемся на руінах Крэўскага замка. – А з чаго ён зроблены можаш сказаць ?
– З нейкага жалеза, – я паціскаю ў адказ плячыма.
– Та-а-а-к. А дзе мы цяпер? – наводзіць туман суразмоўца, ужо з цяжкасцю стрымліваючы ўсмешку. Цікава пачынаецца інтэрв’ю.
– Ля Крэўскага замка.
– А вуліца якая тут, ну? – не супакойваецца Сяргей. Азіраюся вакол – адразу кідаецца ў вочы шыльда на бліжэйшым доме. Вялікія блакітныя літары паведамляюць: вуліца Дзяржынскага. Праз хвіліну смяемся ўжо разам: «Дык вось ты які, Жалезны Фелікс!» Дадаць застаецца хіба што «не пазнаю вас у грыме».
Падзеі, якія прывялі сям’ю Бандарэнка ў наваколлі Крэва, пачаліся яшчэ ў Светлагорску. Там Сяргей з Марынай сустрэліся і пажаніліся. Але ў 1986 годзе ад дома іх, як і многіх жыхароў Гомельшчыны, адарвала Чарнобыльская аварыя. Для сям’і Бандарэнка той дзень стаў асаблівым удвая, паколькі 26 красавіка – дзень нараджэння Марыны.
Перамяшчаемся у дом. Побач забіяцка брэшуць сабакі. Муж і жонка пускаюцца ва ўспаміны.
Сяргей і Марына распавядаюць, што, з’ехаўшы пасля трагедыі на ЧАЭС на Урал, праз год яны вярнуліся ў Беларусь. Кажуць, усё адно цягнула дадому.
У Смаргонь, успамінае Сяргей, ён трапіў ледзь не наўпрост з чаргі за вінаградам. Звыклыя да выпрабаванняў савецкія людзі, кажа, у чэргах тады не сумавалі: знаёміліся, размаўлялі, дзяліліся навінамі: «90-я ж былі на двары, трэба было круціцца! Вось людзі і даведваліся адзін у аднаго, каму куды падацца». Так Сяргей і даведаўся аб будаўніцтве трактарнага завода ў Смаргоні, вялікім наборы супрацоўнікаў і магчымасці атрымаць жыллё. І на завод яго ўзялі адразу. Праўда, не мантажнікам радыёапаратуры, згодна з кваліфікацыяй, а мастаком: «маляваць Ленінах», – жартуе ён. Аб’явы, плакаты, транспаранты – усё гэта на заводзе заўсёды рабілі ўручную, і Сяргей за гэта адказваў.
Зараз завод, дзе тады працавалі муж і жонка, называецца ААТ «Смаргонскі агрэгатны завод», хоць Сяргей з Марынай па-старому называюць яго трактарным. Марына працавала ў аддзеле працы і зарплаты, нават вышэйшую партыйную школу па кірунку ад завода скончыла. Так і жылі пяць гадоў. Потым, калі пачалася перабудова, сышлі ў рамесніцтва і прадпрымальніцтва: рабілі вырабы з дрэва. Нешта прадавалі ў Беларусі, нешта вазілі ў Расію. Пакуль мяжу з Еўропай не зачынілі, свае вырабы Сяргей нават у Вільню вазіў.
А некалькі гадоў таму Сяргей і Марына задумаліся пра тое, як жыць далей. Дзве дачкі выраслі і раз’ехаліся, ды і самім захацелася займацца любімай творчасцю, але не разрывацца паміж домам і вытворчасцю.
Сям’я прадала гарадскую кватэру, купіла дом у вёсцы Чухны – за два кіламетры ад Крэва. Сёння рамеснікаў з вёскі Чухны Сяргея Бандарэнку і яго жонку Марыну знайсці тут не складана. Мясцовыя падкажуць, што ў выходныя або святы яны стаць ля замка з керамічнымі, драўлянымі і металічныя сувенірамі – на радасць турыстам, якія прыязджаюць экскурсійнымі аўтобусамі ці прыватнымі аўто. А пасля працоўнага дня сям’я з Крэва едзе ў Чухны, у свой дом, дзе на плоце з сеткі вісіць шыльда: «Будуем копію Крэўскага замка ў вёсцы Чухны». Маштаб – 1:10.
Агулам, мара ў сям’і Бандарэнка нарэшце спраўдзілася – зараз і жыллё, і майстэрню Сяргей з Марынай маюць пад адным дахам і не могуць нарадавацца. Вынікі працы – творы майстроў, якія ведаюць цяпер у Вільні і Маскве, іх можна знайсці ў галерэях Гродна ці ў музеі Агінскага ў Залессі.
Мясцовыя жыхары: «Вяртаецца сюды жыццё!»
Крэўскі замак для сям’і Бандарэнка стаў блізкім ужо не толькі геаграфічна. Звыклыя да пытанняў турыстаў аб яго гісторыі, Сяргей з Марынай пачалі і самі мімаволі цікавіцца мінулымі падзеямі Крэўскай наваколля. Потым выпадкова пазнаёміліся з энтузіястамі-гісторыкамі, якія стварылі 3D-макет замка. Так і нарадзілася ідэя аднавіць даўнюю пабудову не толькі віртуальна, але і ў рэальнасці, хоць бы ў паменшаным відзе.
На ўлады, якія шматкроць змянялі адна адну за стагоддзі існавання замка, надзеі, па словах Сяргея, няма, таму ўсё трэба рабіць самім – інакш наогул страцім сваю гісторыю.
Тое, што вакол жывая гісторыя, Сяргей наогул, здаецца, гатовы паўтараць бясконца. Хвалюе яго, напрыклад, тое, што трыўмф Крэўскай уніі, якая у 1385 годзе замацавала ўмовы аб’яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы і зрабіла гарадок знакамітымі на ўсю Еўропу, усё больш сыходзіць у нябыт. Прычым нябыт гэты стал праяўляцца яшчэ з XVI стагоддзя – менавіта тады вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн абазваў Крэва горадам з «пакінутым замкам».
Так вось Крэва, можа, і стала горадам з «пакінутым замкам», а Чухны, каментуе Сяргей, будзе вёскай з адбудаваным!
Для мясцовых жа такая незвычайная актыўнасць ужо немаладых суседзяў падобная нашэсцю марсіян. Таму што ў самым Крэва ад велічы часоў знакамітай Уніі сёння і на самай справе амаль нічога не засталося. Са славутасцяў – касцёл ля дарогі, школа, магазін, які зачынілі, служба побыту, крыж на ўскраіне, разваліны сінагогі. Мінская траса засталася ў баку, аўтобус на Смаргонь ходзіць толькі двойчы ў дзень. Жыццё ў людзей тут ідзе сваёй чаргой, абцякаючы замак, што руйнуецца. Пра яго ўспамінаюць хіба што ў выходныя, калі сюды прыязджаюць турыстычныя аўтобусы, ды ў час пары летніх фестываляў.
3 align=”” alt=”кревский замок чухны” width=”720″ height=”438″ >
Мясцовыя жыхары, якіх тут засталося не больш за 20, не могуць нарадавацца , што цяпер будуць жыць побач з замкам
З мясцовымі жыхарамі ў сям’і Бандарэнкаў, аднак, удалося хутка пасябраваць. У вёсцы такім актыўным суседзям, ды і іншым «вяртанцам» з горада толькі рады. Кажуць, што з маладымі і працавітымі вяртаецца сюды жыццё, і ў вёскі з’яўляюцца шанцы захавацца не толькі ва ўспамінах.
З будаўніцтвам замка і тым, што ў вёску стануць прыязджаць турысты, старажылы звязваюць і надзеі на адраджэнне вёскі. Таму што цяпер дарога ў Чухны больш падобная на адзін з кірункаў на трасе Мінск-Вільня.
– Выбаіна на выбаіне, а ўсе выгоды цывілізацыі прадстаўлены толькі аўталаўкай, – дзеліцца са мной адзін з мясцовых мужчын.
2 align=”” alt=”кревский замок чухны” width=”720″ height=”480″ >
Быт вёскі Чухны
«Новыя» вясковыя, якія набылі сабе тут дамы не так даўно, Сяргея з Марынай таксама падтрымліваюць. Кажуць, што, купляючы старыя домікі ў закінутай вёсцы, і не меркавалі, што жыць будуць побач з замкам, хай і паменшаным. Абяцаюць і ў працы дапамагчы па-суседску. Збіраюцца разам рэстаўраваць вясковую вуліцу. Старажылы распавядаюць, што пад рэшткамі асфальту дарога яшчэ «за польскім часам» выбрукаваная выдатным брукам. Яе і збіраюцца агульнымі намаганнямі вярнуць да жыцця новыя вясковыя.
Бліжэйшы адміністрацыйны да Крэва цэнтр – горад Смаргонь. У 1960-80-я гады тут пабудавалі цэлы шэраг буйных прамысловых прадпрыемстваў. Першапачаткова завод, на якім працавалі Сяргей і Марына, прызначаўся для выпуску складаных вузлоў і агрэгатаў маркі «Беларус», але потым з- за недахопу фінансавання работнікаў сталі скарачаць. Паводле апошніх звестак, тут жыве крыху больш за 37 тысяч чалавек, у самым Крэве – крыху больш за 600 чалавек, у вёсцы Чухны наогул каля 20 чалавек. Сёння вызначальнымі відамі дзейнасці ў прамысловасці для мясцовых жыхароў стала апрацоўка драўніны і вытворчасць вырабаў з дрэва.
Адзін з суседзяў сям’і Бандарэнка, расеец, які нядаўна набыў дом непадалёк, кажа, што будзе прывозіць сюды ўсіх «задзёрганых» сяброў з горада. Вясковая цішыня і мастацтва, лічыць ён, – лепшыя лекі ад гарадскога стрэсу.
Бюракратычныя складанасці замка
Пад будаўніцтва «ўласнага замка» побач з участкам у Чухнах Сяргей і Марына выкупілі дадатковы кавалак зямлі. Тут свабодных плошчаў з лішкам. Хутка, аднак, высветліліся пэўныя складанасці – апынулася, што гэтая зямля можа быць выкарыстана толькі як прысядзібная гаспадарка. Будоўлю на ёй пачынаць не дазволілі.
1 align=”” width=”725″ height=”483″ >
Гаспадар дома паказвае месцазнаходжанне будучага замка – прама ў яго ў агародзе
Сяргей успамінае, што пачуў у адказ на сваё здзіўленне адмове нешта накшталт: «Калі зможаш па першым слове за суткі прыбраць з участка, то будуй». У адказ заставалася толькі пажартаваць.
– Сказаў, што ў такім выпадку пабудую замак на колах, а калі ўзнікнуць прэтэнзіі – завязу ў Літву.
Але жарты – жартамі, а закон – законам. Каб абысціся без парушэнняў, вырашылі будаваць замак у двары, дзе ў былых гаспадароў быў агарод і сад.
Праўда, бюракратычныя складанасці на гэтым не скончыліся. Пры атрыманні дазволу на будаўніцтва паўстала пытанне, як зарэгістраваць незвычайную будоўлю, бо замкаў на памяці мясцовых чыноўнікаў ніхто тут не будаваў.
– «Папяровыя складанасці», – кажа Сяргей, – былі ці не самым вялікім дэматыватарам у рэалізацыі мары. Аднак яны сталі і спосабам гартаваць характар.
Кампраміс у гэты раз, на шчасце, знайшлі. Па дакументах будучы замак завецца зараз «агляднай тэрасай». А калі ўсё будзе гатова Сяргей плануе зрабіць сапраўдную назіральную пляцоўку і памятны знак, куды будуць умураваныя два гербы – «Пагоня» і герб Польшчы «Арол». Як напамін пра Крэўскую унію.
Усё роўна пабудуем – засталося знайсці грошы…
Пачаўшы прыводзіць у парадак домік, гаспадары знайшлі ў падвале гармату. Сапраўдную «саракапятку» часоў Вялікай Айчыннай. Праўда, паржавелы ствол ляжаў асобна ад лафета без колаў. Сяргей жартуе, што гармата спатрэбіцца для абароны будучага замка, калі якія-небудзь чарговыя «татары» захочуць напасці.
А калі сур’ёзна, ужо ёсць задума, як зрабіць з яе арт-аб’ект для будучай галерэі. Пакуль жа абрысы мастацкай прасторы намечаны толькі збольшага – празрысты дах дае шмат святла, ад столі пакінулі толькі палічкі ўздоўж сцен. Іх Марына збіраецца ўпрыгожыць гаршкамі з ампельнымі памідорамі – каб зрабіць арт-прастору асаблівай і, у той жа час, карыснай для гасцей.
Сувеніры, якія вырабляюць Сяргей і Марына. На сядзібу можна будзе заехаць на майстар-клас па кераміцы або проста адпачыць на некалькі дзён, разбіўшы побач з замкам палаткі.
Засталося толькі знайсці на гэта ўсё грошы, усміхаецца Сяргей. Першапачаткова муж і жонка спадзяваліся, што атрымаюць на задумку еўрапейскі грант. Акурат у гэты час праходзіў адзін з конкурсаў праграмы ўстойлівага развіцця, і адным з прыярытэтаў быў Крэўскі кірунак. Сяргей з Марынай распавядаюць, што актыўна ўзяліся за распрацоўку плана праекта, ездзілі на семінары, кансультаваліся са спецыялістамі. Аднак падаць заяўку не атрымалася – у мясцовай адміністрацыі адмовілі ў рэгістрацыі юрыдычнай асобы, а гэта было абавязковай умовай конкурсу.
– Але мы ўсё роўна ад ідэі замка не адмовіліся. Вырашылі, калі не за год, дык за пяць, але ўсё роўна зробім, – Сяргей і праўда настроены рашуча.
Падказку, што шукаць дапамогу можна не толькі ў замежнікаў, далі гарадзенскія сябры з этнакрамы «Цудоўня». Яны распавялі Сяргею з Марынай пра магчымасць збору сродкаў праз «Талаку» – беларускую краўдплатформу. Сказалі, што і грошы ад грамадскасці на замак праз яе можна сабраць, і валанцёраў прыцягнуць.
Цяпер ужо створана старонка праекта. Тут можна даведацца, што адбываецца на будоўлі, і выбраць спосаб дапамагчы праекту.
Тэхналогію будоўлі Сяргей хоча пакінуць такой, як у замка сапраўднага. Гэта значыць, што шэрагі камянёў павінны чаргавацца з цагляным мурам. Самі цэглу – маленькія, нібы цацачныя прастакутнікі – рабілі з мясцовай гліны. З яе, па словах краязнаўцаў, выраблялі цэглу не толькі для Крэўскага, але таксама для Навагрудскага і Мірскага замкаў.
– Вось сябры дачок-студэнтак ужо збіраюцца стаць будаўнікамі і на летніх вакацыях узводзіць сцены Паўночнай вежы, – Сяргей радуецца як дзіця.
Сям’я Бандарэнка чакае дапамогі і ад іншых людзей. Больш за тое, усіх жадаючых падтрымаць праект матэрыяльна чакае своеасаблівы «абмен валюты»: на памяць аб ахвяраванні кожны атрымае пэўную «суму» ў мясцовых керамічных манетах – талерах.
0 align=”” width=”725″ height=”483″ >
Талеры, якія вырабляе Сяргей. Ён гатовы падарыць іх кожнаму, хто ахвяруе на будаўніцтва копіі замка
А самога шчодрага ахвяравальніка чакае куфар, годны таго, каб захоўваць у ім сапраўдныя скарбы.
Вось такі:
Сям’я Бандарэнка ўпэўненая ў галоўным: тое, што атрымаецца ў выніку, абавязкова спадабаецца і заезджым гасцям. Сяргей наогул лічыць, што аднаўленне маштабнай копіі замка ў ранейшым выглядзе можа не толькі стаць новай турыстычнай адметнасцю Крэва, але і падкрэсліць значнасць свайго сапраўднага двайніка.
Сяргей на крэўскіх руінах адчувае сябе як рыба ў вадзе
– Нават дарога паміж замкамі раскажа падарожнікам шмат цікавага пра гісторыю гэтага краю, – не сцішаецца ён. – Падчас першай сусветнай вайны прама праз Крэва ішла лінія фронту. Рэшткі нямецкіх дотаў стаяць у ваколіцах да гэтага часу. Адзін з іх быў прыбудаваны да замкавай сцяны, другі апынуўся ў агародзе суседняга дома, многія стаяць у палях. Праўда, цяпер некаторыя доты калгас выкарыстоўвае ў якасці бульбасховішчаў.
А яшчэ сярод мясцовых да гэтага часу пераказваецца, як хадзілі «да Ганса» мяняць хлеб на тушонку і бачылі там і вадаправод і нават электрычнае атапленне.
З больш даўніх часоў захоўваюцца легенды аб мясцовых ведзьмарах, што загаварылі валуны вакол Крэва, каб выратаваць гарадок ад чумы. Кажуць, зрабіць гэта атрымалася, і менавіта таму незвычайную чысціню вады ў мясцовых рачулках – Краўлянцы і Шляхцянцы – адзначае нават сённяшняя санстанцыя. Суседнюю вёсачку мясцовыя паміж сабой, дарэчы, называюць Турцыяй.
– Дык чаму б не расказваць усе нашы цікавыя легенды падчас падарожжа ад замка да замка? – задаецца пытаннем Сяргей.
Сабраныя сродкі (55 млн рублёў) пойдуць на будаўніцтва Княжацкай вежы, заліванне падмурка для ўсяго замка, назіральнай пляцоўкі, памятнага знака, прысвечанага Крэўскай уніі, а таксама для закупкі будматэрыялаў. Усё, што будзе сабрана звыш гэтай сумы, пойдзе на будаўніцтва Паўночнай вежы: яе чатырох сцен, добраўпарадкаванне знешняй тэрыторыі і ўнутранага двара. Ужо зімой у планах Сяргея Бандарэнкі – зрабіць баявыя галерэі на ўсіх сценах. Будзе рады Сяргей і проста дапамозе будматэрыяламі. Для будаўніцтва замка ў мініяцюры, які будзе памерам 80 кв.м., патрэбныя, у першую чаргу, цэгла, грунт, бетонамяшалкі і г.д.
А пакуль ідзе збор рэсурсаў, самі гаспадары таксама часу не марнуюць. У пачатку красавіка высадзілі вакол будучай будоўлі дрэвы. Воддаль – елкі з бярозамі, бліжэй да замка – хвоі. Сяргей хоча паспрабаваць фармаваць іх кроны накшталт бансай, каб дрэўцы падыходзілі па памерах да паменшанай копіі замка.
Сяргей развітваецца са мной на тым жа месцы, дзе мы і сустрэліся. Кот Фелікс загадкава ўсміхаецца у след. Выходзіць і Марына.
– Хочацца пабудаваць замак, каб сучаснікі на ўласныя вочы ўбачылі, якім ён быў. Раз сапраўдны замак стаіць стагоддзі, то і наш такім будзе! – усміхаецца Сяргей. – Ну а калі атрымаецца талакой Крэўскі замак адбудаваць, то глядзіш, і за Навагрудскі ўзяцца можна! Я гатовы.